Фігуры тыдня: Барыс Святлоў, Любоў Кавалёва, Алесь Лапо

Барыс Святлоў

Аляксандр Лукашэнка прызначыў рэктара Універсітэта культуры Барыса Святлова міністрам культуры Беларусі.



svetlov.jpg

Барыс Святлоў скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, прайшоў кар’ерны шлях ад пасады старшага лабаранта Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР да намесніка міністра культуры (1991–1994), у 1995 годзе працаваў нават дырэктарам фінансава-інвестыцыйнай кампаніі “Фінансы і актывы. У 2003–2008 гадах займаў пасаду рэктара прыватнай установы адукацыі “Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва. У 2008–2012 гадах — рэктар установы адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.
Газета “Салідарнасць прыводзіць парады чыноўніку дзеячаў культуры. Загадчык літаратурнай часткай Слонімскага драматычнага тэатра Сяргей Чыгрын мяркуе, што ў першую чаргу міністр культуры павінен звярнуць увагу на аплату ганарараў драматургам і ўсім тым, хто працуе над спектаклямі ў беларускіх дзяржаўных тэатрах.
— На сённяшні дзень ляжаць у міністэрстве культуры неаплачаныя па два гады п’есы. Там сумы вельмі мізэрныя. А ў сувязі з інфляцыяй яны змяншаюцца з кожным днём, — падзяліўся з карэспандэнтам «Салідарнасці» літаратар. — У той самы час, калі беларускія драматургі не могуць атрымаць ганарар — мільён ці максімум тры мільёны рублёў, да нас прыязджаюць чужыя акцёры і за пяць хвілін на сцэне ім плацяць ад 10 да 15 тысяч еўра. Насамрэч праблема з аплатай існуе на працягу апошніх 10–15 гадоў.
Таксама Сяргей Чыгрын параіў міністру масавыя мерапрыемствы, асабліва ў рэгіёнах, ладзіць па-беларуску, выдаваць зборнікі п’ес ды рассылаць іх па тэатрах і дамах культуры, аднавіць часопіс «Тэатральная Беларусь».
 



Любоў Кавалёва

kavaliova_liubou.jpg


Праваабаронцам года стала Любоў Кавалёва, маці расстралянага па справе аб тэрарызме Уладзіслава Кавалёва. “Тварам і голасам кампаніі супраць смяротнага пакарання назвала Любоў Кавалёву лідар “Праваабарончага альянсу Любоў Гразнова.
Беларускія праваабарончыя арганізацыі ўручылі штогадовыя прэміі за дасягненні ў галіне абароны правоў чалавека ў сваёй прафесійнай дзейнасці. Прэмія была заснавана міжнароднай арганізацыяй “Праваабарончы альянс (Літва), аднак з 2011 года яна стала нацыянальнай. Намінантаў вызначаюць прадстаўнікі васьмі грамадскіх арганізацый краіны, сярод якіх незарэгістраваны праваабарончы цэнтр “Вясна, грамадскія аб’яднанні  “Беларуская асацыяцыя журналістаў, “Цэнтр прававой трансфармацыі, камітэт у абарону правоў рэпрэсаваных “Салідарнасць. Прэмія ўручаецца ў трох намінацыях: “Праваабаронца года, “Адвакат года і “Журналіст года.
Журналістам 2012 года прызнаны Андрэй Пачобут, якому пагражае пакаранне ў выглядзе абмежавання або пазбаўлення волі да пяці гадоў. Журналіст не прызнае сябе вінаватым і адмовіўся даваць паказанні следству.
Лаўрэатамі прэміі ў намінацыі “Адвакат 2012 сталі Аліна Шостак і Альвіна Дрыга. Яны былі абаронцамі грамадскіх актывістаў, у тым ліку па адміністрацыйных справах.
 



Алесь Лапо

ales_lapo.jpg


Сёлета Гран-пры форуму альтэрнатыўнага малабюджэтнага кіно Беларусі «КінаVarka» рашэннем журы не прысудзілі ніводнаму з 36 фільмаў, якія ўвайшлі ў шорт-ліст.
«Па большасці галасоў журы фестывалю ў нас не было лідара, — паведаміў на цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў рэжысёр, прадзюсар тэлекампаніі “Карамболь Уладзімір Максімкаў, перадае БелаПАН. — Але для таго, каб вы не думалі, што мы хочам пакінуць нашы прызы сабе, рондаль грошай і камеру для здымак у экстрэмальных умовах мы аддамо фільму, які часцей за ўсіх трапляў у намінацыі журы. Такое рашэнне нам падказаў старшыня журы рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў». У выніку матэрыяльна быў прэміраваны журы кароткаметражны фільм «Вандроўнік не вернецца» Алеся Лапо.
“395 дзён, 25 тысяч кіламетраў, 13 краін Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі… Пасля доўгай вандроўкі Кірыл Краўцоў вярнуўся ў Беларусь, каб даць новае жыццё вымерлай вёсцы, перайсці на беларускую мову і проста прымаць гасцей… — так апісвае сюжэт сваёй стужкі аўтар. Фільм можна знайсці для прагляду ў інтэрнэце. Гэтая ж стужка перамагла на форуме «КінаVarka» ў намінацыі «Лепшы дакументальны фільм».
Сцэнарыст і драматург Андрэй Курэйчык падчас цырымоніі ўзнагароджання адзначыў: «У мяне ёсць адчуванне, якое з’явілася ў мінулым годзе, а ў гэтым узмацнілася, што мы на мяжы нейкага прарыву. Мы павінны стварыць шмат новага, цікавага, альтэрнатыўнага кіно. І для гэтага «КінаVarka» шмат зрабіла. Я не згодны з песімізмам, калі думаюць пра закрыццё кінафоруму. Гэты фестываль нам патрэбны. Гэта той горан, з якога выплаўляюцца сапраўдныя кінематаграфісты і рэжысёры».
Форум альтэрнатыўнага малабюджэтнага кіно Беларусі «КінаVarka» адбыўся ў чацвёрты раз.