Ганна Севярынец: Выраз «размаўляю на мове» такі ж непрыймальны, як і «Белоруссія»

Ганна Севярынец на сваёй старонцы ў фэйсбуку разважае, як пазбегнуць непрыемных моўных дыскусій «сярод сваіх» чалавеку, які пачынае пісаць альбо размаўляць па-беларуску.

mova_20.jpg

Насамрэч ніхто з нас, людзей, якія далучаюцца да беларускай мовы ў дарослым узросце, не пазбег непрыемных сітуацый, калі нехта больш дасведчаны робіць нам заўвагу.

Гэта амаль заўсёды непрыемна, асабліва калі ўлічыць, што ў момант змены мовы чалавек надзвычай уразлівы. Тады нават карэктныя заўвагі ўспрымаюцца балюча.

Ёсць адзін шыкоўны спосаб:

Не спрачацца. Падзякаваць і паправіцца.

Калі я пачынала пісаць па-беларуску, і атрымлівала дзясяткі заўваг у дзень, публічна і ў прыват, я ўзяла сабе цудоўную фармулёўку, якой карысталася тагачасная «Наша Ніва» ў каментарах: яны пісалі ў адказ на моўныя заўвагі два словы. «Дзякуй, выправілі».

Ну, і каб два разы не ўставаць. Існуюць два моўныя трыгеры, на якія вельмі хваравіта рэагуе беларускамоўны інтэрнэт. Гэта, канешне, «Белоруссия», і гэта выраз «размаўляць на мове». Абодва — зневажальныя. Тут нельга пісаць «гэта мая думка», «а я так прызвычаіўся», «насамрэч тут няма нічога зневажальнага» і наогул лепей не дыскутаваць, калі не хочацца трапіць у круты замес праведнага бульбасрачу. Выраз «размаўляю на мове» такі ж непрыймальны, як і «Белоруссія».

Таму не крыўдуем, а проста спакойна, з усмешкай выпраўляемся. Уменне падзякаваць за заўвагу і выправіцца дадае чалавеку ў карму і рэпутацыю мільён плюсікаў.

Чым можна замяніць выраз «размаўляю на мове»: размаўляю па-беларуску, пераходжу на беларускую, прыглядаюся да нашай мовы, вырашыла далучыцца да свайго.