Фігуры тыдня: N.R.M., Аляксандр Мілінкевіч, Барыс Паньшын
N.R.M. Беларускі гурт N.R.M. падаў заяўку на нацыянальны адборачны тур конкурсу «Еўрабачанне».
«Так атрымалася, што мы напісалі новы дыск, песні з якога цалкам адпавядаюць умовам конкурсу «Еўрабачанне», — паведаміў БелаПАН лідар гурта Піт Паўлаў.
— Прэзентацыі гэтага дыска яшчэ не было, песні на радыё мы пакуль не аддавалі. Для нацыянальнага адбору мы абралі песню «Кузнічка». Яна ідэальна кладзецца на гэты конкурс,
і я ўпэўнены: яна пераможа, калі журы нас прапусціць у другі тур галасавання, у якім прымуць удзел гледачы. Мы падалі заяўку на конкурс, каб перамагчы!»
Гаворачы пра мову кампазіцый, прадстаўленых на адборачны тур прэстыжнага песеннага конкурсу, Піт адзначыў: «Наша прадстаўленая на конкурс песня, як і ўсе іншыя, напісана па-беларуску. Мы не
збіраемся ўводзіць у тэксты песень нейкія англіцызмы. Наогул не разумею, чаму наша краіна так імкнецца паказваць на конкурсе песні на англійскай мове з беларускім акцэнтам. Гэтыя выступы заўсёды
атрымліваюцца такімі ганебнымі! І, заўважце, мы ніколі не ўздымаемся высока з англамоўнымі кампазіцыямі. А мы ўздымемся, калі будзем выконваць песню па-беларуску».
Паўлаў паведаміў, што ў бліжэйшыя некалькі дзён не плануе паказваць аўдыторыі прапанаваную на «Еўрабачанне» песню. Лідар папулярнай групы спадзяецца, што
«Кузнічку» прапусцяць у другі тур нацыянальнага адбору.
Паўфінал нацыянальнага адбору «Еўрабачання» запланаваны на 16 лістапада. Пераможца, які паедзе ў Швецыю, будзе абвешчаны 7 студзеня. Зараз на нацыянальны адборачны тур паступіла
каля 60 заявак. Канчатковая колькасць канкурсантаў будзе абвешчана пасля таго, як па пошце прыйдуць усе заяўкі, датаваныя 22 кастрычніка.
---------------------------------------------------------------------------------------------
Аляксандр Мілінкевіч
Лідар руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч гатовы прэтэндаваць на статус адзінага дэмакратычнага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. Пра гэта ён заявіў 20 кастрычніка ў Мінску падчас правядзення справаздачна-выбарнай канферэнцыі руху «За Свабоду».
«Я сябе ніколі не адчуваў такім маладым, як сёння, але мне 65 гадоў. Аднак я не адмаўляюся ад таго, каб прэтэндаваць на статус адзінага кандыдата, адпрацаваць не горш, чым у 2006 годзе.
Але абяцаю: калі абяруць іншага адзінага кандыдата, то буду працаваць на яго», — цытуе палітыка БелаПАН.
Пры гэтым Мілінкевіч лічыць, што «не трэба адразу ўсіх заганяць у адзінства». «Калі група ўплывовых арганізацый гатова працаваць на яго абранне [адзінага кандыдата], то
трэба сустракацца і размаўляць», — адзначыў лідар руху.
Мілінкевіч лічыць вельмі небяспечным для апазіцыі тое, што яна «ўвесь час канцэнтруецца на адным Лукашэнку». «Гэта ўжо становіцца нашым комплексам. Праблема не ў
Лукашэнку, а ў тым, што робіцца ў галовах людзей. Прыбярэм з галоў людзей Лукашэнку, не будзе яго і ва ўладзе», — лічыць палітык. Ён падкрэсліў неабходнасць «ісці да
людзей». «Калі мы пераможам у іх галовах, то станем самай моцнай арганізацыяй», — заявіў Аляксандр Мілінкевіч, які быў адзіным кандыдатам у прэзідэнты Беларусі ад
дэмакратычных сіл на выбарах 2006 года.
Аляксандр Мілінкевіч быў пераабраны на пасаду старшыні руху «За Свабоду». Ён аказаўся адзіным кандыдатам на пасаду старшыні. Першым намеснікам старшыні абраны Юры Губарэвіч, якога
Мілінкевіч назваў «класным менеджарам». Намеснікамі старшыні сталі Алесь Лагвінец і Галіна Скараход. Як адзначыў Мілінкевіч, Лагвінец «душу і сэрца аддаваў руху, быў яго
выдатным прадстаўніком на міжнароднай арэне», а Скараход — «адказны і ўплывовы чалавек, добра вядомы ў трэцім сектары».
---------------------------------------------------------------------------------------------
Барыс Паньшын
Прафесар БДУ Барыс Паньшын у артыкуле «Пра кадравы патэнцыял мадэрнізацыі» ў «Народнай газеце» выказаў сваё меркаванне, як рыхтаваць высакакласных спецыялістаў праз сістэму ПТВ і якія сферы могуць быць запатрабаваныя.
На яго думку, у тым ліку і СМІ павінны стварыць культ сучаснага працоўнага чалавека. «Маладых рабочых трэба рыхтаваць з улікам нашых ключавых канкурэнтных пераваг. У Беларусі ёсць дакладныя вытворчасці, развіта сярэдняе і цяжкае машынабудаванне. Гэта не айфоны, для масавай зборкі якіх даводзіцца прыцягваць тысячы інжынераў і сотні тысяч зборшчыкаў. Тут з Кітаем не зможа канкураваць нават радзіма айфонаў — ЗША. Беларусь — радзіма БелАЗаў, МАЗаў і трактароў «Беларус». Без айфона чалавецтва абыдзецца. Без трактароў ужо ніяк», — піша Барыс Паньшын.
«Асаблівасць мадэрнізацыі ў Беларусі — гэта стаерскі забег на доўгую дыстанцыю, без збіваючых эканамічнае дыханне рыўкоў і катастрафічных для сацыяльнага здароўя перабудоў.
Сённяшнюю дыстанцыю ў гэтым бясконцым марафоне Беларусь праходзіць, маючы ў запасе стоадсоткавую харчовую забяспечанасць, практычную адсутнасць беспрацоўя, адладжаную сістэму дзяржкіравання. Можна
спакойна імкнуцца ў будучыню», — рэзюмуе прафесар Паньшын.