МАП: Сітуацыя з прафсаюзамі робіцца катастрафічнай

Камітэт у пытанні свабоды аб'яднанняў Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) заявіў пра пагаршэнне сітуацыі з правамі прафсаюзаў у Беларусі. Паводле гэтай уплывовай арганізацыі, беларускі ўрад дэманструе «адсутнасць намераў хоць неяк змяніць сітуацыю», якая, згодна з ацэнкаю МАП, робіцца «катастрафічнай».

 



20121118_133253.jpg

Пра гэта гаворыцца ў справаздачы па выніках пасяджэнняў Адміністрацыйнай рады МАП, якія праходзілі ў Жэневе 1–16 лістапада. Як паведамляе сайт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, у справаздачы пералічаныя выпадкі парушэння правоў, ціску і дыскрымінацыі ў адносінах да арганізацыяў беларускіх незалежных прафсаюзаў — ужо дзейных і ў працэсе стварэння.
Сярод прадпрыемстваў, дзе адзначаныя такія факты, у справаздачы называюцца Мазырскі і Наваполацкі нафтаперапрацоўчыя заводы, «Беларуськалій», Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, РУВП «Граніт» ды іншыя.
Асаблівы непакой Камітэту ў пытанні свабоды аб'яднанняў выклікае той факт, што ўрад Беларусі ўхіліўся ад выканання рэкамендацыяў МАП, накіраваных на аднаўленне правоў прафсаюзаў у краіне.
 


Вайна з прафсаюзамі
У 2003 годзе Адміністрацыйная рада МАП пачала расследаванне ў дачыненні Беларусі ў звязку са скаргаю незалежных прафсаюзаў на парушэнні ўрадам асноватворных канвенцыяў МАП — аб свабодзе асацыяцыі ды абароне права на арганізацыю, а таксама аб праве на арганізацыю і вядзенне калектыўных перамоваў.
У 2004 годзе камісія расследавання МАП пацвердзіла факты парушэнняў правоў працоўных у Беларусі і прыняла 12 рэкамендацыяў, накіраваных на выпраўленне сітуацыі. Урад Беларусі заявіў пра гатоўнасць іх выканаць, аднак ціск на незалежныя прафсаюзы не спыніўся.
У 2005 годзе Еўрасаюз ініцыяваў працэс пазбаўлення Беларусі гандлёвых прэферэнцый, каб прымусіць урад краіны спыніць парушэнні правоў прафсаюзаў. У 2007 годзе рашэнне ЕЗ аб пазбаўленні гандлёвых прэферэнцый уступіла ў сілу, бо афіцыйны Мінск працягваў ігнараваць рэкамендацыі МАП.
Акрамя гэтага, Беларусь пяць разоў уносілі ў спецпараграф справаздачы штогадовай Міжнароднай канферэнцыі працы як краіну, дзе груба парушаюцца правы незалежных прафсаюзаў.
 


«Асабісты» ціск на актывістаў
Улады Беларусі ўсімі магчымымі спосабамі перашкаджаюць з'яўленню на прадпрыемствах незалежных прафсаюзаў. Ствараюцца праблемы ў рэгістрацыі, прадстаўнікі адміністрацыі прадпрыемстваў, а таксама міліцыя ціснуць на актывістаў ды шараговых рабочых, што спрабуюць арганізаваць незалежнае аб'яднанне.
Гэтак, на прадпрыемстве «Граніт» канфлікт пачаўся з таго, што з афіцыйнага прафсаюзу выйшлі больш за 600 працаўнікоў. 200 з іх афіцыйна далучыліся да незалежнага прафсаюзу. Кіраўніцтва прадпрыемства, міліцыя і КДБ распачалі ціск на актывістаў, працоўным пагражалі звальненнем, некаторыя засталіся без працы. Сярод іншага, звольнілі кіраўніка першаснай арганізацыі Алега Стахаевіча і жонку аднаго з прафсаюзных актывістаў Людмілу Літвінку.
14 лютага Генеральная пракуратура вынесла афіцыйнае папярэджанне прафсаюзнаму лідару Аляксандру Ярашуку з прычыны ягоных выказванняў пра магчымасць закліку да байкоту беларускіх тавараў з боку Еўрасаюзу. Прафсаюзнага дзеяча папярэдзілі, што за гэта яму можа пагражаць да 5 гадоў зняволення.
belsat.eu