Мехрдад Джамшыдзіян вызвалены, але павінен добраахвотна пакінуць Беларусь

На апошнім пасяджэнні суд адмяніў прымусовую дэпартацыю іранца Мехрдада Джамшыдзіяна і пастанавіў аддзелу па грамадзянстве і міграцыі перагледзець справу Мехрдада. Сёння АГІМ прыняў рашэнне — Мехрдад усё адно павінен пакінуць краіну, добраахвотна. У яго ёсць тры месяцы.

Фота Вадзіма Заміроўскага, TUT.BY

Фота Вадзіма Заміроўскага, TUT.BY

Сёння Мехрдада Джамшыдзіяна адпусцілі да сям'і, праз 11 месяцаў знаходжання ў ізалятары. Пасля суда, які прайшоў на мінулым тыдні і пастанавіў перагледзець справу Мехрдада, АГІМ Маскоўскага раёна Мінска вынес рашэнне аб добраахвотнай дэпартацыі. Яму выдадуць дазвол на выезд тэрмінам 3 месяцы. Гэта фактычна азначае, што Мехрдад павінен якім-небудзь чынам за 3 месяцы знайсці краіну, якая пагодзіцца яго прыняць. Пры гэтым ні суд, ні аддзел па грамадзянстве міграцыі не ўлічвае некалькі важных акалічнасцяў — права на сям'ю, цесныя сувязі Мехрдада з Беларуссю, праблемы са здароўем як Мехрдада так і яго жонкі, а таксама адсутнасць матэрыяльнай і юрыдычнай магчымасці пераехаць у іншую краіну.
Мехрдад з сям'ёй пражывае ў Беларусі амаль 25 гадоў, усё жыццё яго і яго сям'і звязаная з Беларуссю і ні з адной іншай краінай у яго няма такіх цесных сувязяў. За час, пакуль ён знаходзіўся ў зняволенні, у яго здарыўся інфаркт, а яго жонка перажыла аперацыю з-за анкалагічнага захворвання. Ім абодвум патрабуецца спакойнае лячэнне. Сям'ю забяспечваюць дзве дачкі, і ў іх проста няма фінансавай магчымасці пераехаць у іншае месца.
Раней праваабарончая арганізацыя Нuman Сonstanta звярталася ў прадстаўніцтвы многіх краін з просьбай прыняць Мехрдада на сваёй тэрыторыі. Станоўчага адказу так ні ад каго і не атрымалі. Таксама праваабаронцы сабралі 1276 подпісаў і звярнуліся з петыцыяй да кіраўніка Беларусі. Сваім рашэннем ён мог бы адмяніць рашэнне аб дэпартацыі і даць Мехрдаду статус бежанца, але пакуль не атрымалі ніякага адказу.
«Мы рады, што пасля доўгага расстання Мехрдад зможа абняць жонку і дзяцей, і сёння вечарам Мехрдад будзе вячэраць дома з сям'ёй. Але мы ўсё гэтак жа не ведаем, што будзе з ім праз тры месяцы і як вырашыць яго пытанне», — адзначаюць праваабаронцы.
Паводле humanconstanta.by