Фігуры тыдня: Павел Сапелка, Аляксандр Якабсон, Лідзія Ярмошына
Павел Сапелка Праваабаронцу, былога адваката Паўла Сапелку ўзнагародзяць прэстыжнай прэміяй «За абарону правоў чалавека», паведамляе ПЦ «Вясна». Інфармацыя пра гэта прыйшла ад Савета адвакацкіх аб’яднанняў і юрыдычных таварыстваў Еўропы.
Эксперты адзначаюць важнае значэнне дзейнасці Паўла Сапелкі, яго настойлівасць, адданасць справе і смеласць у падтрымцы фундаментальных каштоўнасцяў. Савет прадстаўляе каля 1 мільёна еўрапейскіх юрыстаў з калегіі адвакатаў і юрыдычных таварыстваў.
«Савет лічыць, што ваш непахісны ўдзел у кампаніі ў абарону правоў чалавека на Беларусі, нягледзячы на пагрозы з боку органаў дзяржаўнай улады, заслугоўвае ўзнагароды. Гэтай узнагародай
еўрапейскія юрысты хацелі б адзначыць вашу адданасць справе, настойлівасць і смеласць у падтрымцы фундаментальных каштоўнасцяў», — гаворыцца ў звароце Савета адвакацкіх
аб’яднанняў, адрасаваным Паўлу Сапелку.
Нагадаем, 3 сакавіка 2011 года прэзідыум Мінскай гарадской калегіі паводле рашэння Мінюста пазбавіў Сапелку права займацца адвакацкай дзейнасцю. Павел Сапелка на працягу многіх гадоў абараняў
фігурантаў «гучных» палітычных працэсаў. Ён быў абаронцам Мікалая Аўтуховіча, Цімафея Дранчука, прадстаўляў у судзе інтарэсы Зінаіды Ганчар па справе зніклага ў 1999 годзе Віктара
Ганчара, быў адвакатам фігуранта «справы чатырнаццаці» Аляксандра Баразенкі, абараняў рэдактара газеты «Навінкі» Паўла Канавальчыка па справе аб абразе прэзідэнта.
А пасля выбарчай кампаніі–2010 з’яўляўся абаронцам былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, а таксама лідара БХД Паўла Севярынца і лідара «Маладога фронту»
Змітра Дашкевіча.
Лідзія Ярмошына
Цэнтральная камісія Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў прыступіла да распрацоўкі законапраекта аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Выбарчы кодэкс. Кіраўнік Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына паведаміла, што прапануецца, напрыклад, даць права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты рэспубліканскім грамадскім арганізацыям колькасцю больш за 1 тысячу сябраў. У ліку магчымых новаўвядзенняў — стварэнне тэрытарыяльных выбарчых камісій абласцей і Мінска, якія паслужаць прамежкавым звяном паміж ЦВК і акруговымі камісіямі пры разглядзе скаргаў, пашырэнне паўнамоцтваў судоў у гэтай сферы.
У законапраект могуць увайсці нормы, якія прадстаўляюць больш фінансавай свабоды ўдзельнікам выбарчай кампаніі. Плануецца, у прыватнасці, зняць абмежаванне па суме, якую кандыдаты могуць самі ўносіць
у свой выбарчы фонд. «Трэба ўжо, урэшце, перастаць цалкам фінансаваць перадвыбарчую агітацыю за кошт бюджэту. Калі кандыдат ідзе на выбары, ён сам павінен думаць, адкуль браць грошы. Гэта
агульнасусветная практыка, а ў нас да гэтага часу сацыяльная кампанія», — цытуе БелТА Лідзію Ярмошыну.
У той жа час пераход аплаты перадвыбарных выдаткаў у прыватныя рукі не павінен прывесці да залежнасці кандыдата ад яго спонсараў, і тым больш пацягнуць за сабой прыцягненне замежнага капіталу да
фінансавання выбарчай кампаніі, заўважыла кіраўніцтва ЦВК.
Аляксандр Якабсон
Тэхнічны стан мінскага стадыёна «Дынама» стварае рэальную пагрозу для бяспекі і здароўя яго наведвальнікаў. Пра гэта заявіў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Якабсон
5 лістапада на нардзе па пытанні рэканструкцыі стадыёна, паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Лукашэнкі.
Якабсон, у прыватнасці, пералічыў факты, якія давялі стадыён да яго цяперашняга стану, хаця размова пра неабходнасць грунтоўнай рэканструкцыі вядзецца ўжо не адзін год. Гэтаму спрыялі як цяганіна з
боку чыноўнікаў, так і тэхналагічныя парушэнні, дапушчаныя ў час рэканструкцыі напрыканцы 1990-х гадоў. Напрыклад, пры мантажы новых сядзенняў была пашкоджана гідраізаляцыя падтрыбунных памяшканняў,
з-за чаго туды рэгулярна пранікала вільгаць, утваралася сырасць і цвіль.
«Тэхнічны стан канструкцый стадыёна, інжынерных камунікацый, унутранае ўтрыманне падтрыбунных памяшканняў ствараюць рэальную пагрозу для бяспекі і здароўя наведвальнікаў стадыёна, убогія
ўмовы для карыстальнікаў памяшкання наносяць урон рэпутацыі гістарычнага сімвала беларускага футбола», — канстатаваў старшыня КДК. Аляксандр Лукашэнка на нарадзе запатрабаваў
правесці рэканструкцыю мінскага стадыёна «Дынама» да канца 2014 года.