Комплексы сучаснага расійскага грамадства
У гэтыя святочныя дні на вуліцах Мінска, ды іншых беларускіх гарадоў у вачах рабіла ад колькасці машын з расійскімі нумарамі. Так і хацелася сказаць: «Понаехали тут», але стрымліваўся, зразумеўшы, што гэта не ў нашым, беларускім стылі. Аднак, рускія звычайна не стрымліваюцца.
Навокал ворагі
Комплекс пошуку ворага ў навакольным асяроддзі быў закладзены ў расійскім грамадстве даволі даўно. Трагічныя зігзагі расійскай гісторыі, адвечны ціск на народ з боку ўладных эліт нарадзілі, на жаль, нянавісць да «супастата», якая з цягам часу стала нацыянальнай традыцыяй і ў некаторым сэнсе сінонімам патрыятызму. Апагеем пошуку знешніх ворагаў сталі савецкія часы. Тады, як мы памятаем, СССР існаваў у «капіталістычным атачэнні», і навокал былі толькі «ворагі».
Парадаксальным з’яўляецца тое, што нягледзячы на гэты варожы ланцуг, «першая дзяржава працоўных і сялян умудрылася «пасябраваць» з сапраўды вельмі небяспечным ворагам — Нацысцкай Германіяй і гэты «фроендшафт на крыві» працягваўся амаль два гады.
У савецкія часы заразная хвароба варожасці да ўсяго навокал перадалася народам і іншых саюзных рэспублік. Аднак пасля 1991 года некаторыя постсавецкія краіны, як, напрыклад, прыбалтыйскія дзяржавы, вельмі хутка вылечыліся ад гэтага. Сітуацыя пайшла на папраўку ў Украіне, Малдове. Нават у Беларусі яе адвечная талерантнасць сыграла ролю антыдоту. Аднак у расійскім грамадстве старая хвароба, на жаль, квітнее.
Памятаю, дзесьці ў 2008 годзе пазнаёміўся з простым рускім хлопцам з Растова, з якім разам у Маскве здымалі кватэру. Аднойчы зайшла гаворка пра Польшчу. Безумоўна, у гістарычным кантэксце. І што тут пачалося! Мой новы знаёмы «праскланяў заходнюю суседку Беларусі і яе жыхароў ва ўсіх вядомых склонах». Але што мяне сапраўды здзівіла, дык тое, што на маё пытанне: «Чым жа так цябе палякі абразілі?», ён адказаў, што асабіста ніколі не меў дачыненне ні з Польшчай, ні з палякамі. Яго пазіцыя абапіралася, так бы мовіць, на «этнічнай памяці». Ён узгадваў і пра 1612 год, і пра тое, як «палякі» біліся з «рускімі» на Барадзіно дзве сотні гадоў пазней. А скончылася ўсё «трагедыяй» палонных чырвонаармейцаў, што апынуліся ў «польскіх канцлагерах» пасля «цуду над Віслай».
Як я ні спрабаваў раскласці па дэталях гісторыю «смутнага часу», Вайны 1812 года і польска-бальшавіцкай вайны 1920-га, нічога да майго суразмоўцы не дайшло. Чаму? Адказ просты. Ён карыстаецца стэрэатыпным стаўленнем да «адвечных ворагаў Расіі».
Яшчэ адным аб’ектам крытыкі сучасных расіян з’яўляецца такая субстанцыя, як «нацыяналізм». У савецкі час гэты тэрмін выкарыстоўваўся яшчэ з прыметнікам «буржуазны». Зараз слова «буржуй» ужо страціла былую адмоўную канатацыю. А вось катэгорыя «нацыяналіст» у дачыненні да суседзяў стала ў Расіі сінонімам слова «фашыст».
На навагоднія святы ў гэтым годзе да маіх бацькоў прыязджалі сябры з Расіі. Добрыя і цікавыя людзі. Аднак без палітычных размоў не атрымалася. І пачалося... Украінцы такія-сякія, яны ж Бандэру героем зрабілі, яны ж «нашых» салдат забівалі. Ах, прыбалты... Ды яны ж шануюць былых салдат СС. Адзіным довадам маіх бацькоў была фраза: «Даражэнькія, гэта ўжо не Расія, і людзі, якія жывуць у тых краінах, няхай самі выбіраюць свой шлях развіцця».
Прызнаюся, я быў у розных краінах. Працаваў у Германіі, Аўстрыі, вучыўся ў Польшчы, выкладаў у Літве, але нідзе я не бачыў такі комплекс варожасці, як у Расіі. Дзякуй Богу, беларускае грамадства паступова пазбаўляецца ад «саўковай» варожасці. Моладзь і ўвогуле адкрыта да свету і гэта не можа не радаваць.
Людзі другога гатунку
Мне давялося папрацаваць у даволі буйных расійскіх кампаніях у Маскве. Я някепска зарабляў, што давала магчымасць весці самадастатковае жыццё. Але з першага дня свайго знаходжання ў расійскай сталіцы я не мог пазбавіцца ад пачуцця, што я чалавек другога гатунку. А ўсё таму, што ў маёй кішэні ляжаў беларускі пашпарт. Раскажу адзін забаўны выпадак. Аднойчы ў натарыуса па службовай неабходнасці трэба было завяраць дакументы і… пачаліся праблемы. Справа ў тым, што ў беларускім пашпарце ёсць адно месца, якое не перакладзена з беларускай на рускую мову, а менавіта графа «кім выдадзены пашпарт». «Вам трэба перакласці пашпарт», — пачуў я рашэнне натарыуса, і з таго моманту, зрабіўшы натарыяльна завераны пераклад, хадзіў з ім кожны дзень. У банку у Маскве, калі трэба было прад’яўляць пашпарт, на мяне глядзелі, быццам я даў пашпарт, дзе ўсё напісана па-арабску ці па-кітайску. Пры гэтым, усе мы ведаем, што беларускі пашпарт трохмоўны.
Я шмат разоў карыстаўся сваім галоўным дакументам у Польшчы, Аўстрыі, Літве, Германіі, і ніводнага разу мне не спатрэбілася рабіць нейкі пераклад. Там, дзе не разумелі па-беларуску ці па-руску, на дапамогу прыходзіла англійская мова. А тут — размаўляеш па-руску, твар славянскі, а ўсё роўна «таджык», і хоць ты лопні.
Стаўленне да замежнікаў — гэта таксама адна з праяў комплексу варожасці, пануючага ў расійскім грамадстве. Я не кажу пра вялікую палітыку. Гаворка ідзе пра штодзённае жыццё. Чаму у той жа Польшчы шануюць беларускую нацыянальную свядомасць, культуру і гісторыю, а ў Расіі ў ёй бачаць нейкі «нацыяналізм»? Пытанне, як кажуць, рытарычнае.
Вы нам вінны
Нядаўна на адным з беларускіх інтэрнэт-форумаў прачытаў такі пасаж: «Ты, националист долбанный, живешь в доме, построенном русскими, пользуешься газом, который дает тебе Россия, а сам ты ни на что не способен». Во, як... Атрымоўваецца, што ў БССР, УССР ды іншых савецкіх рэспубліках працавалі толькі этнічна рускія будаўнікі. А калі без жартаў, дык сэнс дадзенага выказвання змяшчаецца ў фразу: «Без Расіі вы нішто».
У гэтым выпадку я заўсёды прыводжу прыклад таго, як «вызвалялі Заходнюю Беларусь у верасні 1939 года», калі савецкія (чытай «рускія») людзі прыйшлі ў найбольш збяднелую частку міжваеннай Польшчы і звар'яцелі ад багаццяў, якія былі ў Заходняй Беларусі. Дзе ў магазіне з гадзіннікамі можна было набыць хоць дзесяць пар, у магазіне з прадуктамі, нягледзячы на вайну, не было дэфіцыту, дзе людзі ездзілі на роварах і матацыклах, а сяляне працавалі на сваёй зямлі.
А веліч шляхецкіх сядзіб, касцёлаў, цэркваў, замкаў... Памятаеце, як будучы савецкі дзіцячы пісьменнік, а ў 1939 годзе карэспандэнт газеты «Праўда» Валянцін Катаеў апісваў Нясвіжскі замак Радзівілаў. Прывяду толькі невялічкую цытату з яго артыкулу: «Мы бачылі грандыёзную паляўнічую залу, засланую шкурамі мядзведзяў, ваўкоў, лісіц. На доўгіх сталах была раскладзена паляўнічая зброя — пісталеты, мушкетоны, кінжалы, сучасныя штуцэры, вінтоўкі. На сценах віселі ў мностве рогі аленяў і ласёў. Складзеныя парамі іклы кабаноў былі ў залатой аправе і віселі на залатых ланцужках, як маленькія касцяныя хамуцікі. Пад кожнай парай іклаў быў надпіс. Усе гэтыя рогі і іклы атрымалі «Гран пры» на нейкай арыстакратычнай паляўнічай выставе ў Парыжы. Тут жа быў уладкаваны хатні цір, дзе на чорным фоне віднеліся белыя зайцы і алені». А заканчваецца той тэкст не схаванай зайздрасцю да ўладароў Нясвіжа, якая, хоць і камуфлюецца ідэалагічнай афарбоўкай, але ўсё роўна яна добра бачная. Гэта падзеі ХХ стагоддзя. А былі ж яшчэ войны Івана Жахлівага супраць Вялікага Княства Літоўскага, падзелы І Рэчы Паспалітай, крывава падаўленыя паўстанні 1794, 1830–1831, 1863–1864 гадоў. І ўсе гэтыя падзеі суправаджаліся рабаваннямі, дэпартацыямі, ссылкамі.
Зараз іншыя часы, і мы жывем у незалежных дзяржавах. Аднак некаторыя, асабліва заўзятыя каментатары з кагорты «вялікадзяржаўнікаў», ніяк не супакояцца і спрабуюць выставіць сваім суседзям нейкія рахункі. Спадарства, гэта, мякка кажучы, памылковы падыход. Гэтым вы толькі фарміруеце негатыўнае стаўленне да сябе.
***
Не спяшайцеся запісваць мяне у русафобы. Я ім не з'яўляюся, тым больш, што палова маіх блізкіх паходзіць менавіта з Расіі. Аднак сябе я адчуваю беларусам і еўрапейцам, які з'яўляецца грамадзянінам незалежнай краіны, са сваёй гісторыяй, мовай і культурай. Мы, беларусы, асобны народ, няхай і вельмі блізкі да ўсходніх і заходніх суседзяў. Я ніколі не скажу ў дачыненні да расіян ды іншых народаў фразу: «Понаехали тут!». Больш таго, запрашу замежнікаў зноў наведаць Беларусь, убачыць нашыя замкі, цэрквы і касцёлы, атрымаць асалоду ад нашай прыроды. Няхай госці наведваюць нашу краіну і да іх прыходзіць асэнсаванне, што мы не «Паўночна-Заходні край», ці «крэсы», а незалежная дзяржава, якую трэба паважаць.