Маўчанне — невыгоднае
Цярпець сітуацыю моўчкі альбо выходзіць на акцыі «маўклівага пратэсту» і маўчаць, проста пляскаючы ў далоні, зараз невыгодна. Пра гэта паклапаціліся беларускія парламентары. Зараз больш выгодна ўголас абвясціць сваю нязгоду з палітыкай уладаў. Урэшце, тады ты будзеш ведаць, за што асуджаны.
Цярпець сітуацыю моўчкі альбо выходзіць на акцыі «маўклівага пратэсту» і маўчаць, проста пляскаючы ў далоні, зараз невыгодна. Пра гэта паклапаціліся беларускія
парламентары. Зараз больш выгодна ўголас абвясціць сваю нязгоду з палітыкай уладаў. Урэшце, тады ты будзеш ведаць, за што асуджаны.
Акцыі маўклівага пратэсту з гэтага часу будуць падпадаць пад закон аб масавых мерапрыемствах. Пра гэта заявіў журналістам 5 кастрычніка намеснік старшыні камісіі па правах чалавека, нацыянальных
адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Анатоль Глаз, каментуючы прынятыя парламентам папраўкі ў закон аб масавых мерапрыемствах.
Пасяджэнне, на якім абмяркоўваўся праект закона, прайшло вечарам 3 кастрычніка пры адсутнасці журналістаў. Пра яго стала вядома праз суткі з паведамлення, размешчанага на сайце ніжняй палаты.
На пытанне, чаму гэты законапраект быў прыняты пры адсутнасці СМІ, Глаз, па сутнасці, так і не адказаў. «Права Палаты прадстаўнікоў вызначаць, адкрытым ці закрытым з’яўляецца
парадак разгляду законапраекта», — заявіў ён.
Згодна з новым законам, арганізацыя збору грамадзян, у тым ліку з выкарыстаннем інтэрнэта, лічыцца пікетам, які павінен быць санкцыянаваны ўладамі, паведаміў Глаз. Да атрымання дазволу на
мерапрыемства распаўсюджваць інфармацыю аб месцы і часе яго правядзення нельга, падкрэсліў дэпутат. Паводле яго слоў, падчас дапрацоўкі законапраекта паняцце «несанкцыянаванае дзеянне або
бяздзеянне» заменена на «несанкцыянаванае дзеянне». На пытанне журналістаў, што канкрэтна азначае гэтае паняцце, Глаз адказаў: «Юрысты вызначаць, што гэта
азначае».
Флэш-мобы ў законапраекце таксама прыраўноўваюцца да масавых мерапрыемстваў, бо месца і час іх правядзення агаворваюцца загадзя, заявіў Глаз.
Што да дзеянняў міліцыі падчас масавых мерапрыемстваў, то, паводле слоў дэпутата, супрацоўнікі праваахоўных органаў могуць быць апранутыя ў цывільнае, але перш чым затрымліваць чалавека, яны павінны
назвацца, указаць на незаконнасць удзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і папрасіць пакінуць яго.
Глаз не змог даць канкрэтнага адказу на пытанне, ці трэба падаваць заяўкі на правядзенне акцый, накшталт Народнага сходу, які апазіцыя рыхтуе на 8 кастрычніка (арганізатары Народнага сходу не
падавалі ў Мінгарвыканкам заяўку на яго правядзенне, таму што мясцовыя сходы не падпадаюць пад дзейны закон аб масавых мерапрыемствах). Аднак з яго слоў можна зрабіць выснову, што па дазвол да
мясцовых улад арганізатарам усё ж давядзецца звяртацца. Пры гэтым Глаз зазначыў, што «ні тэарэтычна, ні практычна набыццё законам моцы да 8 кастрычніка немагчымае».
Унясенне паправак у закон аб масавых мерапрыемствах МУС ініцыявала летам, калі па ўсёй Беларусі штотыднёва праводзіліся акцыі маўклівага пратэсту грамадзян, не згодных з палітыкай кіраўніцтва краіны.
У першапачатковым варыянце законапраект прыраўноўваў да пікетавання нават бяздзеянне, арганізаванае ў тым ліку праз інтэрнэт для публічнага выказвання сваіх поглядаў.
Вось цікава, ці падпадуць пад «флэш-мобы», напрыклад, сустрэчы нашых футбалістаў-хакеістаў у аэрапорце, масавыя паяданні чупа-чупсаў і іншыя, не вельмі палітычныя рэчы?
У сувязі з гэтым вельмі дзіўна выглядае і папярэджанне былому кандыдату ў прэзідэнты Дзмітрыю Усу. Экс-кандыдата ў прэзідэнты Дзмітрыя Уса 5 кастрычніка выклікалі ў камісію па крымінальных пакараннях
пры Ленінскім РУУС Мінска.
Як паведаміў Ус, у камісіі яго праінфармавалі аб умовах кантролю за ім. «Сказалі, што, згодна з крымінальным заканадаўствам, яны абавязаныя паставіць мяне на прафілактычны ўлік. Я падпісаў
паперы, што буду даваць інфармацыю, калі збяруся выехаць за межы Беларусі. Мяне таксама папярэдзілі аб недапушчальнасці ўдзелу ў масавых мерапрыемствах», — сказаў ён.
У сувязі з папярэджаннем адносна ўдзелу ў масавых мерапрыемствах Ус паведаміў, што думае, ці будзе ён прысутнічаць 8 кастрычніка на Народным сходзе. «Мяне туды ніхто не запрашаў. Але,
магчыма, я прыйду туды як фізічная асоба», — сказаў Ус.
А тым часам, беларускія ўлады не страчваюць надзею атрымаць крэдыт ад Міжнароднага валютнага фонду. Місія Міжнароднага валютнага фонду па ацэнцы эканамічнай сітуацыі ў Беларусі пачала
працаваць у Мінску 5 кастрычніка.
Ва ўрадзе не выключаюць, што ў рамках работы місіі гаворка можа пайсці пра фарміраванне новай праграмы МВФ для Беларусі. «Пакуль гэта будзе ацэнка, але, магчыма, перамовы пяройдуць у фазу
разгляду. Гэта будзе новая праграма рэформ, па ацэнцы МВФ, дастаткова жорсткая, можа, нават больш жорсткая, чым з Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС», — сказаў 3 кастрычніка першы
намеснік міністра фінансаў Уладзімір Амарын.
Кіраўнік місіі МВФ Крыс Джарвіс у верасні сказаў журналістам, што 5–17 кастрычніка эксперты фонду прааналізуюць апошнія падзеі ў эканоміцы Беларусі і «дадуць некаторыя дадатковыя
парады».
Разам з тым пра новую праграму фінансавай падтрымкі з боку МВФ размова пакуль не вядзецца. Джарвіс адзначыў, што для выдзялення крэдыту фонд «хоча бачыць моцную і прадэманстраваную
прыхільнасць з боку ўладаў, і гэта сапраўды неабходная ўмова для прасоўвання да пагаднення». «Мы не можам рэальна абмяркоўваць тое, колькі фінансавай падтрымкі Беларусі неабходна,
пакуль мы не даведаемся больш пра эканамічную праграму, што ляжыць у аснове», — падкрэсліў ён.
Старшыня праўлення Нацбанка Надзея Ермакова 3 кастрычніка паведаміла, што з цяперашняй місіяй МВФ будзе разглядацца пытанне аб прыцягненні дадатковых крэдытаў для рэфінансавання тых, тэрміны вяртання
якіх хутка наступаюць. Як паведаміла журналістам Ермакова, Беларусь хацела б атрымаць ад МВФ 5–8 мільярдаў долараў для папаўнення золатавалютных рэзерваў, «каб мы адчувалі сябе
ўпэўнена па міжнародных стандартах». Але, як адзначыла яна, пра такую суму, напэўна, размова не пойдзе.