Мінгарсуд не задаволіў скаргу Някляева на незаконны арышт
У Мінскім гарадскім судзе разгледжана скарга паэта і грамадскага дзеяча Уладзіміра Някляева на прысуд за нібыта заклікі да «Маршу абураных беларусаў 2.0», паведамляе Радыё Свабода.
Скаргу Някляева суд не задаволіў. Разглядаў яе суддзя Максім Лабко.
1 лістапада Ленінскі раённы суд Мінску прызнаў Уладзіміра Някляева вінаватым у закліку да акцыі 21 кастрычніка і асудзіў на 10 сутак арышту. Пастанову вынесла суддзя Святлана Метлянок.
Сёння перад разглядам скаргі заяўнік прасіў далучыць да матэрыялаў медыцынскія даведкі аб стане здароўя. Палітык мяркуе, што яго арыштоўваюць мэтанакіравана.
«Апошні крыз, які я перанёс у турме, быў у верасні, вельмі цяжкі. Гэта сістэма. Мяне затрымліваюць, не даюць лекаў, даводзяць да крызу і чакаюць, што будзе. Калі мінулы раз давалі 7 сутак, са мной былі медыцынскія дакументы, што я знаходжуся ў перадынсультным стане. Суд іх забраў, а потым у справе іх не аказалася», — расказаў суддзю Уладзімір Някляеў.
Пра сітуацыю напярэдадні суду 1 лістападу Някляеў сказаў наступнае:
«Мяне папярэджвалі, каб прызнаў віну, маўляў, "аддзелаесся“ штрафам. Але я ня мог прызнаць, бо ня быў там. Мяне журналіст "Белсату“ запытаў, ці буду я на акцыі, я адказаў, што не. Але сказаў, што калі людзі адчуваюць волю змагацца, дык трэба выходзіць.
Яшчэ адзін факт, які мяне збянтэжыў. На акцыі я ня быў, але мне далі 10 сутак. А некалькі ўдзельнікаў, хто былі, іх таксама судзілі, але далі меншае пакаранне. Значыць, ёсць устаноўка, каб мяне давесці да таго, пра што я ўжо казаў. Даводзяць да інсульту. Калі мяне садзілі за ўдзел у акцыях, я разумеў, за што. Але тут не разумею. Бо ня ўдзельнічаў».
Адвакат палітыка настойваў, каб справу Някляева закрылі.
«Някляеў, як любы грамадзянін, мае права разлічваць на адэкватнае стаўленне. Ён мае права і на тое, каб пры прызначэнні яму пакарання ўлічваўся стан здароўя. Ленінскі суд аказаўся пад уплывам таго, што Някляеў часта крытыкуе ўлады і знаходзіцца ў апазіцыі... Адкуль наогул узялася раздрукоўка з сайту "Хартыя-97“? Суд яе не даследаваў. Аўтэнтычнасць перакладу ніхто не правяраў. Някляеў не павінен адказваць за тое, што зрабілі іншыя.
І галоўнае: адказ Някляева не змяшчае звестак пра час і месца акцыі, хоць яму менавіта гэта інкрымінуюць. Артыкулу, дзе ёсць месца і час акцыі, Някляеў не пісаў. У пастанове суду не адзначана, якая менавіта фраза лічыцца "заклікам“. Магчыма, "калі ёсць воля абараніць правы, дык трэба ісці і бараніць“. Але гэта не заклік, а развага, выказванне сваёй думкі. Інтанацыя таксама не адпавядае закліку, гэта відаць з запісу».
Уладзімір Някляеў да гэтага дадаў:
«Словы можна трактаваць па-рознаму, але калі словы ёсць прадметам судовага разбору, тады мусяць правесці экспертызу таго, што сказана. Ня можа капітан, які складаў пратакол, ды яшчэ з памылкамі, пераважыць экспертызу трох арганізацый — БАЖу, Саюзу пісьменнікаў, ПЭН-цэнтру. Усе кажуць, што закліку не было, а суд прымае тое, што сказаў міліцыянт. Трэба ж паважаць людзей, якія пішуць, прафесійна займаюцца словам. Гэта, мякка кажучы, несправядліва».
Праз 5 хвілін суддзя абвясціў вырак — пастанова Ленінскага суду застаецца ў сіле.
Пра папярэднюю адсідку на Акрэсціна Уладзімір Някляеў згадаў: «Ды ўжо прызвычаіўся. Толькі б давалі аловак, каб мог пісаць, але ж не даюць. Кажуць, што магу сабе вока пашкодзіць».