Еўрапейскі каледж для лекавання адчаю

Для тых, хто шукае гуманітарных ведаў і самаўдасканалення, у кастрычніку пачынаюць новы навучальны год Беларускі калегіум і Лятучы ўніверсітэт. А сёлета да гэтых двух асяродкаў нефармальнай адукацыі далучыўся новы праект – ECLAB, які ўяўляе сабой вечаровыя курсы па мадэлі Liberal Arts Education.



1s8seduu.jpg

Каб трапіць у ECLAB, ці еўрапейскі каледж, прэтэндэнты пісалі эсэ і праходзілі сумоўе. Стваральнікі і выкладчыкі, сярод якіх Аляксей Братачкін, Вольга Шпарага, Аляксандр Адамянц, Лідзія Міхеева ды іншыя беларускія інтэлектуалы, хацелі, каб у невялікія групы трапілі самыя матываваныя студэнты, бо курс прадугледжвае цэлы год навучання, па выніках якога найлепшыя ўдзельнікі атрымаюць летнюю стажыроўку ў адным з еўрапейскіх універсітэтаў. Набор ужо завершаны, заняткі, якія будуць праходзіць вечарамі два разы на тыдзень, пачынаюцца літаральна ў найбліжэйшыя дні.

Схема навучання простая і дазваляе паспрабаваць сябе ў розных сферах гуманітарнай навукі. У пачатку года студэнт абірае сваю спецыялізацыю і атрымлівае тры абавязковыя курсы і тры курсы на выбар. Праз паўгода працэдура паўтараецца, такім чынам за год кожны ўдзельнік праходзіць шэсць абавязковых курсаў і шэсць на выбар.

Пра тое, што такое нефармальная адукацыя, чым ECLAB адрозніваецца ад іншых незалежных адукацыйных праектаў і чаму варта вучыцца, скончыўшы беларускую ВНУ, мы пагаварылі з Лідзіяй Міхеевай, адной з выкладчыц каледжа. Дарэчы, курс, які Лідзія будзе чытаць неўзабаве, называецца «Уяўны свет масавай культуры» – пра тое, як розныя моманты нашай паўсядзённасці, ідэнтычнасці, сацыяльных праблемаў адлюстроўваюцца ў блакбастарах і папулярных серыялах.

– Хто гэтыя людзі, якія трапілі ў першы набор вашага каледжа?

– У асноўным гэта студэнты, якія яшчэ вучацца, але ёсць і людзі з негуманітарнай адукацыяй за плячыма, былі і тыя, хто даўно працуе ў розных культурных сферах, медыя-бізнесе, і адчулі, што ім мала журфака БДУ. Карацей, многія захацелі апгрэйду сваёй афіцыйнай адукацыі за кошт курсаў спецыялізацыі “Масавая культура і медыі”, “Публічная гісторыя”, “Сучаснае грамадства: этыка і палітыка”.

– Якую форму заняткаў, апроч лекцый, вымагае мадэль “Liberal Arts Education”?

– Лекцыі як пэўны дыдактычны метад традыцыйнай беларускай адукацыі ў нас не з’яўляюцца базавай формай працы. Не адмаўляючыся ад іх поўнасцю, мы ўсё ж лічым, што павінная быць больш сіметрычная камунікацыя паміж выкладчыкамі і студэнтамі. “Liberal arts” павінен навучыць крытычнаму мысленню, здольнасці пісаць і эфектыўна чытаць тэкст, даць магчымасць самастойна зрабіць даследчы праект, зразумець, што такое даследаванне ў сацыяльных навуках, і працаваць у камандзе. У гэтым ёсць адрозненне еўрапейскага каледжа ад Беларускага калегіума. Ён усё-такі меў місію стварэння нацыянальнай эліты і даваў веды гістарычныя, звязаныя з культурай і філасофіяй, на высокім узроўні перапрацаваныя класнымі спецыялістамі, тым жа Сяргеем Харэўскім альбо Ігарам Бабковым. Гэта фактычна аўтарскі курс, аўтарскае пасланне, што такое ўвогуле Беларусь, якое слухач можа прыняць ці не прыняць. Мы ж спрабуем зыходзіць з таго, што чалавек, які прыходзіць у наш каледж, знаёміцца з тымі дыскусіямі, што ўзніклі ў еўрапейскім сацыяльна-палітычным і філасофскім полі, і сам у ім пачынае выбудоўваць сваё бачанне Беларусі і сябе ў Еўропе і свеце.

budzma.by__wp_content_uplo_2cb8e86dbecf864ef11252b1c55025e9.jpeg

Я прывяду прыклады нашых курсаў, што маюць нават падкрэслена дыскусійныя назвы. У Вольгі Шпарагі і Аляксандра Адамянца ёсць сумесны курс “Спрэчкі пра гуманізм: пазіцыя інтэлектуала”,  у Андрэя Ралёнка – “Што такое “добрае грамадства”?” Курс Аляксея Братачкіна – “Дэбаты пра гістарычнае мінулае Беларусі”.

Як аналізаваць ідэалагічныя моманты ў публічнай і культурнай палітыцы Беларусі, як ставіцца да таго, што ў нас адбываецца ў сферы сямейнага альбо гендарнага рэгулявання, да таго, як фармуецца нашая ідэнтычнасць з беларускімі апазіцыйнымі і дзяржаўнымі элітамі, да ўвекавечання памяці Вялікай Айчыннай вайны і іншых гістарычных падзей? Мы паспрабуем не загрузіць слухача гатовым блокам ведаў, а даць інструмент у выглядзе тэорыі, крытычных падыходаў, якія адначасова дазволяць дадзеныя намі веды прымяняць.

— Сайт KYKY, калі пісаў пра адкрыццё вашага каледжа, зрабіў акцэнт на тым, што ў ім будуць працаваць выкладчыкі, якія перацяклі да вас з ЕГУ, нядаўна пазбавіўшыся там працы. Ці сапраўды яно так?

— Акцэнт узяўся са столі. Я разумею, што да яго падштурхнула супадзенне, звязанае з тым, што ў ЕГУ не працягнулі сваю працу Вольга Шпарага, Андрэй Ралёнак, Максім Жбанкоў і некаторыя іншыя выкладчыкі. Але сама ідэя еўрапейскага каледжа ўзнікла задоўга да гэтай сітуацыі, і склад выкладчыкаў фармаваўся цягам года. Угледжваць сувязь можна толькі механічную і выпадковую. Іншая справа, што ЕГУ быў і, магчыма, застаецца месцам з вельмі моцнымі кадрамі. Прычым па спецыялізацыях, якіх, напрыклад, у БДУ практычна няма – візуальная культура, гендарныя даследаванні, філасофія. Таму, вядома, у нас перасякаецца падбор выкладчыкаў з тым залатым складам ЕГУ – мінскім і віленскім у яго найлепшыя гады. Ну, напрыклад, Анастасія Дзянішчык, вельмі класны спецыяліст па візуальнай культуры і медыях – выхадзец з яшчэ мінскага ЕГУ, але доўгі час там ужо не працуе. Вольга Раманава, якая кіруе канцэнтрацыяй “Масавая культура і медыі” ў ECLAB, ніколі не выкладала ў ЕГУ, а выкладала ва ВГІКу. Андрэй Ралёнак выкладае на дзвюх канцэнтрацыях – “Сучаснае грамадства: этыка і палітыка” і на “Масавай культуры і медыях”. Ён былы выкладчык ЕГУ. А многія іншыя выкладчыкі – гэта людзі, якія судакраналіся з ЕГУ хутчэй сітуацыйна, працавалі ў беларускіх ВНУ і займаліся аўтаномнымі праектамі.

– А могуць да вас у выкладчыкі трапіць зоркі з тых жа Беларускага калегіума ці Лятучага ўніверсітэта? Альбо ўсё-такі ў вас свой адасоблены асяродак?

– Мы поўнасцю адкрытыя для прапановаў. У нас таксама ёсць зоркі, той жа Аляксей Братачкін — ён на класным узроўні рэфлексуе, як цяпер працуе беларуская гістарыяграфія, Іра Саламаціна – выдатная гендарная актывістка.Вольга Шпарага – адзін з вядучых беларускіх палітычных філосафаў. У нас даволі моцны склад, думаю, што ён цалкам можа пашырацца.

eclab_presentation_top_1280x430_2.jpg

— Святлана Алексіевіч нядаўна сказала, што ў Беларусі паўтара інтэлектуала. Ці можна сказаць, што ваш універсітэт — гэта якраз такое логава і радовішча інтэлектуалаў?

— Так. Разам з іншымі падобнымі ініцыятывамі. Я не ведаю, чаму Алексіевіч сказала, што ў нас паўтара інтэлектуала. Можа, яна мела на ўвазе, што астатнія адносяцца да інтэлігенцыі? Альбо што паўтара інтэлектуала – гэта тыя, хто працуюць выключна на піяр беларускай думкі за межамі Беларусі? Я думаю, што нават у самім коле Святланы Алексіевіч іх у дзясяткі разоў больш.

– У Беларусі пакуль няма еўрапейскай звычкі вучыцца доўга, вучыцца ў любым узросце. Ці можна лічыць ініцыятывы накшталт ECLAB пачаткам такой традыцыі? І ці маглі б сёння тыя курсы і спецыялізацыі, якія вы прапануеце, хоць у нейкай форме існаваць у дзяржаўных універсітэтах?

– Уласна кажучы, яны таму і з’яўляюцца ў якасці нефармальных курсаў, бо немагчымыя ў дзяржаўных ВНУ. Проста таму, што там вельмі жорсткія структуры, якія прымітывізуюцца з году ў год. Скарачаюцца гэтыя няшчасныя гуманітарныя прадметы па гадзінах і змесце, напрыклад, філасофію скрыжавалі з педагогікай і псіхалогіяй. Беларуская дзяржава давяла беларускую гуманітарную адукацыю да такога крызісу, што ў людзей сфармавалася не тое што патрэба, а адчай, усведамленне таго, што трэба проста з’язджаць за мяжу па адукацыю альбо максімальна самаўдасканальвацца. Таму многія беларускія студэнты слухаюць курсы на той жа “Курсеры” (https://www.coursera.org/).

Але адукацыя – гэта не толькі веды, якія могуць быць цудоўна пададзеныя на дыстанцыйным курсе, але і камунікацыя. Якаснай камунікацыі з адэкватнымі людзьмі ў нас таксама бракуе. Такім чынам, усе нефармальныя праекты працуюць для таго, каб забяспечыць чалавека супольнасцю і ўсведамленнем, што не цябе аднаго хвалюе пэўная праблема, а таксама запоўніць нішы па канкрэтных ведах: па гендарных даследаваннях, па візуальнай культуры, па гісторыі, журналістыцы, новых медыях і г.д. Я думаю, што ўсе такія праекты будуць гэты адчай лекаваць і на нерэалізаваныя патрэбы адказваць. Апроч саміх курсаў у нас ёсць лабараторыі, яны ж цэнтры, накшталт творчых майстэрняў. Напрыклад, арт-лабараторыя “Радыус”, гендарная лабараторыя, цэнтр публічнай гісторыі, цэнтр даследавання інтэрнэту. То бок можна прыходзіць сюды, калі маеш пэўныя веды, і пачынаць разам з іншымі ствараць падзеі, тэксты, медыяпраекты.

Аляксандра Дорская, budzma.by