Які патэнцыял маюць беларускія балоты?

У балота альбо адразу ўлюбляешся, альбо не прымаеш яго. Так, не кожны чалавек зможа працаваць у палявых умовах пад пільным «наглядам» камароў і сляпнёў, тым больш што там хапае і экстрыму, і бруду. У летнія дні наогул тут будзеце адчуваць сябе як у лазні — там горача і высокая вільготнасць. Але хоць бы раз у жыцці наведаць балота варта, піша zviazda.by.



17_33_kopiya_1.jpg

Экстрэмальныя сцежкі, «дарожныя знакі» і падарожжа ў часе

Вы ўбачыце неверагодную прыгажосць, напрыклад, сосны, што растуць на балоце, — сапраўдны беларускі «бансай». Не высокія, каля метра ці крыху вышэйшыя, яны могуць прымаць розныя дзівосныя формы. А вывернутае карэнне (на балоце каранёвая сістэма не стрыжнёвая, а паверхневая) у прыцемках наогул нагадвае нейкія фігуры. Гэта можна выкарыстоўваць у турызме і расказваць гасцям пра балотнікаў і нейкіх неверагодных таямнічых пачвар. А яшчэ балота — выдатны матэрыял для вывучэння.

Студэнцкая практыка на балоце — як рэаліці-шоу. Гэта новыя адчуванні, пахі, колеры, смакі. Задзейнічаны ўсе органы пачуццяў, — заўважае загадчык кафедры батанікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Алег Созінаў. — Зараз у моладзі вялікі дэфіцыт рэальнасці. Мне не падабаецца імкненне зрабіць навучанне віртуальным, калі нават замест лабараторыі выкарыстоўваецца камп'ютар. Тыя ж дыстанцыйныя формы, вэбінары не могуць замяніць традыцыйных заняткаў. Ды і самі студэнты заўважаюць, што ім цікавейшыя жывыя зносіны, дыскусія, узаемадзеянне. На жаль, сёння большая частка моладзі «паркетная», яна хоча, каб было зручна, каб не капала на галаву, не кусаліся мошкі. Насамрэч прырода не такая, як на экране манітораў. Студэнты думаюць, што на балоце небяспечна, іх можа зацягнуць у багну. Але калі прыязджаюць — здзіўляюцца. Як папрацуюць, перапэцкаюцца ўсе, расянку пакормяць, дык іх адтуль не выгнаць.

Магчыма, менавіта недахоп такіх заняткаў — адна з прычын таго, што мала маладых людзей выбіраюць прафесіі, звязаныя з «жыццём» на балоце. Так, справа гэта не з лёгкіх, даводзіцца працаваць у любое надвор'е — і ў спёку, і ў холад, — пераадольваць вялікія адлегласці. А часам на балоце гэта не так проста: бывае, што на тое, каб прасунуцца на метраў сто, ідзе каля гадзіны. Напрыклад, каб зрабіць карту расліннасці, вучоныя павінны выйсці на пэўныя месцы, дзе яны будуць апісваць усе віды. Трэба так разлічыць свой час, каб да прыцемкаў выбрацца з балота. Але прырода часта падкідвае розныя сюрпрызы. Так, на месцы вы можаце сустрэць зусім не тое, што было на карце. Калі там завяліся бабры, яны кардынальна змянілі тэрыторыю. І каб дабрацца ў патрэбнае месца, трэба плыць. Бывае, што дзейнасць баброў прыносіць карысць экасістэме, але часта яны наносяць і шкоду чалавеку. Асабліва церпяць лясныя гаспадаркі: калі падымаецца ўзровень вады, знішчаюцца буйныя дрэвы і нават цэлыя лясныя масівы. Супрацьстаяць звярку не так проста, разбураныя плаціны ён здольны аднавіць за ноч.

— Я нават казаў заолагам: «Займіцеся дрэсіроўкай баброў, каб яны рабілі плаціны там, дзе трэба, гэта ж якая эканомія, — жартуе Алег Созінаў. — А звяркі маглі б яшчэ і сэрвісам займацца — рамантаваць свае збудаванні».

На балоце вас могуць чакаць неверагодныя сустрэчы. Неяк геабатанік працаваў на Дзікім (балота ў Белавежскай пушчы), рабіў апісанне, а ззаду стаяў лось — пэўна, глядзеў, ці правільна вучоны там усё запісвае.

Непрадказальная і брудная праца — далёка не адзіная прычына дэфіцыту будучых кадраў. «Маладыя розумы» перахопліваюць іншыя модныя навуковыя галіны. Так, многія студэнты выбіраюць геноміку. Гэта праца ў чыстаце, у лабараторыях, фіксаваны працоўны дзень, вялікія грошы.

Хоць, як заўважае Алег Віктаравіч, «людзі на балоце» таксама здольныя зарабіць. Добрыя спецыялісты запатрабаваныя, яны могуць удзельнічаць у разнастайных праектах, у тым ліку займацца гасдагаворнай дзейнасцю. Трэба толькі быць вельмі мабільным, умець падаваць сябе, свае веды. Кірункі работы тут самыя розныя: вывучэнне расліннасці, абгрунтаванне стварэння ахоўных тэрыторый, аднаўленне балот, распрацоўка турыстычных маршрутаў. Часта здабытая геабатанікамі інфармацыя выкарыстоўваецца іншымі вучонымі. Так, калі ёсць карта расліннасці, арнітолагі змогуць сарыентавацца і спрагназаваць, дзе павінны сустракацца пэўныя віды.

Балота — гэта і своеасаблівы летапіс мінулага. Торф захоўвае вялікі аб'ём інфармацыі. Калі браць яго пробы, па ім можна аднавіць усю гісторыю балота, даведацца, калі што тут расло. Акрамя таго, у торфе добра захоўваецца пылок раслін, па якім таксама можна «чытаць» гісторыю мясцовасці. Сёння можна датаваць нават вуголле, якое захавалася на балоце. Дзякуючы такім інфармацыйным падарожжам у часе можна высветліць, якім быў клімат, і рабіць прагнозы на будучыню.

Да таго ж балоты падносяць падарункі археолагам і адкрываюць новыя старонкі з гісторыі Беларусі.

Багата на балоце лекавых раслін. Прыгадаем парасткі багуну, ягадныя расліны, шабельнік, карэнне якога дапамагае пры хваробах суставаў. Сёння ў фармакалогіі выкарыстоўваецца і кара вярбы, лісты бабку трохлістага. З вятроўніку атрымліваецца духмяны чай.

А які патэнцыял у балот для турыстычнай галіны! «Неяк мы прыдумвалі свой багналэнд, фантазіравалі, якія атракцыёны можна рабіць на балоце: скачкі з тарзанкі ў мачажыну, спуск на хадулях і іншае», — жартуе Алег Віктаравіч.

Хоць сапраўды над распрацоўкай экстрэмальных тураў для «палескіх рабінзонаў» можна было б паламаць галаву і стварыць папраўдзе цікавыя маршруты, каб падчас іх чаргаваліся розныя мясціны, — мачажыны, азяркі, грады, сплавіны. Можна ісці па такіх участках, дзе будзе здавацца, што зямля пад нагамі жывая, трасецца... Адзінае, што трэба вельмі асцярожна падыходзіць да стварэння падобных маршрутаў, планаваць нагрузкі. Балоты вельмі ўразлівыя, пасля вытоптвання экасітэма можа аднаўляцца гадамі.

І абавязкова турыстаў на балоце павінны суправаджаць вопытныя экскурсаводы, бо трэба прытрымлівацца пэўных правілаў, каб не трапіць у бяду.

Я на балоце сябе адчуваю як аўтамабіліст на дарозе, там усё «напісана»: расліны як дарожныя знакі. Кожны від, згуртаванне, расліна кажуць, што цябе чакае ў пэўным месцы, куды хадзіць не трэба. Так, лепш не сунуцца туды, дзе расце бабок трохлістны, быць асцярожным, дзе сядзяць чаротнік, асака. Калі ж вы бачыце кустоўе, верас,буякі, багун — гэта нармальны субстрат, нятопкі. Калі сустрэнеце сфагны і яны салатавыя, прывабныя, як у казках, што хочацца прылегчы, — ні ў якім разе не рабіце гэтага, каб не трапіць у бяду. Наогул самыя прыгожыя мясціны на балоце якраз могуць быць небяспечнымі. Кожнае згуртаванне, расліна — гэта індыкатары, яны кажуць, якое тут увільгатненне, землі, — папярэджвае Алег Созінаў.

 

17_34_kopiya_1.jpg

Даследчыкі ўпэўненыя, што балоты тояць яшчэ шмат загадак. Часам добра вывучаныя расліны падкідваюць сюрпрызы. Іх можна сустрэць ва ўмовах, дзе, здавалася б, яны ні ў якім разе не павінны расці. Чаму, напрыклад, лугавыя зёлкі, якія растуць на сухіх тэрыторыях, раптам апынуліся на балоце? Як павядуць сябе расліны ў экстрэмальных умовах? Шмат новай інфармацыі пра прыстасаванне раслін падкінулі балоты летам у сухія май і чэрвень.

Прырода шматгранная, яна не ўпісваецца ў нашу штучную класіфікацыю. Табе падаецца, што такога не можа быць, але ты заўважаеш, што на балоце так бывае. Класіфікацыя — гэта толькі наша бачанне аб'ектаў. І трэба ўмець пераадольваць стэрэатыпы, — заўважае геабатанік. — Так, акрамя палявой працы трэба ўздымаць руднікі інтэлектуальныя. Самае цяжкае — матэрыял апрацаваць, знайсці логіку, выявіць заканамернасці, зрабіць высновы. Гэта гігабайты інфармацыі, якія трэба архіваваць і ў зручнай форме паднесці заказчыку ў выглядзе справаздач, навуковых артыкулаў. Часам ёсць даныя, а падаецца, што яны нязвязныя. Ты быццам не ўзяў вагу, але адклаў усё на нейкі час, знайшоў новую інфармацыю, параіўся з калегамі — і ўбачыў заканамернасць, якая ёсць у расліннасці. Вучоным, як і спартсменам, трэба заўсёды трымаць форму, сачыць, што зрабілі калегі, якія ёсць новыя методыкі, імкнуцца адкрыць новае, знайсці агульную мову з расліннасцю. Чаму пэўная расліна такая, чаму расце ў пэўным месцы, пра што гэта гаворыць? Тут мы як перакладчыкі.

Як адзначае Алег Созінаў, вучоных чакае яшчэ шмат работы. На сёння мы ведаем прыродны свет толькі па частках, яшчэ трэба высвятляць, як узаемадзейнічаюць расліны, напрыклад, з тымі ж апыляльнікамі, як функцыянуюць харчовыя ланцужкі. Няма стэрыльных раслін у прыродзе, у іх і на іх нехта жыве, гэта можа ўплываць. Таму сёння вучоныя з розных галін аб'ядноўваюцца і робяць комплексныя праекты. І магчымасць папрацаваць у такой камандзе, а часта і разам з замежнымі вучонымі, — яшчэ адзін плюс у рабоце на балоце.

Трэба сказаць, што шлях на балоты адкрыты не толькі вучоным. Маладыя людзі, якія пакуль толькі вызначаюцца з будучай прафесіяй, таксама могуць паспрабаваць сябе ў ролі «палескіх рабінзонаў». Іх чакаюць валанцёрскія праекты, сустрэчы з даследчыкамі і багата пазнавальнай інфармацыі на сайце bаhnа.lаnd. 

Алена Дзядзюля, zviazda.by 

Фота Анатоля Клешчука