Кузняцоў: Пуцін і Лукашэнка — y адной лодцы, і ўсё далей ад берага

Што значыць заява беларускага кіраўніка пра мадэрнізаваныя Су з ядзернымі ракетамі? Аналітык і заснавальнік «Моцных навінаў» Пётр Кузняцоў у сваім тэлеграм-канале разважае пра чарговыя ядзеныя пагрозы і віншаванне Украіны з Днём Незалежнасці

_vosen___pryroda___vozera____belarus__fota_dzmitryj_dzmitryeu_novy_czas__19__logo.jpg

Заява аб тым, што беларускія самалёты здольныя несці ядзерную зброю — гэта развіццё распачатага двума днямі раней сюжэту з віншаваннем Украіны з Днём Незалежнасці.

Гэта значыць, тэма развіваецца наступным чынам. Лукашэнка, для бягучага кантэксту — вельмі арыгінальна, павіншаваў Украіну з нацыянальным святам. Украінскі бок паведаміў пра «прылёты» з беларускага боку — і на гэтым фоне адказаў на віншаванне рознымі галасамі, але аднолькава па сутнасці: прамымі пагрозамі. Пра юрыдычныя наступствы (Падаляк), зрабіў намёкі на лёс Хусэйна і Кадафі (Мінабароны)

І вось ужо на гэтыя пагрозы прагучаў практычна прамы адказ, што «мы з Пуціным», што «не языкамі ляпаем», што «цэнтры прыняцця рашэнняў» — карацей, зразумела.

Цікава тут вось што. Аналітыкі ўжо каментавалі тое самае віншаванне і яго матывы, якія, хутчэй за ўсё, палягалі ў тым, каб звярнуць на сябе ўвагу Захаду як на ўсё яшчэ самастойнага гульца, які мае нейкую, адрозную ад Расіі (з якой, зразумела, ніякіх віншаванняў не гучала, а тое, што гучала ў пераказванні Шольца — гэта зусім іншая гісторыя) пазіцыю. Захад наўпрост ніяк не адрэагаваў. Але ёсць падазрэнні, што не варта скідаць з рахункаў верагоднасць, што вуснамі украінцаў прагучаў не толькі іх, але і паважаных заходніх партнёраў погляд на рэчы.

Ва ўсялякім разе, рэакцыя Мінска кажа пра тое, што там украінскія заявы прачыталі менавіта так. У адваротным выпадку меседж «мы з Пуціным» гучаў бы непаслядоўна і нелагічна пасля спробы «закінуць вуду». Але калі размова пайшла прамымі пагрозамі — тады так, тады не да паслядоўнасці, тады трэба апераваць сур'ёзнымі рэчамі. Такімі, напрыклад, як «ядзерны парасон».

Відавочна, спроба згуляць тонка праз віншаванне, павярнулася толькі агульным пагаршэннем сітуацыі. Таму што ў выніку давялося пагражаць ядзернымі ракетамі, прытым, нават не сваімі. У вачах свету гэта зусім не дадае таму, хто пагражае, суб’ектнассці і незалежнасці. Прыкрывацца Пуціным яшчэ пакуль можна, і можна будзе нейкі пэўны час — тут сумневаў няма. Аднак важна памятаць, што менавіта Пуцін, што называецца, першы ў гэтай чарзе — і момант, калі гэты «дах» проста не зможа абараніць, вельмі нават можа надысці.

Разам у адной лодцы. Усё далей ад берага.