Міны з угнаенняў і 1 радыёстанцыя на 435 чалавек — будні беларускіх партызанаў
Як Сталін спужаўся партызанаў, а НКВД стварыла атрад з інвалідаў-вешчуноў. Першыя месяцы вайны — цікавыя факты з мала даследаваных дакументаў.
Як вядома, СССР аказаўся не падрыхтаваным да вайны з Нямеччынаю. Савецкія жаўнеры разбягаліся перад гітлераўскімі войскамі, а весці добра арганізаваную партызанскую
вайну не было каму. Хоць да 1937 года на тэрыторыі Беларусі існавалі разбудаваныя
заканспіраваныя структуры, гатовыя да вядзення партызанскай вайны і акцыяў сабатажу…
Сталін спужаўся партызанаў
Што праўда, канцэпцыя захопніцкай вайны супраць Захаду, якая панавала ў СССР у 1920-я гады і ўтрымлівала стратэгію “наступальнай абароны”, не прадугледжвала займання ворагам
савецкіх тэрыторыяў. Аднак шляху да Нямеччыны з ейным прамысловым патэнцыялам, магутным працоўным класам ды геапалітычным становішчам, якое мела адыграць ключавую ролю ў распальванні сусветнай
рэвалюцыі, стаяла Польшча. У 1920-м Саветы ўжо атрымалі горкі досвед пад Варшаваю і ў выпадку чарговага наступу, мяркуючы па ўсім, баяліся паўтору гэтай сітуацыі. Таму на мяжы з Польшчаю і паўставалі
сакрэтныя партызанскія структуры, гатовыя прыйсці на дапамогу ў выпадку контрнаступу.
На пачатку 1930 у БССР існавала 6 канспірацыйных аддзелаў па 300-500 чалавек, якія прыкідваліся мясцовымі сялянамі. Паўставалі школы для партызанаў. Аднак найпазней у 1937 годзе Сталін і ягонае
атачэнне ўбачылі ў вышкаленых партызанах унутраную пагрозу. Людзей, якія займаліся арганізацыйнаю працай, расстралялі падчас чыстак 1938-39 гадоў, а склады зброі па-хуткаму
ліквідавалі…
Рапарт НКВД: жыхары з радасцю вітаюць немцаў
Сяржант Дзяржбяспекі Міхаіл Аверын у рапарце аб сітуацыі ў Віцебску 29 верасня 1941 года пісаў: “Большасць жыхароў
Віцебску з радасцю вітаюць уваход нямецкага войска [...] Па дарозе я спаткаў шмат дэзерціраў з Чырвонай Арміі”.
Нямецкая калона ля Мірскага замку. Фота archives.gov.byУ рапарце працаўнікоў НКВД Іванова і Нароенкі з 29 лістапада 1941 года чытаем: “Усю сваю скаціну
аддалі немцам, якія стаяць па іншым баку возера. Некаторыя казалі, што немцы прыйшлі, каб іх вызваліць, напрыклад, адна жанчына, [...] якую мы пазней застрэлілі”. І далей:
“Трэба заўважыць, што ў
Беларусі каля 90 % усіх здольных насіць зброю мужчын засталіся дома, дэзертуючы з Чырвонай Арміі”.
На 30 партызанаў — 1 майткі
Партызанскія атрады паўставалі стыхійна. Іх стваралі былыя жаўнеры і афіцэры Чырвонай Арміі (“акружэнцы”) і савецкія актывісты. Першыя месяцы гэта было проста спосабам выжывання
(каб не трапіць у рукі немцаў), баявых акцыяў яны амаль не праводзілі. Стваралі атрады і працаўнікі НКВД. Але іх падапечным бракавала ведаў, як весці партызанскую вайну. Да таго ж, у
іх не
было ні зброі, ні выбухоўкі, ні нават мапаў і компасаў. І гэта ў сітуацыі, калі шмат хто быў вымушаны перасоўвацца па незнаёмай для сябе мясцовасці. Пад канец 1941 года шмат якія групы распаліся.
А большасць савецкіх вайскоўцаў і палонных, якім удалося збегчы, нават і не думалі пра барацьбу. Яны ўладкоўваліся на працу ў сельскай гаспадарцы. Адна з прычынаў адмовы ваяваць былі шакуючыя паразы
савецкіх войскаў на пачатку вайны.
Каб паставіць барацьбу на прафесійныя рэйкі, у Гомлі арганізавалі цэнтр па падрыхтоўцы партызанаў і дыверсантаў, якія пасля дзейнічалі ў акупаванай Беларусі. Курс цягнуўся ўсяго 30 гадзінаў. Да таго
ж, для новаспечаных байцоў не хапала зброі, таму выпускнікі нярэдка адмаўляліся перакрочваць лінію фронту. Паколькі міны для партызанаў пачалі прадукаваць толькі ў ліпені 1941-га, выбухоўку
даводзілася рабіць самім са штучных угнаенняў, якія ўтрымлівалі аміяк. На 7770 выпускнікоў
цэнтру ў 1941 годзе выдалі 2540 мін і дэтанатараў, 440 пар абутку, 330 зімовых куртак і… 260 штук бялізны.
Партызанскі атрад інвалідаў-вешчуноў
Цэнтры па падрыхтоўцы паўсталі таксама ў Кіеве, Арле, Ленінградзе, Вязьме, Растове, Астрахані. А непадалёк ад Вязьмы, у горадзе Гжацку (з 1968 года - Гагарын), працаўнікі НКВД сфармавалі,
бадай,самы
арыгінальны партызанскі атрад - з пастаяльцаў Дома для інвалідаў і састарэлых. Яго чальцы мелі перамяшчацца без зброі па тэрыторыях, занятых ворагам, і выступаць у ролі
“прарокаў”. А менавіта распавядаць жыхарам, што падчас “айчыннай вайны” 1812 года ў Расею на чале з Напалеонам уварваліся прускія войскі. І тады такія ж старыя
людзі ішлі ўслед за войскам агрэсараў і прадказвалі іхную паразу. Прароцтва споўнілася. Маўляў, гэтаксама будзе з гітлераўцамі.
Падзякавалі, а потым згнаілі
Узнагароджанне беларускіх партызанаў у жніўні 1941-га. Фота vsr.mil.byЗваротным момантам у гісторыі партызанскага руху быў контрнаступ савецкіх войскаў зімою 1942 года. Адзін з
самых вядомых і дысцыплінаваных атрадаў - палкоўніка Нічыпаровіча - дзейнічаў паміж Менскам і Магілёвам. Яму ўдалося не толькі правесці шмат паспяховых аперацыяў, але і зрабіць немагчымае - галоднымі
ды амаль бяззбройнымі, у бясконцым чаканні абяцанага цэнтральным кіраўніцтвам самалёту з дапамогаю, вырвацца з нямецкага ачаплення, прычым з невялікімі стратамі.
Пасля палкоўніка Нічыпаровіча запрасілі ў Маскву, дзе ён распавядаў пра цяжкасці партызанскіх будняў. А калі адмовіўся вяртацца назад ды стаў ахвяраю змовы сваіх калегаў па барацьбе (паводле іх, ён
прыпісваў сабе чужыя заслугі), згнаілі ў турме НКВД. Ён памёр на пачатку 1945 года, гэтак і не дачакаўшыся перамогі.
Звесткі, якія ніхто не змог расшыфраваць
Яшчэ ў 1942 годзе сувязь партызанскіх фармаванняў з цэнтральным кіраўніцтвам практычна адсутнічала. Цэнтральнаму штабу партызанскага руху, які ўзначаліў першы сакратар ЦК КП(б)Б Панцеляймон
Панамарэнка, падначальваліся амаль 95 тыс.
партызанаў у Беларусі і Украіне. У лістападзе на ўсіх прыходзілася 217 радыёстанцыяў. Тэлеграфістаў, як і партызанаў, рыхтавалі аўральнымі тэмпамі, таму даволі часта расшыфраваць
пераказаныя імі звесткі ніхто не мог…
Партызаны атраду Катоўскага вяртаюцца з баявога задання. Фота vsr.mil.byВядома, што партызаны славіліся не толькі перамогамі ў рэйкавай вайне, але і на любоўным фронце. Нават у
дысцыплінаваным атрадзе Панамарэнкі, паводле ягоных жа сведчанняў, некалькі падраздзелаў “вядуць распуснае
жыццё, сядзяць у вёсках, чужаложаць, гоняць самагон і п’юць. Агенты даносяць пра гэта немцам, а тыя пасля бамбяць і паляць вёскі”.
Партызаншчына ў Беларусі вачыма немцаў і саветаў
Звесткі, выкарыстаныя ў матэрыяле паходзяць з новай кнігі польскага гісторыка Богдана Мусяла
“Савецкія партызаны 1941-1944. Міфы і рэчаіснасць” (Bogdan Musiał, Sowieccy partyzanci 1941-1944. Mity i rzeczywistość, Poznań: Zysk i S-ka, 2014, 653 s.). Праца
паўстала на падставе расейскамоўных дакументаў, якія захоўваюцца ў беларускіх і расейскіх архівах, а таксама польскіх, нямецкіх, яўрэйскіх і іншых гістарычных крыніцаў. Аўтар цытуе мала даследаваныя
радыёграмы партызанскіх атрадаў цэнтральнаму кіраўніцтву, а дзякуючы параўнанню фактаў і лічбаў у справаздачах савецкага і нямецкага бакоў спрабуе рэканструяваць праўдзівую карціну падзеяў другой
сусветнай вайны, перадусім на тэрыторыі Беларусі.
Богдан Мусял у 1985 годзе атрымаў палітычны прытулак у Заходняй Нямеччыне. Вывучаў гісторыю, сацыялогію і паліталогію ва ўніверсітэтах Гановера і Манчэстэру. Працаваў у Нямецкім гістарычным інстытуце
ў Варшаве і ў Інстытуце нацыянальнай памяці. Сярод ягоных вядомых гістарычных працаў - выданыя па-польску “На Захад па трупе Польшчы” (2009) і “Вайна Сталіна. 1939-1945.
Тэрор, грабеж, дэмантажы” (2012).
Аліна Кашкевіч, belsat.eu