Курапаты: узвядзенне Бульбаш-холу ў дакументах

Дакументальныя архівы грамадзянскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» яскрава сведчаць, якім чынам праектавалася і будавалася рэстарацыя «Поедем поедим» (былы «Бульбаш-хол»).

kurapaty_vs_vyniki_logo.jpg


Спярша ўзгадаем, што беларускія нормы будаўніцтва адпавядаюць сусветнай практыцы. Яна прадугледжвае паслядоўнасць дзеянняў па падрыхтоўцы і зацвярджэнню спачатку генеральнага плана адмысловай тэрыторыі, затым асобных праектаў зонаў аховы для аб’ектаў гістарычна-культурнай спадчыны і праекта дэталёвай планіроўкі (ПДП) нейкай часткі тэрыторыі. Прычым дапускаецца распрацоўка праектаў зонаў аховы (ахоўнай, рэгулявання забудовы і аховы ландшафту) для гістарычна-культурных каштоўнасцяў у структуры праектаў дэталёвай планіроўкі.
Аднак толькі пасля зацвярджэння праектаў зонаў аховы для аб’ектаў спадчыны і ПДП на законных падставах могуць выдзяляцца адпаведныя пляцы пад канкрэтныя архітэктурна-будаўнічыя праекты.
Пра прыярытэт праектаў дэталёвай планіроўкі над выдзяленнем зямлі забудоўшчыкам сведчаць, дарэчы, і адпаведныя афіцыйныя дакументы.


 У іх, між іншым, прапісана, што зацверджаны ПДП з’яўляецца падставай для выдавання органамі ўпраўлення архітэктурнай і будаўнічай дзейнасцю дазволаў на выкананне асобных архітэктурных і будаўнічых праектаў, а таксама асноўным дакументам, які вызначае сістэму абмежаванняў пры рэгістрацыі нерухомасці і змены формаў уласнасці.
А цяпер пазнаёмімся з шэрагам дакументаў па праектаванні і будаўніцтве «Бульбаш-холу».
У заключэнні Міністэрства культуры ад 28 лістапада 2005 году на эскіз аб’екту прыдарожнага сервісу на 51-м км МКАД, падрыхтаваны архітэктарам А.А.Шчэпіла, зазначаецца, што праектуемы будынак мусіць быць не вышэй за 10 м, бо знаходзіцца ў зоне рэгулюемай забудовы гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты» з прызначаным навуковым кіраўніком і вызначанымі зонамі аховы.


Адмыслова выдзеліў гэтыя словы, каб нагадаць чытачу, што індывідуальны прадпрымальнік І.С.Лебедзева, якая замаўляла эскіз, а таксама сённяшнія ўладальнікі рэстарацыі добра ведалі, дзе плануецца будаўніцтва. Пра гэта сведчаць і намеры ўзгадніць размяшчэнне вакол аб’екта непразрыстай шчытавой агароджы, а з боку Курапатаў – уладкаванне насыпнога валу з зялёнымі насаджэннямі. Аднак гэтыя намеры не былі падтрыманыя Міністэрствам культуры.
Наступны дакумент ад 1 жніўня 2006 году цікавы тым, што сведчыць аб узгадненні ў Міністэрстве культуры эскізу аб’екту прыдарожнага сервісу, аўтар якога ўжо іншы архітэктар — В.А.Маеў.

k_d_6_logo.jpg


Дарэчы, у гэтым дакуменце ўзгадваецца заключэнне Мінкультуры па праектнай дакументацыі на аб’ект ад 19 студзеня 2006 году, што страціла моц. На жаль, нам невядомы змест гэтага заключэння.
Звернемся да прадстаўлення ад 27 лістапада 2012 году Генпракуратуры старшыні Мінскага аблвыканкама Барысу Батуры «Аб устараненні парушэнняў заканадаўстава па ахове гістарычна-культурнай спадчыны, прычынаў і ўмоваў, якія ім спрыялі» за подпісам намесніка генпракурора Мікалая Кукліса.


У прадстаўленні гаворка ідзе пра самавольнае і незаконнае будаўніцтва СТАА «БелРэстІнвест» на недатыкальнай тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў з іх заходняга боку шэрагу новых аб’ектаў (часткі будынку рэстарацыі, чатырох дамкоў модульнага тыпу і дзіцячай пляцоўкі), што не мелі аніякага дачынення да гістарычна-культурнай каштоўнасці.
Намеснік генпракурора прапанаваў вырашыць лёс самавольна і незаконна ўзведзеных пабудоваў, прыцягнуць да адміністрацыйнай і дысцыплінарнай адказнасці прадстаўнікоў «БелРэстІнвесту», а таксама шэраг чыноўнікаў Мінаблвыканкаму і Мінрайвыканкаму.
У лісце намесніка міністра культуры Віктара Кураша ў Генпракуратуру ад 3 снежня 2012 года ўзгадваецца чарговы распрацоўшчык праектнай дакументацыі «Бульбаш-холу» – унітарнае прадпрыемства «Творчая майстэрня архітэктара С.В. Асташонка».


У пратаколе пасяджэння ў камітэце па архітэктуры і будаўніцтву Мінаблвыканкама ад 27 снежня 2012 года «БелРэстІнвесту» даручана да 1 лютага 2013 году падрыхтаваць праект па перанясенню самавольна ўзведзеных аб’ектаў, цягам двух дзён (!) узгадніць усе пытанні па распрацоўцы ПДП Курапатаў і прылеглай да іх тэрыторыі «з усталаяваннем выразных межаў мемарыяла і яго зонаў аховы», а Мінрайвыканкаму —разгледець пытанне аб распрацоўцы ПДП мемарыялу і ягонага наваколля.  

k_d_13_logo.jpg


Звяртаем увагу, што пытанне аб распрацоўцы ПДП узнікла толькі пасля раскрыцця факту самавольнага будаўніцтва ў ахоўнай зоне Курапатаў. На маё меркаванне, менавіта на гэтым пасяджэнні былі вызначаныя і крокі па выхаду з сітуацыі з мінімальнымі стратамі для службоўцаў і бізнэсоўцаў — за кошт забудоўшчыка падрыхтаваць ПДП з такімі межамі зонаў аховы Курапатаў, якія б увялі незаконнае будаўніцтва ў прававое поле.
Ужо на наступны дзень пасля пасяджэння ў Мінаблвыканкаме сваім рашэннем ад 28 снежня 2012 году Мінрайвыканкам дазваляе рапрацоўку горадабудаўнічага праекту дэталёвага планавання тэрыторыі, прылеглай да Курапатаў.

k_d_14_logo.jpg


Дарэчы, уважлівае прачытанне апошніх дзвух дакументаў сведчыць пра іх супярэчлівасць, бо ў першым гаворка ідзе пра праект дэталёвага планавання Курапатаў і прылеглай да іх тэрыторыі, а ў другім – выключна пра ПДП наваколля мемарыялу.
У лісце намесніка старшыні Мінаблвыканкама Анатоля Мірчука ў Генпракуратуру ад 5 студзеня 2013 году паведамляецца, што ў сувязі з звальненнем з працы «не ўяўляецца магчымым» прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці начальніка ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінаблвыканкама В.С Крэсц’янчыка, які ўзгадніў генеральны план будаўніцтва «Бульбаш-холу».  


Намеснікі міністра культуры Віктар Кураш і Васіль Чэрнік у сваіх лістах ад 23 красавіка і 16 траўня 2013 года  адназначна запэўнівалі мінчанку Таццяну Колышаву пра тое, што Мінкультуры абавязкова пракантралюе выкананне рашэння аб вынясенні самавольна ўзведзеных у ахоўнай зоне Курапатаў шэрагу аб’ектаў «Бульбаш-холу», аднагалосна прынятае на нарадзе 27 снежня 2012 году ў Мінаблвыканкаме.


Насамрэч, гэтыя запэўніванні высокіх чыноўнікаў, як паказаў час, аказаліся нічога не вартымі.
У сваім лісце ад 4 лістапада 2013 года намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко паведаміў кіраўніцтву «БелРэстІнвесту», што распрацаваны ПДП тэрыторыі, прылеглай да Курапатаў, разам з праектам зонаў аховы каштоўнасці будзе разгледжаны Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях аховы гістарычна-культурнай спадчыны.


Разам з тым, намеснік міністра культуры даў дазвол на выкарыстанне інжынерных камунікацый «Бульбаш-холу» ў сувязі з завяршэннем працаў па мантажы і здачы ў эксплуатацыю сістэмаў спажывання газу, вады і электраэнергіі.
У лісце ад 4 сакавіка 2014 году ў Мінрайвыканкам кіраўніцтва «БелРэстІнвесту» настойліва просіць паскорыць зацвярджэнне горадабудаўнічага ПДП у сувязі з даручэннем Мінаблвыканкама і Мінгарвыканакама аб здачы «Бульбаш-холу» ў красавіку 2014 году (да чэмпіянату свету па хакеі).

k_d_21_logo.jpg


Пасля знаёмства з гэтымі дакументамі кожны чытач можа сам зрабіць адпаведныя высновы пра шматлікія парушэнні законаў і нормаў будаўніцтва пры праектаванні і ўзвядзенні «Бульбаш-холу», якія, між іншым, тычацца паслядоўнасці архітэктурна-будаўнічай дзейнасці на тэрыторыях, прылеглых да Курапатаў, а таксама пра ўхіленне чыноўнікаў ад сваіх прамых службовых абавязкаў, чым напоўніцу і скарысталіся бізнэсоўцы.
На маё меркаванне, беларуская грамадскасць не скарыцца з існаваннем у ахоўнай зоне Курапатаў рэстарацыі «Поедем поедим». Вось чаму ўладальнікам рэстаранна-забаўляльнага комплексу лепей за ўсё як мага хутчэй пакінуць гэтую тэрыторыю і, такім чынам, выканаць аднагалоснае рашэнне чыноўнікаў на нарадзе ў Мінаблвыканкаме 27 снежня 2012 году па выніках разгляду прадстаўлення Генеральнай пракуратуры ад 27 лістапада 2012 года. Тым больш, што ўздоўж МКАД шмат месцаў, дзе можна размясціць рэстарацыю .
У гэтай справе бізнэсоўцам можа дапамагчы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, што павінна каардынаваць дзейнасць у сферы аховы гістарычна-культурнай спадчыны іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама ажыццяўляць кантроль за выкананнем заканадаўства ў названай галіне.