Фігуры тыдня: Радзівілы, Лявон Баршчэўскі, Андрэй Курэйчык

Радзівілы

Радзівілы
У Беларусь на некалькі дзён прыехалі нашчадкі роду князёў Радзівілаў. За гэты час яны наведаюць Мінск, Мірскі замак, рэзідэнцыю Радзівілаў у Паланечку, Нясвіж. Візіт прадстаўнікоў старажытнага роду арганізаваў сумесна з Польскай амбасадай журналіст Глеб Лабадзенка. З афіцыйных асобаў гасцей курыруе намеснік міністра культуры — гасцям не трэба дамаўляцца, каб наведаць некаторыя музеі, архівы. У Нясвіжы — радавым горадзе — князёў сустрэў мэр горада, у гонар гасцей у касцёле адбылася святая імша. Візіт прадстаўнікоў роду Радзівілаў мае прыватны характар, а княгiня Эльжбета Радзiвiл да эміграцыі жыла ў радавым палацы ў Нясвіжы. Княгіня была надзвычай уражаная цёплым прыёмам як афіцыйных асобаў, так і простых жыхароў. Князь Мікалай-Канстанцін Радзівіл назваў гэты візіт вельмі важным у сваім жыцці, бо змог на ўласныя вочы пабачыць мясціны, адкуль паходзіць яго род, і пачуць расповеды спадарыні Эльжбеты Радзiвiл — сведкі падзей, што адбываліся ў Беларусі.
Лявон Баршчэўскі
Старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі заявіў пра сваю гатоўнасць сысці на пенсію, «калі маладое пакаленне сапраўды гатова нешта прапанаваць». Такую заяву аксакал беларускага апазіцыйнага руху зрабіў пасля таго, як быў агучаны Маніфест лідэраў новага пакалення. Аднак гатоўнасць сысці не азначае непасрэдна сыход. «Жаданне прыйсці да ўлады якраз і не прагучала, — сказаў БелаПАН Лявон Баршчэўскі. — Агню ў вачах, які яны дэкларавалі, я не ўбачыў. Гэта былі па-сапраўднаму стомленыя цяжкімі ўмовамі жыцця людзі». Старшыня партыі БНФ падкрэсліў, што моладзевыя лідэры «не выказаліся ні па адным палітычным пытанні». «Усё гэта так гладка праходзіла, што немагчыма іх ні крытыкаваць, ні падтрымаць. На жаль, падобная заява не першая. Калі сапраўды маладое пакаленне гатовае нешта прапанаваць, я з задавальненнем сыду на пенсію. Пакуль, на жаль, яны мяне не ўпэўнілі ў неабходнасці зрабіць такі крок».
Андрэй Курэйчык
Беларускі драматург і кінасцэнарыст Андрэй Курэйчык з’язджае на некалькі месяцаў скараць Галівуд. Ён актыўна працуе на расійскую кінаіндустрыю і нядаўна нават узначаліў топ–10 самых паспяховых расійскіх сцэнарыстаў. Запрашэнне прыехаць на працу ў Галівуд Курэйчык атрымаў ад прадзюсера Дэвіда Гамбурга, які эміграваў у Злучаныя Штаты ў 1970-я з Рыгі. Акрамя кінасцэнараў драматург Курэйчык цяпер піша п’есу для Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага па матывах беларускай гісторыі. Галоўным героем п’есы з’яўляецца экстравагантны Станіслаў Караль Радзівіл, больш вядомы як «Пане Каханку». Апошнія гады Андрэй Курэйчык працаваў над расійскай камедыяй «Любовь-морковь» і яе сіквэлам, што, уласна, і прынесла яму вядомасць.