«Можаце зламаць хрыбціну, але дух не зламаеце»
Ілля Ясінскі — акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і выканаўца ролі Вацлава Ластоўскага ў фільме «Купала». Пасля затрымання 15 лістапада збіты акцёр трапіў у бальніцу хуткай дапамогі. Ён расказаў «Нашай Ніве», што адбылося.
Фота Максіма Карасцялёва
Іллю затрымалі ў Мінску днём. Спачатку збівалі ў бусе, пасля ў аўтазаку. Чаму да яго было такое жорсткае стаўленне, мужчына не ведае. «Беларуская латарэя», — жартуе.
У Маскоўскае РУУС яго прывезлі недзе а 15-й гадзіне.
«Нас там было чалавек 60. Збітых няшмат, некалькі чалавек. Мне пачала балець паясніца. Я ледзь хадзіў, міліцыянты трымалі пад руку», — падзяліўся акцёр.
Ён папрасіў выклікаць хуткую. У аддзяленні міліцыі прабыў з гадзіны дзве. Кажа, супрацоўнікі там былі стомленыя бясконцым складаннем пратаколаў.
«Калі вы перастанеце ўжо хадзіць?» — пыталіся ў затрыманых.
На хуткай Іллю забралі разам з іншым мужчынам. Усю дарогу іх суправаджаў канвой.
«На каталцы мяне вазіў супрацоўнік РУУСа. Казаў, што мы з ім як у фільме «1+1», толькі травой не падзеліцца», — згадвае Ілля.
Пераломы адросткаў двух пазванкоў — такі дыягназ паставілі дактары. Бліжэйшыя 5-7 дзён Ілля правядзе ў бальніцы. Зрастацца пераломы будуць паўтара-два месяцы, увесь гэты час таксама будзе патрэбны спакой.
«Яшчэ ў мяне сінюшчыя ногі прыгожыя, як фарбай памаляваныя», — іранізуе Ілля.
Бліжэйшы спектакль у РТБД — «Кар’ера доктара Рауса» — пройдзе без яго.
«Кажуць, на маім месцы будзе пусты інвалідны вазок. Калегі прынамсі абмяркоўвалі такую ідэю, спыталі, як я стаўлюся. Я сказаў, што буду падтрымліваць любое выказванне».
Ілля трымаецца бадзёра.
«Можаце зламаць хрыбціну, але дух не зламаеце», — кажа ён.