Лукашэнкаўскі чыноўнік назваў фэйкам расійскія страшылкі пра ўкраінскіх «баявых гусей»
У Беларусі знайшоўся чыноўнік, які абверг шырока распаўсюджаныя расійскія страшылкі пра «баявых украінскіх гусей і камароў». Ім аказаўся начальнік упраўлення дзяржаўнай ветэрынарнай інспекцыі Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Яўген Садыкаў. Гэта заўважыла «Народная Воля».
Падчас «Прамой тэлефоннай лініі» ў «Сельскай
газеце» нейкая Таццяна з Жабінкі Берасцейскай вобласці задала спецыялісту
пытанне: «Чула, што ва ўкраінскіх біялабараторыях ствараюць баявых гусей і
камароў. У чым іх небяспека? Як абараніцца?»
— Такія навіны падобныя на фэйкавыя, — супакоіў жанчыну
Яўген Садыкаў. — Гусі, напрыклад, самі па сабе агрэсіўныя і без усялякіх
дрэсіровак могуць нападаць на чалавека, абараняючы сябе і патомства.
Камары —пераносчыкі мноства захворванняў, у тым ліку смяротна небяспечных, але
на тэрыторыі Беларусі такія хваробы не рэгіструюцца. Успрымаць падобныя «навіны», на мой погляд, сур'ёзна не варта.
Нагадаем, што летась нават пастаянны расійскі прадстаўнік Васіль
Нябензя заяўляў у ААН, што ва Украіне, нібыта, выяўлены беспілотнікі, якія
могуць «распаўсюджваць камароў, заражаных небяспечнымі вірусамі». Нябензя
абсалютна сур'ёзна пераконваў членаў Рады бяспекі ААН, што ў Херсонскай вобласці
акупацыйная армія выявіла «тры беспілотнікі, абсталяваныя ёмістасцямі па 30
літраў, якія могуць выкарыстоўвацца для распылення біяагентаў». Таксама ён распавядаў з
падрабязнасцямі аб прынцыпах дзеяння беспілотніка, які «транспартуе ў зададзены
раён кантэйнер з вялікай колькасцю камароў — пераносчыкаў інфекцый і вызваляе
іх».
А далей, паводле слоў прадстаўніка РФ пры ААН, дзейнічаюць камары, якія пры ўкусе «інфікуюць атакаваных людзей узбуджальнікамі асабліва небяспечных захворванняў». Ён падкрэсліў, што ўкушаны камаром вайсковец «будзе не здольны выконваць пастаўленыя перад ім задачы».
Дарэчы, Нябензя распавядаў і пра
тое, што ва Украіне, нібыта, рэалізавалі праекты па вывучэнні магчымасці
распаўсюджвання інфекцый праз мігруючых птушак, кажаноў, гусей.
Расійскія медыя аператыўна падхапілі тэму «вайскова-біялагічнай
дзейнасці ЗША» ва Украіне і пачалі пераконваць у рэальнасці пагрозы «баявых
камароў». Як бачым, Таццяну з беларускай Жабінкі пераканалі. Хоць ніхто так і
не патлумачыў, як жа гэтыя камары (нават тэарэтычна) змаглі б адрозніць
расійскіх жаўнераў ад украінскіх. Бо з такой «зброяй» магчыма атака
толькі на абедзве арміі адразу.
Нарэшце, у Беларусі знайшоўся спецыяліст, які адважыўся
вымавіць слова «фэйк».