Мэр Жытоміра заклікаў выключыць кіраўнікоў беларускіх гарадоў з еўрапейскай ініцыятывы «Пагадненне мэраў»
Мэр Жытоміра Сяргей Сухамлін заклікаў выключыць кіраўнікоў гарадоў Беларусі з еўрапейскай ініцыятывы «Пагадненне мэраў». На думку ўкраінскага палітыка беларускія кіраўнікі з'яўляюцца не мэрамі, а «прызначэнцамі», а з беларускай тэрыторыі па Украіне запускаюць ракеты.
![Мэр Жытоміра Сяргей Сухамлін Мэр Жытоміра Сяргей Сухамлін](/img/v1/images/clip_3_4_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Мэр Жытоміра Сяргей Сухамлін
Пра гэта Сухамлін заявіў у відэазвароце на сваёй старонцы ў Facebook.
«Пагадненне мэраў» — ініцыятыва, у якую ўваходзяць тысячы гарадоў 48 краін Еўропы. Яе мэта — выкананне абавязацельстваў па скарачэнні выкідаў вуглякіслага газу ў атмасферу шляхам развіцця «зялёнай эканомікі» і паляпшэння якасці жыцця. У «Пагадненне мэраў — Усход» уключаны 435 гарадоў з шасці краін Усходняй Еўропы. Сярод іх і ўкраінскі Жытомір, і беларускія гарады. Выключыць іх кіраўнікоў і прапануе Сухамлін.
«Мэры тых гарадоў, з якіх узляталі самалёты, дзе атабарыліся расійскія войскі, з якіх запускаюць ракеты, у тым ліку і па Жытоміры. Жытомір быў адным з першых гарадоў ва Украіне, які далучыўся да гэтай ініцыятывы. Жытомір сёння з'яўляецца першым горадам ва Украіне, які патрабуе ад сусветнай арганізацыі, ад усіх мэраў выключыць з гэтага пагаднення беларускія гарады. Таму што там няма мэраў. Там ёсць «прызначэнцы», якіх «бацька» паставіў кіраваць сваімі гарадамі. Мы іх [падтрымкі] не чулі, затое чулі іх ракеты», — сказаў гарадскі галава Жытоміра.
Украінскі мэр падкрэсліў, што гэта не крок супраць народа Беларусі: «Сябры — нічога асабістага. Тым, хто разбірае рэйкі, — рэспект. Батальён Каліноўскага і атрад “Пагоня” — найлепшыя! Але…»
Сухамлін накіраваў у сакратарыят ініцыятывы і пісьмовы зварот з патрабаваннем выключыць беларускіх чыноўнікаў.
Адзначым «Пагадненне мэраў — Усход» выказалася супраць вайны і ў падтрымку Украіны, заява размешчана на галоўнай старонцы сайта ініцыятывы.