Дзяржава адмовілася адкрыць імёны забітых у Курапатах

Паколькі Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь не задаволіў скаргу пра ўтойванне імёнаў курапацкіх ахвяраў, грамадскасць вымушана будзе звяртацца да міжнароднай супольнасці.

kurapaty_imjony_aktualii_logo.jpg


Яшчэ 23 снежня 2015 году актывісты грамадскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» старшыня грамадскага аб’яднання «Хрысціянская злучнасць «Курапаты» 87-гадовы Вацлаў Нямковіч, які ўжо сышоў у лепшы свет, культуролаг Вацлаў Арэшка, мовазнаўца Вінцук Вячорка, грамадскі актывіст Алесь Макаў, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч і аўтар гэтага артыкулу звярнуліся ў суд Цэнтральнага раёна Мінска са скаргай на неправамерныя дзеянні (бяздзеянне) Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, якая адмовілася адкрыць імёны расстраляных у Курапатах.
У скарзе, між іншым, нагадвалася, што 25 верасня 2015 году грамадзяне звярнуліся ў Генпракуратуру з просьбай паведаміць выяўленыя яе супрацоўнікамі дадзеныя, у тым ліку імёны, імёны па бацьку і прозвішчы трох ахвяр масавых палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў, чые парэшткі былі ідэнтыфікаваныя па выніках дадатковага расследавання 1997-1999 гадоў пра трагедыю ў Курапатах у рамках крымінальнай справы, узбуджанай у 1988 годзе.
Пра гэтую навіну мы даведаліся яшчэ 7 снежня 2001 году з адказу начальніка аддзелу па нагляду за выкананнем закону ў войсках і на транспарце Генпракуратуры, старшага дарадцы юстыцыі А. Д. Доўбыша на пісьмовы запыт старшыні грамадскага аб’яднання «Дыярыуш» Ларысы Андросік (на мове і з захаваннем лексікі арыгіналу):
«В процессе расследования дела удалось идентифицировать останки только трёх человек. При вскрытии захоронений найдены квитанции об изъятии у них денег при аресте, датированные октябрём 1939 и июнем 1940 годов. Уголовных дел на этих лиц нет. В связи с этим нет возможности выяснить, где они проживали, чем занимались и что им вменялось в вину».
Паколькі спадар Доўбыш не назваў ані аднаго імя курапацкіх ахвяраў, мы і звярнуліся ў Генпракуратуру. Аднак начальнік яе ўпраўлення па нагляду за выкананнем заканадаўства Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь Ігар Сеўрук у сваім адказе ад 27 кастрычніка 2015 года не задаволіў просьбу заяўнікаў, матывуючы гэта тым, што «ўсе матэрыялы крымінальнай справы аднесены да дзяржаўных сакрэтаў».
Калі ж 5 лістапада 2015 года быў абскарджаны генеральнаму пракурору адказ Ігара Сеўрука, намеснік генпракурора Мікалай Кукліс падтрымаў пазіцыю свайго калегі. Пры гэтым спадар Кукліс патлумачыў, што заяўнікі не з’яўляюцца ўдзельнікамі працэсу па названай крымінальнай справе, або асобамі, правы і законныя інтарэсы якіх былі закранутыя пры правядзенні працэсуальных дзеянняў і прыняцці працэсуальных рашэнняў па справе. У сувязі з гэтым Мікалай Кукліс паведаміў, што грамадскія актывісты не маюць права «на зварот са скаргамі і хадайніцтвамі, а таксама на азнаямленне з матэрыяламі крымінальнай справы».  
Грамадзяне палічылі незаконнымі і неабгрунтаванымі дзеянні Генпракуратуры, якая не паведаміла выяўленыя яе супрацоўнікамі імёны бязвінных ахвяр.
Заяўнікі звярнулі ўвагу суду на тое, што 18 студзеня 1989 года Савет міністраў БССР прыняў пастанову №42 «Аб увекавечванні памяці ахвяр масавых рэпрэсій 1937-1941 гадоў ў лясным масіве Курапаты». У прэамбуле гэтага ўрадавага дакумента падкрэслена, што ён прыняты, «зыходзячы з важнасці раскрыцця гістарычнай праўды пра падзеі мінулага і ўлічваючы меркаванне шырокай грамадскасці».
Гэтая пастанова, сярод іншага, абавязала Прэзідыум Акадэміі навук БССР арганізаваць усебаковае вывучэнне прычын і наступстваў масавых рэпрэсій трыццатых-саракавых і пачатку пяцідзесятых гадоў у Беларусі, а выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» — здзейсніць падрыхтоўку і выпуск спецыяльнага выдання з мэтай увекавечвання памяці ахвяр рэпрэсій перыяду трыццатых-саракавых і пачатку пяцідзесятых гадоў у рэспубліцы.
Такім чынам, беларускі ўрад яшчэ на пачатку 1989 года – больш за 29 гадоў таму прызнаў важнасць раскрыцця гістарычнай праўды пра масавыя рэпрэсіі 1937-1941 гадоў у лясным масіве Курапаты і неабходнасць увекавечвання памяці ахвяр рэпрэсій перыяду 1930-х — пачатку 1950-х гадоў, адзначалася ў скарзе.
Яе аўтары таксама нагадалі, што ўрадавай пастановай № 578 ад 14 мая 2007 года, урочышча Курапаты як месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў пад шыфрам 611Д000363 унесена ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь з наданнем першай катэгорыі (міжнароднага значэння).
Такім чынам, Курапаты з’яўляюцца помнікам не толькі народа краіны, але і міжнароднай супольнасці. Таму запытаныя дадзеныя пра ахвяр масавых палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў маюць гістарычнае, этычнае і духоўнае значэнне для народа Беларусі і міжнароднай супольнасці, падкрэслівалася ў скарзе.
Яе аўтары нагадалі, што згодна артыкулу 34 Канстытуцыі краіны, «грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя».
А згодна артыкулу 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, «кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэта права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова або пры дапамозе друку або мастацкіх формаў выяўлення, або іншымі спосабамі па свайму выбару».
На падставе выкладзенага, у адпаведнасці з пазначанымі вышэй артыкуламі, а таксама артыкуламі 353-357 Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, заяўнікі прасілі прызнаць неправамернымі дзеянні Генпракуратуры і абавязаць яе паведаміць грамадскасці выяўленыя сацыяльна-дэмаграфічныя дадзеныя трох ахвяр масавых палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў, чые парэшткі былі ідэнтыфікаваныя па выніках дадатковага расследавання 1997-1999 гадоў пра трагедыю ў Курапатах у рамках крымінальнай справы, узбуджанай у 1988 годзе, а таксама агучыць усе вядомыя імёны, імёны па бацьку і прозвішчы ахвяр масавых палітычных рэпрэсій, забітых у Курапатах.          
Аднак 6 студзеня 2016 году суддзя суду Цэнтральнага раёна сталіцы Іван Майсейчык адмовіўся ўзбуджаць грамадзянскую справу «у сувязі з адсутнасцю ў заяўнікаў права на зварот у суд», бо скарга грамадзян «не падлягае разгляду ў судах з прычыны яе непадведамаснасці», паколькі «заяўнікі не згодныя з дзеяннямі органа, які вядзе крымінальны працэс». Затым судовая калегія па грамадзянскіх справах Мінгарсуду, ягоны старшыня Павел Каршуновіч і Вярхоўны суд пакінулі ў сіле вызначэнне суддзі Івана Майсейчыка, а прыватную скаргу грамадзянаў без задавальнення.
На нашую думку, адмовай узбудзіць грамадзянскую справу наконт агучвання імёнаў ахвяр сталінізму, забітых у Курапатах, суды прадэманстравалі сваю залежнасць ад органа дзяржаўнай улады — Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, а таксама засведчылі пераемнасць цяперашняй улады з савецкай. Апроч таго, былі парушаны канстытуцыйныя правы грамадзян на атрыманне інфармацыі і судовую абарону.
Трэба мець на ўвазе, што інфармацыя з Генпракуратуры, атрыманая напрыканцы 2001 года пра ідэнтыфікацыю парэшткаў трох курапацкіх ахвяр, у той час стала сапраўднай сенсацыяй, бо пра такі яркі доказ яшчэ ў 1988 годзе марылі акадэмічныя археолагі Зянон Пазьняк, Алег Іоў і Мікола Крывальцэвіч — навуковыя эксперты следчай групы пракуратуры БССР.
Яшчэ 14 снежня 2001 году Алег Іоў распавёў сябрам грамадскай ініцыятывы «За ўратаванне мемарыялу «Курапаты», што яму вядомыя імёны двух расстраляных: гэта габрэі Мардыхай Шулькес і Моўша Крамер. Пазней з дзяржаўнай прэсы мы дазналіся імя трэцяй ахвяры — Штам. У іх у кастрычніку 1939-га і10 чэрвеня 1940-га ў Гродзенскім астрозе былі канфіскаваныя грошы, што адлюстравана ў афіцыйных бланках квіткоў, знойдзеных у адным з курапацкіх пахаванняў сярод парэшткаў ахвяр сталінізму.
Паколькі беларуская дзяржава адмаўляецца адкрыць імёны курапацкіх ахвяр, грамадскасць будзе вырашаць гэтую праблему праз звароты да міжнароднай супольнасці, у тым ліку да ўладаў і грамадскасці Польшчы, бо Гродна, дзе ў астрозе восенню 1939 — летам 1940 году былі зняволеныя М. Шулькес, М. Крамер і Штам, да  верасня 1939 году знаходзілася ў складзе Польскай дзяржавы.
Мажліва ў архівах Польшчы захаваліся біяграмы гэтых ахвяраў сталінізму, што дапаможа праліць святло на прычыны іхнага забойства.