Калонка юрыста

Мы працягваем публікацыю адказаў вядомага юрыста і праваабаронца Алега Волчака на пытанні тых, хто звярнуўся да яго ў грамадскую прыёмную.

- У 2009 годзе прадаў два аўтамабіля, якія належалі мне на праве ўласнасці, ці павінен я за гэта плаціць падатак?

    Сяргееў В. У., Мінск

Мы працягваем публікацыю адказаў вядомага юрыста і праваабаронца Алега Волчака на пытанні тых, хто звярнуўся да яго ў грамадскую прыёмную.
- У 2009 годзе прадаў два аўтамабіля, якія належалі мне на праве ўласнасці, ці павінен я за гэта плаціць падатак?
    Сяргееў В. У., Мінск
У Рэспубліцы Беларусь, у адпаведнасці з Законам «Аб падаходным падатку з фізічных асоб» (у артыкуле 12 падпункта 1.33), вызваляецца ад падаткаабкладання прыбытак, атрыманы ад продажу на працягу каляндарнага года аднаго аўтамабіля. У выпадку продажу двух аўтамабіляў неабходна не пазней за 1 сакавіка 2010 года падаць у падатковую інспекцыю па месцы жыхарства падатковую дэкларацыю. Пры сабе неабходна мець дакументы, якія пацвярджаюць панесеныя вамі выдаткі (дамова куплі-продажу, рахунак-даведка). Гэтыя дакументы неабходныя для таго, каб вы маглі атрымаць маёмасна-падатковы вылік у суме фактычна панесеных выдаткаў. Разлік робіцца шляхам павелічэння выдаткаў на каэфіцыент, які ўлічвае змены індэкса спажывецкіх цэн. Падатак вылічаецца па стаўцы 12 працэнтаў і выплачваецца ў бюджэт не пазней за 15 мая 2010 года.
- Раблю рамонт у кватэры, набыла на будаўнічым рынку для ваннага пакоя кран, які стаў цячы адразу ж пасля ўстаноўкі. Звярнулася да прадаўца, каб замяніць выраб. Аднак прадавец адмаўляецца прыняць яго і спасылаецца на тое, што кран пашкодзілі падчас устаноўкі.
    Сівец І. Б., Віцебск
У Законе «Аб абароне правоў спажыўцоў» гаворыцца, што пакупнік, якому прададзены тавар неналежнай якасці, калі недахопы не былі абумоўлены прадаўцом да набыцця вамі тавару, мае права (на свой выбар) запатрабаваць замены тавару, бясплатнага рамонту, сувымернага змяншэння пакупной цаны або пакрыцця выдаткаў па выпраўленню недахопаў тавару.
Для гэтага неабходна скласці прэтэнзію ў пісьмовым выглядзе і адправіць яе заказным лістом з пацвярджэннем пра атрыманне на юрыдычны адрас прадаўца тавару. Сама прэтэнзія пішацца ў адвольнай форме, але абавязкова ў ёй павінна ўтрымлівацца наступная інфармацыя: назва арганізацыі або індывідуальнага прадпрымальніка, вашы дадзеныя і адрас, сутнасць прэтэнзіі, дзе ўказваецца месца і час набыцця тавару, яго кошт, чэк і апісваюцца недахопы, выяўленыя падчас эксплуатацыі. Абавязкова ўкажыце вашы патрабаванні да прадаўца. Гэту прэтэнзію можна прадубляваць і ў кнізе заўваг і прапаноў, якая знаходзіцца на кожным гандлёвым аб’екце.
- Будую кватэру, але ўвесь час узнікаюць спрэчныя пытанні з забудоўшчыкам. Як на яго знайсці ўправу, як прымусіць выконваць патрабаванні дамовы, куды можна паскардзіцца?
    Краснюк Я. І., Мінск
У адпаведнасці з заканадаўствам, кантроль за парадкам заключэння і выканання бакамі абавязкаў дамовы па стварэнні аб’ектаў долевага будаўніцтва ажыццяўляецца мясцовымі выканаўча-распарадчымі органамі, іншымі словамі, тымі, хто выдаў забудоўшчыку дазвол на долевае будаўніцтва жылога дома. Паводле Адміністрацыйна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (артыкул 3.30), наступныя ўпаўнаважаныя службовыя асобы маюць права складаць пратаколы на выяўленыя правапарушэнні ў галіне будаўніцтва: з Камітэту дзяржаўнага кантролю, Міністэрства фінансаў і фінансавых упраўленняў, мясцовых выканкамаў, з органаў дзяржаўнага будаўнічага нагляду.
- Пражываю ў прыватным доме з зямельным участкам. З суседзямі мяжы і плота няма, увесь час адбываюцца сваркі. Што рабіць?
    Кісліцына А. Я., Фаніпаль
Усе спрэчкі, якія датычаць зямельных пытанняў, вырашаюцца праз суд. Аднак можна звярнуцца ў землеўпарадчую і геадэзічную службу з заявай пра вызначэнне межаў зямельнага ўчастка. На месца выедуць спецыялісты, якія згодна з наяўнай дакументацыяй вызначаць сапраўдныя межы ўчасткаў. Гэта паслуга платная.