Крыніцы: з тэрыторыі Гомельшчыны ў Расію вывезлі звыш 2500 мёртвых вайскоўцаў

У шпіталях Гомельскай вобласці працягваюць лячыць параненых расійскіх вайскоўцаў. Як паведамляюць мясцовыя жыхары, іх з Украіны прывозяць як па зямлі, так і па небе — верталётамі ў Нароўлю. Далей вязуць у Мазыр і Гомель. Трупы — цягнікамі і самалётамі ў Расію.

Вайсковыя машыны хуткай дапамогі і ваенная тэхніка каля Мазырскай гарадской лякарні 28 лютага 2022 года

Вайсковыя машыны хуткай дапамогі і ваенная тэхніка каля Мазырскай гарадской лякарні 28 лютага 2022 года


«Былі з бытавой ранай у мазырскім шпіталі. Там столькі параненых расійцаў ляжыць — проста нейкі жах. Страшна знявечаныя. Іхны стогн на ўвесь шпіталь немагчыма слухаць», — расказала «экстрэмісцкаму» ў Беларусі радыё крыніца ў Гомельскай вобласці.

«За нядзелю толькі ў Мазыры правялі аперацыі каля сотні расійцам. Ужо ў панядзелак “падкінулі” ў шпіталь яшчэ больш. На іх лячэнне, на хірургічныя аперацыі кінутыя ўсе лекары, у тым ліку і тэрапеўты, і оталарынголагі. Мясцовым дапамога, праўда, аказваецца, але неўзабаве з гэтым могуць быць праблемы», — падзялілася крыніца, звязаная з медыцынай у Мазыры.

Па сведчаннях крыніц, інфармацыя непасрэдна ад медыкаў не выходзіць — нават медыцынскія сёстры давалі падпіску аб маўчанні, баяцца скасавання кантракту.

У Нароўлі тым часам разгорнуты паўнавартасны палявы шпіталь.

«На тэрыторыі былой аўтабазы — мноства вайсковых намётаў. Там жа ў іх і палявая кухня, і пральня. Палічыць параненых наўрад ці магчыма, але іх там яўна сотні. Мясцовых туды і блізка не падпускаюць. Дзеці нейкія круціліся, можа, нешта здымалі — дык іх міліцыя павязала, да бацькоў потым прыязджалі. Штодзень над палявым шпіталем кружляюць верталёты, якія прылятаюць з Украіны. Склалася ўражанне, што параненых сталі прывозіць не толькі на ПАЗ з чырвоным крыжам, як раней, але і на верталётах. У Нароўлі параненыя доўга не затрымліваюцца. Іх тут падлатаюць і вязуць на Мазыр, Гомель. Трупы — на цягнікі з Мазыра і ў Расію», — расказалі нараўлянцы.

Іншая крыніца з Нароўлі сведчыць, што з райцэнтру хочуць зрабіць нешта кшталту вайсковага гарадка.

«Цяпер у нас вельмі шмат тэхнікі і вайскоўцаў. Яны займаюць розныя аб’екты, якія не выкарыстоўваюцца. На базе былога райзагу (раённае таварыства нарыхтовак) рамантуюць зламаную ў баях ва Украіне тэхніку», — распавяла крыніца.

Яшчэ адна крыніца паведаміла, што па стане на канец мінулага тыдня з тэрыторыі Гомельскай вобласці вывезлі больш за 2500 трупаў — цягнікамі і самалётамі на Расію.