«Мой тата загінуў у Бахмуце». Антываенная акцыя ў сіцылійскім Палерма. Шмат фота
Паглядзіце на сьветлыя і нязломныя твары мужных украінак і ўкраінцаў.
24 лютага ўвесь сьвет выказваў салідарнасьць і захапленьне моцай украінскага народа, а самі ўкраінцы ядналіся на плошчах самых розных гарадоў, каб убачыць адно аднаго і зноў сьцвердзіць сваю мужнасьць і ўпэўненасьць на шляху да перамогі.
Дзясяткі ўкраінцаў і ўкраінак запоўнілі плошчу ля тэатра імя Гарыбальдзі жоўта-блакітным колерам. Мужчынаў на акцыі было няшмат. Трое маленькіх дзяўчынак спрачаліся, хто сёньня больш сумаваў па тату. — Я плакала ў цягніку, у сваім пакоі, увесь дзень плакала.— А я плакала восем разоў, — чуліся тоненькія галасы малечаў.
Асабліва шмат на Палермскай акцыі было кабетаў сталага веку, бойкія і вясёлыя, яны сьпявалі ўкраінскія песьні, якія сёлета пачуў увесь сьвет.
«А ми тую червону калину підіймемо,А ми нашу славну Україну, гей-гей, розвеселимо!»
Кожная з гэтых жанчын зазнала за гэты год страшэннае гора, але яны сьпявалі, сьмяяліся, нястомна і рашуча заяўлялі: «Україна понад усе!».
Пасля сумеснага выкананьня гімну акцыя рушыла маршам да іншай плошчы. Там перад яе ўдзельнікамі са словамі спачуваньня, захапленьня, разуменьня наяўнасьці агульнага ворага і абяцаньнямі няспыннай падтрымкі выступалі італьянскія палітыкі.
З прамовай да суайчыньнікаў зьвярнуўся праваслаўны сьвятар айцей Назарый: «Гэты год — год гора, бяды, сьлёз, год болю. Але з іншага боку, гэта год нязломнасьці, еднасьці, кансалідацыі, веры, цяжкай працы ўсіх украінцаў дзеля перамогі над расейскім агрэсарам. Усе мы прыкладалі і прыкладаем максімум высілкаў, самаахвяруем дзеля дасягненьня адной і зараз так пажаданай усімі мары — перамогі над ворагам, справядлівага міру і росквіту нашай дзяржавы. У гэты дзень мы з асаблівымі просьбамі зьвяртаемся да Бога за нашу родную Ўкраіну, за ўвесь украінскі народ, за нашых вайскоўцаў, за ўсіх ахвяраў гэтай крывавай вайны. Молімся за нашую хуткую перамогу і за ўсіх тых, хто зь нябёсаў будзе радавацца ёй разам з намі».
Сярод сотняў украінскіх сьцягоў сустрэўся на італьянскай выспе і беларускі. У гэты дзень наш бел-чырвона-белы сьцяг увасабляў сабой ўсіх загінулых за свабоду Ўкраіны беларускіх ваяроў. Украінцы віталі нас воклічам «Жыве Беларусь!», што было незабыўна. Няхай жа гэта сьвята еднасьці, якое адбылося ў трагічны для сьвету дзень, прысьпешыць вызваленьне Беларусі праз вызваленьне Ўкраіны.