“Дзеяслоў” назваў лепшых творцаў

Штогадовай прэміяй “Залаты апостраф часопіс “Дзеяслоў уганараваў лепшых сваіх аўтараў. Урачыстая літаратурная цырымонія адбылася ў Мінску ўжо восьмы раз.
Пераможцы прэміі вызначыліся 17 сакавіка ў 4 намінацыях. Гэта проза, паэзія, дэбют і ўнёсак у беларускую літаратуру.



be3ac64e67e84198f03f45b661f2124a.jpg

Штогадовай прэміяй “Залаты апостраф часопіс “Дзеяслоў уганараваў лепшых сваіх аўтараў. Урачыстая літаратурная цырымонія адбылася ў Мінску ўжо восьмы раз.


Пераможцы прэміі вызначыліся 17 сакавіка ў 4 намінацыях. Гэта проза, паэзія, дэбют і ўнёсак у беларускую літаратуру.


Лаўрэатам за лепшы празаічны твор на старонках “Дзеяслова ў 2010 годзе стаў Вінцэсь Мудроў. Так былі ацэнены рэдакцыяй часопіса яго два апавяданні пад назвай “Лёгкая смерць (выйшлі ў № 45). З-за хваробы аўтар не змог прыехаць на ўручэнне ўзнагароды. Дыплом і прэмію яму перадалі праз пісьменніка Уладзіміра Арлова.


У намінацыі за лепшы паэтычны твор пераможцай стала Вольга Гапеева. Маладую паэтку ўганаравалі за вершы “Пакуль маўчаць далоні (№ 46). Вольга ўзгадала пра тое, што мова з’яўляецца тым сродкам, які дапамагае патрапіць да мазгоў іншага чалавека, не ўжываючы скальпель. “І нам усім, асабліва тым, хто піша, варта гэта памятаць, — адзначыла яна. — Таму што часам можна вельмі нашкодзіць не добра сказаным ці не трапным словам. Альбо наадварот, словам можна ўзрадаваць. Хацелася б пажадаць, каб мы адно аднаго больш радавалі сваімі словамі, чым расчароўвалі.


У намінацыі “За лепшы дэбют прэмій было дзве — за прозу і за паэзію. За лепшы празаічны дэбют узнагароджана Настасся Кухарэнка з нізкай вершаў “На крылах кахання (№ 47). А лепшай дэбютнай прозай прызнаны аповед Франака Вячоркі “Ліза (№ 44). “Безумоўна, ані я, ані мой твор не заслугоўвае гэтай прэміі, — заявіў лаўрэат, чым выклікаў жартаўлівы настрой публікі. — Я гэта прызнаю. Але вельмі ўдзячны за такую ўвагу. Калі б я ведаў, што ўсё настолькі сур’ёзна, то я б, напэўна, больш папрацаваў бы і над літаратурай, і над творам.


Як паведаміў Франак, ён паслаў гэта апавяданне з войска, дзе служыў 15 месяцаў. “І толькі цяпер я разумею, што ўсе гэтыя 15 месяцаў былі вартыя хаця б для таго, каб атрымаць гэтую прэмію, хоць і не заслужана. І гэта, безумоўна, для мяне вялікі гонар, але і вялікі абавязак. Цяпер я абяцаю, я бяру на сябе адказнасць старацца: пісаць больш, і пісаць так, каб не было сорамна.


А прэміяй “за высокія дасягненні ў сучаснай беларускай літаратуры ўганараваны Анатоль Вярцінскі. Гэта намінацыя была заснавана летась і вызначае плённы ўклад майстроў слова ў літаратурную скарбніцу.


Як лічыць паэт, ва ўмовах Беларусі “Дзеяслоў гэта “больш чым часопіс. “Гэта служэнне не толькі літаратуры нашай. Гэта служэнне беларускай нацыянальнай ідэі", — лічыць Анатоль Вярцінскі. І —  “заўтрашняй дзяржаўнай будучыні Беларусі.


Напярэдадні прэміі рэдакцыя часопіса праводзіла інтэрнэт-галасаванку. Кожны чытач мог назваць лепшага, на яго думку, аўтара ў той ці іншай намінацыі. “Але мы ад пачатку казалі, што голас інтэрнэту будзе дарадчы, але не вырашальны. Таму што мы не верым у поўную аб’ектыўнасць інтэрнэт-галасавання, — сказаў рэдактар “Дзеяслова Барыс Пятровіч (Сачанка). Хоць бы таму, адзначыў ён, што ў інтэрнэт-галасаванні прымаюць удзел найперш маладыя чытачы. І старэйшым літаратарам у такіх варунках цягацца з маладзейшымі было б цяжка. “Таму не давяраючы напоўніцу аб’ектыўнасці інтэрнэту, мы усё-ткі апошняе слова пакідаем за рэдакцыяй, — падкрэсліў Барыс Пятровіч.


“Кожны раз нам выпадае вельмі цяжкі выбар. Таму што прэтэндэнтаў вельмі шмат, творы вельмі цікавыя. І я ўсім бы даў гэтую прэмію. Але прэмія адна. І выбіраць трэба аднаго чалавека, — сказаў рэдактар. Аднак ён не сумняваецца, што тыя творцы, каго назвалі лаўрэатамі, “абсалютна заслугоўваюць гэтай прэміі.


Сёлетняя цырымонія ўзнагароджання супала з выхадам 50-га нумара часопіса. “Вельмі шкада, што не з’явілася на нашай прасторы тры ці пяць падобных часопісаў, — адзначыў яго рэдактар. — Так было б “Дзеяслову значна  лягчэй і прасцей. І можа быць “Дзеяслоў трошкі іншым быў.


“Але пакуль што на сёння  “Дзеяслоў застаецца адзіным незалежным літаратурным выданнем у Беларусі. Вакол яго гуртуюцца ўсе літаратары, якія пішуць па-беларуску, незалежна ад іх літаратурных прыхільнасцяў і ад грамадска-палітычных поглядаў, — сказаў Барыс Пятровіч.


“Дзеяслоў, як адзначыў паэт Генадзь Бураўкін, гэта сёння тая планка, якую трымае і павінна трымаць і вытрымаць сучасная беларуская проза, паэзія і крытыка. “Тое, што друкуе часопіс, на мой погляд, гэта лепшае, што робіцца майстрамі роднага нацыянальнага мастацкага слова, — зазначыў ён.