«Мы набліжэння спецаперацыі да вялікага... плану не бачым, а яно ёсць»

Расійская «спецаперацыя» рыхтуецца пайсці па плане. Адзіны расійскі саюзнік пачаў адчуваць у сваёй душы міратворчы сверб, а гэта дакладная прыкмета, што набліжаецца новы грандыёзны план, па якім і пойдзе вайна. Пра гэта ў сваёй адмысловай манеры разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

rksskij_korabl_idet.jpg

«Ёсць у мяне адчуванне, што расійская аперацыя рыхтуецца пайсці па плане. Па вялікім такім, добрым плане. Не такім планам, як «Масква» ці нават жэст добрай волі на востраве Змяіны. Там былі планы лакальныя, тактычнага значэння. А я цяпер кажу пра планы стратэгічнага ўзроўню. Накшталт перадыслакацыі з-пад Кіева, калі яны, губляючы на хаду танкі, ажыццяўлялі планавую перагрупоўку войскаў.

І гэта адчуванне ў мяне з'явілася не ад таго, што ў расійскім наступе, насуперак прамому загаду міністра абароны, зацягнулася аператыўная паўза. Ну загадаў і загадаў. А ім можа не наступаецца. Таму што для паспяховага наступлення трэба ж узаемнае непраціўленне бакоў. А як тут наступаць, калі іншы бок супраціўляецца?

І не таму, што расійскім генералам даводзіцца прыцягваць на вайну асоб, якія знаходзяцца ў часовых рознагалоссях з законам. Мяркуючы па характары вядзення расійскай арміяй ваенных дзеянняў, няма ніякіх прынцыповых адрозненняў паміж гэтымі асобамі і астатнімі расійскімі вайскоўцамі.

І не з-за рэгулярных феерверкаў на расійскіх вайсковых складах. Складам больш, складам менш. Ці вялікая справа? І нават не з-за новага Рамштайна і новых непрыемнасцяў, якія гэты Рамштайн абяцае “другой арміі свету”.

А з'явілася гэта адчуванне ў мяне ў асноўным з-за ўскосных прыкметаў. Таму што ёсць адзін надзейны сімптом: як толькі спецаперацыя набліжаецца да вялікага, стратэгічнага плану — так у Расіі адразу пачынаюць інтэнсіўна наракаць на негатоўнасць кіеўскіх партнёраў да канструктыўных мірных перамоваў. І яшчэ больш інтэнсіўна намякаць на наступствы, якія могуць зайсці вельмі далёка, калі перамоваў не будзе.

Вось днямі расійскі міністр Лаўроў сказаў, што калі Украіна зробіць расійскай арміі балюча новымі дальнабойнымі HIMARS, то Расія будзе прэтэндаваць ужо не толькі на АРДЛА, але яшчэ і на Херсонскую, Запарожскую вобласці і загадкавыя “іншыя тэрыторыі”. Гэта значыць, Херсон яны захапілі наогул без прэтэнзій. Не вельмі зразумела, праўда, куды ў гэтым плане падзеліся дэнацыфікацыя і дэмілітарызацыя ўсёй краіны, але з кім не бывае? Згубіліся падчас спецыяльнай аперацыі. З кім не бывае.

А яшчэ, па меры набліжэння спецаперацыі да новага плану, адзіны саюзнік пачынае адчуваць у сваёй душы міратворчы сверб. Вось першы раз у яго міратворчы сіндром выявіўся, калі ўзяцце Кіева пайшло па трохдзённым плане. Памятаеш, ён тады ўсё распавядаў, што ў Кіева ёсць апошні шанец дамовіцца, таму што інакш Кіеву будзе горш.

І што ты думаеш? Учора гэты саюзнік сказаў, што ў Кіева зноў застаўся апошні шанец. І гэты шанец трэба тэрмінова браць і карыстаць. А калі не браць, то далей, як ты сама можаш здагадацца, будзе толькі горш. Таму што Расія яшчэ не пачынала вайну, і ў Расіі вялікая моц, і цуда-зброя, у якое саюзнік глыбока пагружаны.

Таму мы з табой набліжэння спецаперацыі да вялікага... плану не бачым, а яно ёсць. І расійскія афіцыйныя асобы, і іх саюзнік яго ўжо адчуваюць. Проста, у адрозненне ад нас з табой, яны ж ведаюць свае планы. І могуць нават трошкі прадбачыць, калі надыходзіць час, каб зрабіць жэст добрай волі».