«Мова нанова» адсвяткавала пяцігоддзе. З аншлагам і Вольскім (фота, відэа)

Самыя першыя заняткі курсаў «Мова Нанова» прайшлі ў Мінску 13 студзеня 2014 года. Цяпер яны праводзяцца яшчэ ў чатырнаццаці абласных і раённых гарадах. Як паведаміў Глеб Лабадзенка, тры з паловай тысячы чалавек па ўсёй Беларусі наведалі сустрэчы за гэты час.

2019_01_15_5_hod_mova_nanova_a._ljaszkevicz_016.jpg

На адкрыццё курсаў “Мова нанова” Рыгор Барадулін у 2014-м напісаў верш “Нанова!”:

Немінуча,Гаюча,НановаРаскрываецца шчырае слова.Мова маці –Крыніца святая –Да вытокаўНамеры вяртае.Як высокія мроі,АблокіДумкі небаРатуюць ад спёкі.Мы на гэтым сьвецеПавінныГадаваць мовуРоднай Айчыны.

Дзень народзінаў курсаў адзначылі на сустрэчы ў мінскай кавярні “Грай” 14 студзеня. Нягледзячы на святочны настрой, заняткі не засталіся без граматычнай (калі дакладней, то лексічнай) часткі ад Алесі Літвіноўскай. Яна патлумачыла, чым адрозніваецца ў нашай мове ўжыванне слоў “білет” і “квіток”.



Класікі беларускай літаратуры выкарыстоўвалі пераважна “білет”. Слова прыйшло з французскай мовы праз нямецкую і польскую. У апошнія дзесяцігоддзі “квіток” выціскае “білет”. У некаторых моўных сітуацыях яны выкарыстоўваюцца як сінонімы: “білет / квіток на канцэрт”, “зваротны білет / квіток”. У некаторых сітуацыях правільна будзе казаць толькі “білет” – называючы пасведчанне аб праходжанні навучання, службы: “вайсковы / студэнцкі білет”; пасведчанне аб сяброўстве ў арганізацыях: “прафсаюзны / партыйны білет”; банкаўскі дакумент: “крэдытны / банкаўскі білет”; у пераносным значэнні: “шчаслівы білет”, “білет у бізнес”; а таксама “запрашальны / экзаменацыйны / латарэйны білет”.

Слова “квіток” выкарыстоўваецца ў значэнні “квітанцыя, талон”: “багажны / авансавы / разліковы / падатковы / гарантыйны квіток”; “квіток на аплату / да лекара / з нумарам чаргі”. “Квіток” і паходзіць ад польскага “квітанцыя”. Алеся Літвіноўская патлумачыла, што не варта баяцца слова “білет”, гэта зусім не русізм. Да таго ж, шмат якія словы былі запазычаны ў рускую мову з еўрапейскіх праз старабеларускую. Таму не варта адмаўляцца ад сваёй спадчыны толькі таму, што рускія кажуць так жа.



Пасля выступа каляднага гурта пад кіраўніцтвам Аляксея Галіча выйшаў Лявон Вольскі. Ён пачаў з песні “Зямля” 1989 года, пракаментаваўшы: “Трыццаць год прайшло, а тэкст, на жаль, усё яшчэ актуальны”. Выконваў “Край ты мой, край” і “Простыя словы” з “Народнага альбома” ( апошнюю песню разам з публікай). Згадваў Міхала Анемпадыстава, аўтара “Народнага альбома”. Распавядаў гісторыі, што здараліся з ім на мяжы Беларусі і Еўрасаюза ў час дзеяння васьмідзённага абмежавання на выезд.
Мінскія курсы “Мова нанова” заўсёды карыстаюцца папулярнасцю. Сідзячых месцаў заўжды не стае для ўсіх наведвальнікаў. Юбілейная сустрэча, аднак, выклікала асаблівы ажыятаж. Хто ведае, хацелася людзям разам адсвяткаваць, ці проста паглядзець выступ Лявона Вольскага, ды яно і неістотна. Галоўнае, што заняткі “Мовы нанова” пратрымаліся пяць год і дасюль запатрабаваныя. Хаця, можа быць, каб усе вывучылі беларускую, то курсы ніхто і не наведваў бы. Але гэта малаверагодна: публіка, што збіраецца ў “Граі”, пераважна сярэдняга ўзросту, і наўрад ці вучыць мову “з нуля”. Хутчэй, даўно ўжо размаўляе па-беларуску і ходзіць на заняткі, каб удасканаліць веды і… пакамунікаваць. Чаму не?
У рэгіёнах за арэнду памяшкання для заняткаў даводзіцца плаціць арэнду (курсы дармовыя). Таму ахвочыя падтрымаць “Мову нанова” могуць зрабіць гэта на сайце Talaka. Дзейнічае сістэма падпіскі (кожны месяц з вашай карткі аўтаматычна спісваецца пэўная сума). Курсы памянялі банк, таму старая падпіска скасавалася і фундатараў заклікаюць падпісацца наноў.
Фота і відэа Алены Ляшкевіч