“Люблю Беларусь” у рускамоўнай версіі

У сядзібе Партыі БНФ 12 лютага прайшла прэзентацыя рускамоўнага варыянту кнігі палітычнага зняволенага, публіцыста і пісьменніка, сябра БАЖ Паўла Севярынца “Люблю Беларусь”. Пераклад на рускую мову выканаў бацька аўтара, філолаг і журналіст Кастусь Севярынец.



100_5494.jpg

На прэзентацыю прыйшлі некалькі дзясяткаў актывістаў моладзевых арганізацыяў і палітычных партыяў, грамадскіх аб’яднанняў, журналісты.

Як распавёў прысутным Кастусь Севярынец, пераклад кнігі “Люблю Беларусь” на рускую мову ён пачаў рабіць яшчэ сем гадоў таму. “Мае знаёмыя, якія жывуць у Расіі, ды і не толькі, і якія цікавяцца нашай краінай, разбіраюцца ў сітуацыі, што тут склалася, папрасілі мяне зрабіць пераклад. Не ўсё могуць добра зазумець друкаванае беларускае слова, хаця на слых беларускую мову някепска ўспрымаюць. Таму я і вырашыў заняцца перакладам гэтай кнігі. Раней я перакладаў таксама некаторыя ўрыўкі з іншых кніг Паўла, напрыклад, з “Лістоў з лесу”. Я вельмі рады, што нарэшце гэтая справа завершана, і ўжо ў сеціве з’явілася рускамоўная версія кнігі “Люблю Беларусь”. Я думаю, расіянам будзе цікава азнаёміцца з Беларуссю праз расповяд сапраўднага беларуса, убачыць краіну ягонымі вачыма”, — падкрэсліў бацька Паўла.  Да лета, мяркуе Севярынец-старэйшы, калі ўсё атрымаецца, то з’явіцца і папяровы варыянт перакладу.

Кастусь Севярынец адзначыў, што перакладаць кнігу сына было вельмі няпроста. “Беларуская мова Паўла — вельмі глыбокая і дасканалая, таму мне было вельмі важна перадаць усе нюансы, усё, што падаў сын па-беларуску. Ён вельмі добра ведае і рускую мову, таму ён сам чытаў мой пераклад і ўхваліў яго. Хаця рабіў і пэўныя заўвагі, знаходзіў у перакладзе “матылькоў”, — усміхаецца Кастусь.

“Рускі варыянт амаль нічым не адрозніваецца ад арыгіналу, акрамя мовы. Але я хачу сказаць вось аб чым. І назва кнігі Паўла “Люблю Беларусь”, і галоўная ідэя, якую ён уклаў у гэтую кнігу, — гэта як раз такі любоў, слова “люблю”. Ён сцвярджае, а я магу пацвердзіць, і мне здаецца, што гэта вельмі прадуктыўная ідэя, што Беларусь заўжды і паўсюль перамагала любоўю, перамагала спагадай, перамагала духоўнасцю. Канешне, былі ў нас і старонкі вайсковай славы — Аршанская бітва, Іванькава поле ды іншыя, аднак тыя значныя перамогі, якія здабыла Беларусь у сваёй гісторыі, яны былі духоўнага парадку. Таму і кніга “Люблю Беларусь” прасякнутая любоўю, і калі ў нас будзе больш любові адзін да аднаго, да сваіх суседзяў, то гэта будзе вельмі добра. Гэта лепш, чым любыя, у тым ліку і суседскія сваркі”, — адзначыў спадар Кастусь.

Севярынец-стрэйшы не хаваў таго, што вельмі ганарыцца сваім сынам. “Мне вельмі падабаецца, што Павал больш дасканалы, больш разумны і больш глыбокі, больш арганізаваны, чым яго бацька. Нават знаходзячыся ў Купліне на “хіміі”, працуючы ад восьмай раніцы да шостай вечара ў тым складзе, цягаючы жалеззе, потым вяртацца і яшчэ нешта пісаць? Я б ужо ногі ўгару і адпачываў бы. Але Павал не такі”, — кажа задаволены і горды бацька.

Рускую, як і беларускую версію кнігі “Люблю Беларусь” ужо можна знайсці на сайце Паўла Севярынца па адрасе: http://www.sieviarynets.net/