«Калі сітуацыя зменіцца, вярнуся, хачу далей выступаць на спаборніцтвах за Беларусь»

Каб трапіць пад пераслед, у Беларусі не абавязкова ўдзельнічаць у пратэстах. Дастаткова проста мець погляды, адрозныя ад афіцыйных. Быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца. І нават не адзін, як гэта было з 18-гадовым анархістам Паўлам Садоўскім. 

photo5411460091049259241__1_.jpg


Трапіўшы на суткі і атрымаўшы штраф пасля прэзідэнцкіх выбараў, ён не стаў чакаць, калі на яго завядуць крымінальную справу, а з’ехаў з Беларусі.
Беларускі рэжым бачыць пагрозу ў анархістах, успрымаючы іх як экстрэмістаў і нават тэрарыстаў. Таму прадстаўнікоў анархічнага руху напярэдадні значных грамадска-палітычных падзей імкнуцца прэвентыўна ізаляваць. Так адбылося і сёлета напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня.


Паплечнікаў Паўла забралі з працы яшчэ 6 жніўня. Па яго самога людзі ў цывільным прыйшлі, калі пратэсты вось-вось меліся выбухнуць — удзень 10-га. Яго таксама затрымалі на працы, куды ён толькі ўладкаваўся. Потым быў допыт у РУУСе, падчас якога аб яго галаву разбілі яго ж уласны тэлефон — бо адмовіўся сказаць пароль, два пратаколы — аб дробным хуліганстве і супраціве пры затрыманні, трое сутак у Жодзіна і штраф у 5 базавых.
«Мне яшчэ вясной прыходзілі “прывітанні”: пару разоў майму трэнеру казалі, што я нібыта займаюся закладкамі, і яшчэ што я нібыта закідаў нейкі суд фарбай. Плюс за тыдзень да затрымання быў выпадак, калі я ўвечары выехаў на ровары з дому і мяне фактычна там жа затрымалі, але адпусцілі праз некалькі гадзінаў. Затрыманне было звязана з тым, што я нібыта падаўся падазроным і збіраўся ляпіць нейкія ўлёткі», — распавядае гісторыю свайго пераследу Павел.
Ён перакананы: такая пільная ўвага да яго выкліканая тым, што ён звязаны з анархічным рухам і дзесьці «засвяціўся».
Павел прызнаецца: маральна рыхтаваў сябе да затрымання з таго дня, калі затрымалі яго сяброў.
«Калі па мяне прыйшлі, у мяне былі думкі толькі аб адным: абы не крыміналка».

photo5411460091049259242.jpg


Па словах Паўла, затрыманне і арышт не моцна на яго паўплывалі. Але неўзабаве ён усё ж вырашыў з'ехаць з Беларусі ў Польшчу.
«Я ўбачыў, што нічога не мяняецца, і наўрад ці з такой тактыкай супраціву нешта зменіцца, убачыў, што больш і больш людзей, у тым ліку і маіх знаёмых, сядаюць па крыміналках, і ў любы момант наступным магу аказацца я.
Але з большага я расчараваўся ў беларусах, таму я і з'ехаў. Калі б я быў упэўнены, што, нават калі сяду, то мяне вызваляць, магчыма, я застаўся б. А так я проста разумеў, што мірны пратэст ніяк не падзейнічае, а многія беларусы на нешта большае не гатовыя. Дык навошта ж мне рызыкаваць сваёй свабодай і здароўем, калі нічога не будзе? Шкада толькі людзей, якія ўжо пацярпелі ад гэтага», — разважае хлопец.
Ён дадае, што спачатку быў уражаны салідарнасцю, якая з’явілася ў грамадстве. Але з часам пачаў разумець, што яму небяспечна знаходзіцца ў Беларусі, рана ці позна ён бы проста сеў, і адтуль ужо нічога б не зрабіў.
Да ад'езду Павел Садоўскі вучыўся ва ўніверсітэце на трэнера па тайскім боксе. Дарэчы, на чэмпіянаце Еўропы ў 2019 годзе ён стаў трэцім, апроч таго два разы ездзіў на чэмпіянаты свету ў 2017 і 2019 гадах, але да прызавых месцаў тады не дайшоў.
Яшчэ раней атрымаў спецыяльнасць сталяра, цесляра, станочніка дрэваапрацоўчых станкоў. Цяпер у Польшчы вучыць мову і плануе ўладкавацца на працу па спецыяльнасці. Ён працягвае сачыць за сітуацыяй у Беларусі і дасылае паштоўкі таварышам.
Апроч сяброў у Беларусі засталіся родныя Паўла. Па яго словах, спачатку яны не вельмі станоўча паставіліся да яго рашэння пакінуць краіну. Але калі жорстка затрымалі і завялі крымінальную справу на актывіста анархічнага руху Міколу Дзядка, усвядомілі што гэта было правільнае рашэнне.

photo5411460091049259241.jpg


Для самога Паўла гэты выбар стаў самым складаным з усяго таго, што адбылося з ім цягам апошніх месяцаў.
«Бо я з'язджаў, не ведаючы, куды я еду, што мяне там чакае, з'язджаў, пакідаючы ўсё, што ў мяне было ў Беларусі, — тлумачыць ён. — Цяпер я сябе адчуваю больш-менш нядрэнна, пакуль сяджу тут, пастаянна хвалююся з-за сітуацыі ў Беларусі, але я ўжо нічога не магу зрабіць для гэтага».
Павел не дае прагнозаў адносна таго, як будуць далей развівацца падзеі ў Беларусі і пры існуючай сітуацыі вяртацца на радзіму не плануе.
«Калі сітуацыя зменіцца, тады вярнуся, хачу давучыцца, плюс хачу і далей выступаць на міжнародных спаборніцтвах за Беларусь», — гаворыць ён.