«Другі легіён». Што за беларускую вайсковую часць ствараюць ва Украіне

У структуру хочуць набраць некалькі сотняў ваяроў з вузкімі спецыяльнасцямі. Сюды ўжо перайшлі некаторыя былыя каліноўцы і добраахвотнікі палка «П*гоня». Але гісторыя можа і не адбыцца, адзначае «Н*ша Ніва».

Фота з асабістага архіва Яўгена Міхасюка

Фота з асабістага архіва Яўгена Міхасюка

Новая часць — гэта так званы «Другі легіён» у складзе Узброеных сіл Украіны. Ім кіруе ўкраінец, палкоўнік Руслан Мірашнічэнка. Ён мае досвед работы з рознымі замежнікамі, у тым ліку англамоўнымі. Раней ён фігураваў у замежнай прэсе як «кіраўнік замежных добраахвотнікаў».

Служыў ён у кіраўніцтве асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння імя Івана Багуна, званне палкоўніка атрымаў нядаўна.

«Другі легіён» быў створаны напачатку снежня 2022-га. Дэталей стварэння мала, кіраўніцтва з меркаванняў бяспекі пакуль не размаўляе з журналістамі.

Можна меркаваць, што «Другі легіён» стаў вынікам сустрэчы галоўнакамандуючага ўкраінскай арміяй Валерыя Залужнага з падпалкоўнікам Валерыем Сахашчыкам, прадстаўніком па пытаннях бяспекі і абароны Аб'яднанага пераходнага кабінета.

Назначэнне ўкраінца камандзірам — зразумелы ход, таму што беларусы не могуць мець афіцэрскіх званняў і, адпаведна, кіраваць вялікімі злучэннямі ва УСУ.

Апроч беларусаў, у складзе «Другога легіёна» прысутнічаюць байцы іншых нацыянальнасцей.

Часць — магчымасць для пераходу ў яе тых беларусаў, якія былі не задаволены станам рэчаў у іншых беларускіх падраздзяленнях. Паколькі беларусы ва Узброеных сілах Украіны — добраахвотнікі, яны больш патрабавальныя да ўмоў, тактыкі і стратэгіі, чым украінскія вайскоўцы.

Адзін з байцоў, які далучыўся да новай часці — 28-гадовы Яўген Міхасюк. Ён быў адным з першых беларусаў, хто запісаўся ў тэрытарыяльную абарону адразу пасля пачатку вайны.

Пасля хлопец трапіў у полк Каліноўскага, але адтуль сышоў у снежні 2022-га.

У Беларусі Міхасюк быў грамадскім актывістам. Яго затрымлівалі яшчэ да выбараў, у ліпені 2020 за ўдзел у велапрабегу салідарнасці. У жніўні 2020-га яго па-зверску збілі лукашэнкаўскія сілавікі, ён трапіў у шпіталь. З Беларусі ва Украіну Яўген з’ехаў, калі пачаліся масавыя рэпрэсіі.

«Так склаліся абставіны, што вялікая частка людзей сышла з «П*гоні», п*лка Каліноўскага. І ўсе яны шукалі магчымасць аб’яднацца, каб працягваць ваяваць. Таксама быў яшчэ запыт ад людзей, якія не давучыліся, у якіх няма вайсковага досведу», — расказаў Яўген пра пераход у новае падраздзяленне.

Ён мяркуе, што ў часці будзе некалькі сотняў ваяроў. Стаўку робяць на вузкія спецыяльнасці — інжынераў, снайпераў, мінамётчыкаў.

Цяпер стараюцца ўкамплектаваць ужо існуючыя групы.

«Яны ўжо будуць здольныя выконваць баявыя задачы. Відавочна, што праз невялікую колькасць людзей мы зможам іх вырашыць не ўсе. Але ў прыфрантавую зону можна ехаць. Думаю, што ў найбліжэйшыя месяц-два мы пачнём баявыя выезды. Шукаем людзей, якія б да нас далучыліся», — кажа ён.

З назвай для часці байцы вырашылі вызначыцца пасля таго, як пакажуць сябе ў справе.

«Агульная пазіцыя такая, што наша група не імкнецца займацца піярам, палітычнай дзейнасцю, — тлумачыць Яўген. — Хочам спачатку паваяваць, а пасля будзем абмяркоўваць назву для часці. Спачатку ўсё ж трэба паказаць сябе ў справе».

Беларусы — самая шматлікая група сярод замежных добраахвотнікаў, якія абараняюць Украіну.

Суразмоўцы з часці спадзяюцца, што новая структура здолее атрымаць сучаснае цяжкае ўзбраенне. Мэтавае. Для беларусаў.

Наколькі ўсё будзе ісці па плане, пакуль няясна. Магчыма, украінскае камандаванне мае іншае бачанне прыярытэтаў, чым беларускія ініцыятары стварэння новай часці.

Цяпер беларускія добраахвотнікі ваююць у п*лку Каліноўскага — самым шматлікім з фарміраванняў, а таксама ў малалікім палку «П*гоня» і Беларускім добраахвотніцкім корпусе, куды ўвайшлі, сярод іншых, батальён «Т*рор», а таксама вядомыя добраахвотнікі Ігар «Янкі» Янкоў і Андрэй «Бессмяротны» Трацэўскі.