Святы ў няволі

Гэтыя Каляды за кратамі сустрэнуць 12 палітычных вязняў. Акрамя іх у Беларусі хапае і іншых нявінна асуджаных — напрыклад, па эканамічных справах. Усім ім давядзецца адзначаць святы не ў коле сяброў і родных, але ў халодных камерах.



20101027_153950.jpg

Студэнтку філфака БДУ Аксану Ючкавіч разам з сотнямі іншых пратэстоўцаў затрымалі 19 снежня 2010 года на пляцы Незалежнасці ў Менску. Дзяўчыне далі 10 дзён зняволення. За гэты час паспела змяніць тры камеры. У першай, разлічанай на траіх, сядзела сем чалавек, у наступнай 14 замест васьмі, а на Раство трапіла ў "чацвёрку", дзе сядзела васьмёра.
Аксана Ючкавіч распавяла: "Усе дзяўчаты ў камеры былі з затрыманых пасля выбараў… Я сказала ім, што каталічка, распавяла, як мы святкуем Каляды, узгадала ўсе сямейныя традыцыі і патлумачыла, што зараз хачу хоць нейкім чынам гэта працягнуць".
"Аплаткі ў камеру лепш не перадаваць"
Пасля вячэры 24 снежня, прыкладна а 20-й гадзіне, у паўзмроку, мы сабраліся ў кола. Вокнаў не было, а краты пакрытыя вапнай, і дзённага святла не бачна. Дзірачкі ў вапне былі, але вельмі малыя. Таму ў камеры ўвесь дзень асвятленне аднолькавае — ад лямпачкі ў 60 ват. Арыентавацца ў часе мы маглі, таму што ў адпаведны тэрмін давалі ежу…
Паколькі ў камеры было шмат людзей, а месца мала, уся падлога была засланая матрацамі, на якіх мы спалі. Таму проста акуратненька раскладі ўсю ежу на нейкі спальнік, селі вакол. Свечкі, канешне, не было. А вось аплаткі сябры прынеслі разам з паштоўкамі, толькі тут іх нам не аддалі. Сказалі, што “гэта невядома што, і лепей у камеру не перадаваць". Таму замест аплатак мы ўзялі хлеб, які нам прынеслі на вячэру, і падзяліліся ім.
Была спроба палікаць святара. Яшчэ ў ноч з 20-га на 21-е, калі мяне прывезлі ў вязніцк, начальнік турмы зайшоў у камеру і запытаўся: што вам трэба? Мне на той момант вельмі былі патрэбныя раствор і кантэйнеры для лінзаў, бо вельмі балелі вочы. Па-дургое ж, я папрасіла паклікаць святара, каб мець магчымасць на святы паспавядацца і прыняць Прычасце. Прылады для лінзаў мне хутка перадалі, а вось наконт святара ніякай рэакцыі, на вялікі жаль, не было. Нават калі потым мы з дзяўчатамі склалі пісьмовую просьбу.
“Першыя Каляды за кратамі? Калі ж гэта было…
Сустаршыня партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павал Севярынец адзначаў Каляды ў зняволенні ўжо чатыры разы. Першыя два 2006 і 2007 гады — на “хіміі" ў вёсцы Малое Сітна (Полацкі раён Віцебскай вобласці), калі быў абвінавачаны ў арганізацыі акцыяў пратэсту супраць балатавання Аляксандра Лукашэнкі на трэці прэзідэнцкі тэрмін.
Раство 2011 года Павал сустрэў у менскім СІЗА КДБ. У ноч на 20 снежня яго затрымалі на выхадзе з плошчы Незалежнасці. Палітыка зноў прысудзілі да “хіміі", і ў гэтым годзе ён апынуўся ў вёсцы Куплін (Пружанскі раён Берасцейскай вобласці).
“Традыцыі святкавання за кратамі простыя: усё вызначаецца правіламі распарадку. З таго, што ёсць пад рукой у асуджаных, ствараецца нейкае падабенства святочнага стала. Малітва. І трошку болей, чым звычайна, людзі перамаўляюцца, калі ўжо ляжаць на нарах", — кажа Севярынец.
З памятнага
— На Новы 2007-ы год мяне пакінулі аднога ў бараку камендатуры, а ўсім астатнім зняволеным дазволелі паехаць дамоў. І ўдзень 31-га, як снег на галаву, прыехалі да мяне бацькі! Прыгатавалі святочную вячэру, тата і матуля пабылі навагоднюю ноч, а на раніцу паехалі. Дазволілі гэта, я так адчуваю, таму, што ўсё начальства ўжо святкавала Новы год, — прыгадвае Севярынец.
Умовы на хіміі былі вальнейшымі, чым у амэрыканцы. Але з іншага боку — на Раство ў Малым Сітна лепей не выходзіць з хаты! Бо п’яны народ — гэта штосьці з нечым: сярод вяскоўцаў — п’янкі і бойкі. Прыязджае дзяжурыць участковы, хуткая дапамога. Практычна не было іншых варыянтаў святкавання, трэба было сядзець, зачыніўшыся ў пакоі.
Ялінка надакучыла
— І елак у Малым Сітне не ставілі. Як гэта ні дзіўна, там няма такой традыцыі. Бо елка дастае ўсіх яшчэ ў лесе, дзе працуе большая частка сіцінцаў. Усім яна надыкучыла.
Без ялінкі давялося абыйсціся таксама і ў 2010-м. Бо калі апынуўся ў СІЗА КДБ, для ўсіх гэта было нечакана: і для самога СІЗА, і для затрыманых.
Быў там святочны стол. Замест стала была "шконка-верталёт". Гэта дзверы, на якіх спалі тыя, каму не хапала месца. Такія дзверы разварочвалі паміж нарамі, на іх расстаўлялася ежа — былі і мандарыны, і сыр, і рыба. Бо ў СІЗА дазволеныя перадачы, а сядзяць там ня бедныя людзі: са мной у камеры былі “эканамічныя" — тыя, хто не падзяліўся ці перайшоў камусьці дарогу. Звычайны кантынгент сённяшніх турмаў СІЗА КДБ.
Але а 22:00 — адбой. Нікуды не дзецца: усё прыбіраецца. У суседніх камерах таксама асабліва не святкавалі, таму што гэта лічыцца парушэннем распарадку, якое цягне за сабой наступствы. Народ сядзеў ціха, як мае быць. Бліжэй да 12-й гадзіны было чуваць, як выбухаюць петарды за вакном. Але на той момант я, здаецца, ужо спаў.
Усё роўна — лепш, чым у турме
— Мінулы год на праваслаўнае Раство настаяцель царквы, куды я хаджу штонядзелі, выпрасіў мяне на чатыры гадзіны на ўсяночную. Гэта, канешне, было чароўна! Мора людзей, і было вельмі прыемна, бо пасланне мітрапаліта Філарэта і патрыярха Кірыла чыталі па-беларуску. І спявалі беларускія калядкі! Пасля, канешне, давядося ехаць назад, зноўку ў камендатуру.
На гэтыя святы я 25-га абтэлефаную і павіншую каталікоў, а 7-га — праваслаўных. Буду пісаць лісты, таму што ў мяне засталося яшчэ некалькі дзясяткаў іх з мінулага Раства — каб закрыць год, мне трэба за некалькі дзён усім адпісаць! Ну і, відаць, малітва, лёгкі святочны стол з таго, што ёсць.
Самае галоўнае ва ўсіх гэтых святах, мне здаецца, — малітва, мір у сэрцы і быць разам з блізкімі. Ну, апошняе, напэўна, тут атрымаецца па тэлефоне. Але ж — дзякуй Богу! Вязні ў турмах не маюць і такой магчымасці. Ні ялінкі, ні званка да хаты, — сказаў Павал.
.
belsat.eu