Хронікі рэпрэсій за 21 лістапада
Працягваецца ціск на Міколу Статкевіча, у Беларусі назвалі новых экстрэмістаў і новыя «экстрэмісцкія фармаванні». З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 21 лістапада.
- Новыя экстрэмісты — Instagram Маргарыты Ляўчук
Старонку спявачкі Маргарыты Ляўчук у Instagram другі раз прызналі «экстрэмісцкай»
10 кастрычніка гэта зрабіў суд Маладзечанскага раёну, а 16 лістапада гэта рашэнне прадубляваў суд Мазырскага раёну, асобна пазначыўшы, што «месцазнаходжанне акаўнта — Рэспубліка Літва».
Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі
- Telegram-канал «Мужыцкая Праўда»;
- Instagram-старонка «politzek.mе»;
- Старонка ў «Аднакласніках», Facebook «Это Минск, детка», Telegram-бот «Это Минск, детка», а таксама электронная пошта thisminsk@protonmail.cоm.
- У Беларусі новыя «экстрэмісцкія фармаванні» — чат «Окрестина задержанные» і канал «Кааліцыя пратэстных двароў»
Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 10 і 15 лістапада адпаведна.
Асобна пазначаны прозвішчы людзей, якія нібыта маюць дачыненні да ініцыятываў:
«Окрестина задержанные»: Яўгенія Рубцова, Алена Памаха, Рыта Мельнікава, Юры Шаўлюкевіч, Ірына Нікалаева і Таццяна Севярына.
«Кааліцыя пратэстных двароў»: Дзяніс Баранаў і Віталь Іваноў.
- У Глыбокім за «распаўсюд экстрэмізму» на 10 сутак арыштавалі начальніка гаспадарчага аддзела кадастравага агенцтва
Як стала вядома праваабаронцам «Віцебскай Вясны», 30 кастрычніка суддзя Глыбоцкага суда Аляксандр Аляксеенка пакараў 10 суткамі глыбачаніна Сяргея Троцкага, начальніка гаспадарчага аддзела Глыбоцкага філіяла РУП «Віцебскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры» паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Паведамляецца, што мужчына на сваёй старонцы ў «Аднакласніках» размясціў «экстрэмісцкі матэрыял» і спасылку на «экстрэмісцкі» Youtube-канал.
У судзе Троцкі прызнаў сваю віну часткова, але ўсё адно суддзя Глыбоцкага суда пакараў яго 10 суткамі арышту. Мабільны тэлефон не быў канфіскаваны, яго вярнулі ўладальніку. Але пасады начальніка гаспадарчага аддзела Глыбоцкага філіяла РУП «Віцебскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры» малады чалавек быў пазбаўлены.
- Чатыры гады «хіміі» і 100 базавых велічынь штрафу: мінчуку вынесены прысуд за шматлікія абразы
Да чатырох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і штрафу ў памеры 100 базавых велічынь асудзілі жыхара Мінска, прамоўтара Уладзіслава Мураўскага па шэрагу пратэсных артыкулаў. Судовы працэс у судзе Ленінскага раёна Мінска вяла суддзя Юлія Шчоткіна.
Па матэрыялах абвінавачання, Уладзіслаў неаднаразова публічна абражаў прадстаўнікоў улады ў тэлеграм-каналах і чатах («Каратели Беларуси», «Чат-Партизан», «Мая краіна Беларусь»), а таксама разгалошваў іх асабістыя дадзеныя.
Дапытаны ў судовым пасяджэнні Мураўскі не прызнаў сябе вінаватым, спаслаўшыся, што нічога не памятае з нагоды дачы ім паказанняў і размешчаных у інтэрнэце каментароў у сувязі з наяўным у яго псіхічным захворваннем у форме змешанага расстройства асобы, пасля чаго адмовіўся даваць якія-небудзь тлумачэнні.
- Сілавікі затрымалі жыхарку Магілёва, якая вярнулася ў Беларусь з Варшавы
На «палонным відэа» дзяўчына кажа, што працуе ў салоне прыгажосці і да гэтага 2 гады жыла ў Польшчы. Сілавікі паведамляюць, што ў дачыненні да затрыманай складзены пратакол за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў, а яе новы Iphone 15 Pro быў канфіскаваны.
Паводле інфармацыі mediazona, затрыманая — Валерыя Стахоўская.
- Палітзняволеную ўраджэнку Украіны асудзілі па «справе карагодаў» у Брэсце
Суд Брэсцкага раёна 20 лістапада асудзіў да трох гадоў «хатняй хіміі» 51-гадовую палітзняволеную ўраджэнку Украіны Алену Дзмітрыеву. Як піша @viasna_brest, жанчыну прызналі вінатай паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) па масавай палітычна-матываванай «справе карагодаў». Прысуд вынесла Вольга Сухадольская.
Алена Дзмітрыева нарадзілася ва Украіне, мае беларускае грамадзянства, доўгія гады пражывала ў Брэсце. Яе затрымалі напачатку жніўня пасля паездкі ў Польшчу па закупы. На пашпартным кантролі памежнікі зацікавіліся, тым, што жанчына нарадзілася ва Украіне. Яе перадалі невядомым людзям у цывільным, якія запатрабавалі тэлефон.