Фігуры тыдня: Аляксандр Францкевіч, Глеб Лабадзенка, Аляксандра Герасіменя
Аляксандр Францкевіч Услед за лідарам «Маладога фронту» Зміцерам Дашкевічам з месцаў зняволення выйшаў яшчэ адзін палітвязень — анархіст Аляксандр Францкевіч. Пасля вызвалення за ім будзе ўстаноўлены прэвентыўны нагляд тэрмінам на паўгода.
Францкевіч, які адбываў пакаранне ў калоніі №22 у Івацэвічах, быў вызвалены ў 5.30 раніцы. «Паднялі ў 5.00, а не як звычайна ўздым у калоніі ў 6.00. За паўгадзіны аформілі ўсе дакументы і ў 5.30 выпусцілі за вароты турмы. Хутчэй за ўсё, гэта зроблена так, каб я не паспеў развітацца з сябрамі па калоніі», — лічыць Францкевіч. Палітвязень распавёў, што ўвесь час адчуваў ціск, але ціснулі і на звычайных зняволеных: «Калі чалавек моцны, незалежна ад таго, па якіх прычынах ён сядзіць, то ён вытрымае».
Апошнія пяць месяцаў Аляксандр Францкевіч правёў у ПКТ. Ведае пра тое, што адбываецца ў краіне па прэсе і з лістоў. Тое, што адбываецца сёння ў Беларусі назваў «палітычным тэрорам».
«Мае погляды не змяніліся, а толькі ўмацаваліся», — адзначыў ён.
Францкевіч быў узяты пад варту 3 верасня 2010 года. Праходзіў па «справе анархістаў». 27 мая 2011 года судом Заводскага раёна асуджаны разам з Ігарам Аліневічам і Мікалаем Дзядком. Актывіста судзілі па ч. 2 арт. 351 КК (наўмыснае знішчэнне кампутарнай інфармацыі) і ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства). Яго абвінавацілі ў нападзе на шэраг дзяржаўных устаноў, а таксама ва ўзломе сайта Наваполацкага гарвыканкама. На судзе сваёй віны ён не прызнаў.
Суд прысудзіў Францкевіча да 3 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У верасні 2011 года беларускія праваабаронцы прызналі яго палітычным вязнем.
Глеб Лабадзенка
Літаратар Глеб Лабадзенка выйграў суд за мову. Лабадзенка абскардзіў парушэнне закону аб зваротах грамадзян, якое выявілася ў тым, што супрацоўнік ЖЭС на ягоны беларускамоўны зварот адказаў па-руску.
Суд Фрунзенскага раёна Мінска прысудзіў штраф дырэктару ЖЭС–48 Мінска ў памеры 5 базавых велічыняў, — 500 тысяч рублёў.
Лабадзенка і раней патрабаваў ад розных дзяржаўных устаноў, каб адказы на ягоныя беларускамоўныя звароты былі на беларускай мове. Але ў ЖЭСе, па словах Лабадзенкі, «не проста парушылі закон, яны мяне абразілі». «Яны пад подпісам і пячаткай ЖЭС–48 адмовілі ў адказе па-беларуску, чым адкрыта быў парушаны закон. Суддзя на працэсе сказала, што справа тут адназначная, маглі быць варыянты ў пакаранні, але паколькі такіх хадайніцтваў не паступала, то скончылася штрафам», — адзначыў Лабадзенка.
Праўда, у ЖЭСе пра рашэнне суда яшчэ не чулі. Але тое, што суд прыняў рашэнне ў абарону мовы, само па сабе вызначальнае. Зараз пытанне, «колькі каштуе мова», набывае рэальны сэнс.
Аляксандра Герасіменя
Чэмпіёнка Алімпіяды–2012 Аляксандра Герасіменя здзівіла ўсіх сваёй адукаванасцю і пераборлівасцю ў чытве. Падчас круглага стала, прысвечанага Дню Беларускай пісьменства, яна прызналася, што захапляецца Васілём Быкавым.
«З сучасных беларускіх пісьменнікаў люблю Наталлю Батракову. Прачытала ўсе яе кнігі і з нецярпеннем чакаю наступных. Ганаруся знаёмствам. Гэтак жа, як і з Генадзем Мікалаевічам Бураўкіным. Гэта на дзіва сумленны і добры чалавек, зносіны з якім даюць мне вельмі многае. Ён літаральна захапіў мяне Васілём Быкавым», — адзначыла чэмпіёнка.
«Нядаўна перачытала «Абеліск». Мне здаецца, гэтая ваенная аповесць Быкава вельмі сучасная і актуальная. Яна пра сапраўднага мужчыну, які, не задумваючыся, аддаў жыццё за сваіх вучняў, за тых, каго вучыў добраму і вечнаму. Гэта кніга пра выбар, пра перамогу абавязку і гонару над уласным страхам, пра тое, што чалавечая сутнасць у любы час застаецца аднолькавай. Быкаў заўсёды ставіць сваіх герояў у экстрэмальныя абставіны і, чытаючы яго, раз-пораз пытаешся ў сябе: як ты паступіў бы на іх месцы... Чытайце Быкава, там — усё», — сказала Герасіменя.
Цікава, што ўсё больш і больш спартоўцаў праяўляюць сапраўдны беларускі патрыятызм. Можа, менавіта гэтая якасць дапамагае ім выйграваць?