Камандуючы УСУ Сяргей Наеў: «Вагнер» у Беларусі — небяспека, але пакуль не пагроза

На тэрыторыі Беларусі знаходзіцца да 6,5 тысяч баевікоў ПВК «Вагнер». Яны ўяўляюць небяспеку для Украіны, але пакуль не з'яўляюцца пагрозай. Пра гэта ў інтэрв'ю «РБК-Украіна» заявіў камандуючы Аб'яднанымі сіламі УСУ генерал-лейтэнант Сяргей Наеў.

Сяргей Наеў. Фота tsn.ua

Сяргей Наеў. Фота tsn.ua

«На сёння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь знаходзіцца да 6,5 тысяч чалавек – наймітаў ПВК “Вагнер”. У ваеннай навуцы ёсць два паняцці — ваенная небяспека і ваенная пагроза. Для грамадзянскіх тлумачу, калі едзе аўтамабіль – гэта небяспека, а калі ён едзе прама на цябе – гэта пагроза. Знаходжанне ПВК “Вагнер” у Беларусі з'яўляецца небяспекай, але калі яны створаць адпаведныя або дыверсійна-выведвальныя групы, або наземную наступальную групоўку, гэта і стане рэальнай пагрозай. Таму мы не чакаем, калі гэтая пагроза ўтвараецца, мы робім усё, каб павысіць нашы абаронныя магчымасці», — сказаў Наеў.

Украінскі генерал адзначыў, што ёсць шэраг прыкмет, якія могуць паказваць на ваенныя пагрозы ў будучыні або на інфармацыйна-псіхалагічную аперацыю, якая працягваецца. Мэтай такіх дзеянняў можа быць адцягненне «ўвагі ад Украіны, перанацэльванне рэсурсаў Польшчы і краін Балтыі на забеспячэнне ўласнай бяспекі, ускладненне паставак вайсковай матэрыяльна-тэхнічнай дапамогі».

Наеў дапускае прымяненне ПВК супраць краін — суседзяў Беларусі. «Намі не выключаецца прымяненне ПВК на тэрыторыі прыгранічных раёнаў Польшчы і Літвы. Найбольш верагодна баевікі ПВК пры садзейнічанні КДБ Беларусі і ФСБ Расіі будуць праводзіць пошук слаба кантраляваных участкаў мяжы, выводзіць з ладу тэхнічныя сродкі назірання і гэтак далей. У выпадку рэалізацыі названага сцэнара праціўнік можа накіроўваць сваю дзейнасць на ўскладненне паставак Украіне ваеннай матэрыяльна-тэхнічнай дапамогі ад краін-партнёраў», — сказаў ён.

Генерал таксама распавёў, што пранікнення ДРГ на тэрыторыю Украіны з Беларусі не было, хоць у цэлым у зоне групоўкі «Поўнач» былі спыненыя чатыры спробы заходу расійскіх груп. Наеў таксама не выключыў магчымасць паветраных правакацый з беларускага боку.

«Улічваючы, што Беларусь з'яўляецца галоўным хаўруснікам РФ у вайне супраць Украіны, усякая паветраная мэта ў першую чаргу будзе разглядацца намі як сродак паветранага нападу або вайсковы аб'ект забеспячэння баявых дзеянняў, таму падлягае неадкладнай паразе. Беларускі бок гэта ясна ўсведамляе», — сказаў ён, адказваючы на пытанне пра беларускія верталёты, якія заляцелі на тэрыторыю Польшчы.

Украінская выведка пастаянна маніторыць сітуацыю, а вайсковае камандаванне робіць усё, каб не дапусціць паспяховых дзеянняў праціўніка.

«Паўторны наступ на Кіеў ніхто ніколі не выключаў. Мы разумеем, што варожыя намеры залежаць толькі ад рашэнняў вышэйшага палітычнага кіраўніцтва РФ. Таму, улічваючы азначанае, такая верагоднасць існуе, але па стане на дадзены момант яна не падмацавана сіламі і сродкамі», — сказаў Наеў.

Аднак, па яго словах, гэта не значыць, што ў далейшым «вагнераўцы» не могуць паспрабаваць пайсці на Кіеў. «Усё будзе залежаць ад “а” — прыняцця рашэнняў, “б” — ад наяўнасці сіл і сродкаў», — дадаў камандуючы.

«Улічваючы азначанае, камандаванне робіць усё, каб павысіць нашу здольнасць не дапусціць паспяховых варожых дзеянняў на Кіеўскім кірунку. Улічваючы, што вораг можа здзейсніць гэта ў будучыні — да гэтай працы мы прыцягваем і кіраўнікоў абласных ваенных адміністрацый і іншыя складнікі сілы абароны і бяспекі», — распавёў Наеў.