«На рускую пераходжу са складанасцямі...»

Гэтым разам пра свой шлях да беларускай мовы распавядаюць вядомы музыка, ландшафтны дызайнер ды спецыяліст па турызме — удзельнікі «Перапісу насельніцтва», арганізаванага курсамі «Мова Нанова».

mova_7.jpg


 

Сяргей Доўгушаў, саліст філармоніі, лідар гурта "Vuraj"


movananova4_dougushau.jpg


 

— На жаль, у вёсцы, дзе я нарадзіўся (Новае Тарчылава, Аршаншчына), зусім не гучала беларуская мова, але было шмат каларытных слоў з мясцовых дыялектаў «лісапед», «лярва», «прагон», «круча».

 

Часта сустракаліся і беларускія словы, накшталт «чапяла», «хлеў», «валацуга», «калідор». Але ў асноўным гучала ўедлівая «трасянка», з якой мы ў юнацтве здзекаваліся і смяяліся, нават пазней і песні пачалі складаць дзеля жарту (быў такі панк-рокавы хіт, які мы прыдумалі і гралі, спявалі «Сам я родам з дзярэўні»).

 

Але сапраўдная беларуская мова прыйшла да мяне пазней — калі я ўжо жыў у Мінску і заканчваў Акадэмію музыкі. Мова прыйшла праз усе прачытаныя тамы Уладзіміра Караткевіча, праз бессмяротныя вершы Рыгора Барадуліна, Анатоля Сыса. І самае галоўнае — праз народныя беларускія песні. Доўгі час я размаўляў у асноўным са сцэны ці ў інтэрв’ю. Але з цягам часу ўвогуле перайшоў на родную мову. Падаецца, гэта адбылося пасля гастроляў "Vuraj" ва Украіне. Тады я вырашыў: а чаму беларуская мова не можа быць у нас, у беларусаў, асноўнай, галоўнай, як у ўкраінцаў — украінская, а руская ўспрымаецца як замежная. То бок, усё наадварот, як зараз у нас. Тады ўсё і пачалося.

 

Цяпер на рускую мову, калі трэба, пераходжу са складанасцямі — лезуць адусюль беларускія словы. Збольшага без фанатызму: калі сітуацыя патрабуе перайсці на рускую мову — пераходжу. Але мая асноўная мова — беларуская.

 

З беларускай мовай згадваюцца самыя пазітыўныя моманты. Моманты разумення і яднання, калі гутарыш з палякамі, украінцамі, славакамі па-беларуску, і яны цябе разумеюць, паважаюць. Памятаю, як пасля нашага выступу з "Vuraj" на расійскiм фэсце «Пустые холмы» нас вельмі доўга запрашалі зноў на сцэну, усімі беларускімі словамі, якія толькі ўспаміналіся: «яшчэ», «калі ласка», «малайцы».

 

І пасля выступу мясцовыя падыходзілі, гутарылі і спрабавалі вучыцца ў нас размаўляць па-беларуску.

 

А ў Чэхіі, напрыклад… Я не вельмі добра валодаў чэшскай і часта дадаваў у сваіх размовах беларускія словы ці сказы — і мяне разумелі. Але аднойчыя заўважыў, што людзі неяк саромеюцца маіх слоў ці чырванеюць, калі я казаў «шукаць» ці «я шукаю». Толькі потым я мне патлумачылі, што ёсць у чэхаў вельмі сарамлівае слова і зусім іншае па сэнсу, чым нашае «шукаць»... (чэшскае «шукаці» з’яўляецца грубай формай фразы «займацца каханнем». — Т.Ш.)

 

 

Валерыя Апанасевіч, ландшафтны дызайнер


movananova4_apanasevichy.jpg


 

— Адразу скажу, што навучанне ў школе ў Гомелі ніяк не спрыяла развіццю любові да роднай мовы. Творы па літаратуры я лічыла «сухімі» і нецікавымі — напэўна, нічога да канца не прачытала. Відаць, таму людзі, якія размаўлялі на беларускай мове, для мяне былі незразумелымі і сумнымі. Пазней, ва ўніверсітэце, мяне таксама з беларускай мовай нічога не звязвала. Але ж нейкая цікавасць да мовы, культуры і гісторыі недзе ў падсвядомасці ў мяне была. А вось калі ўжо пераехала з роднага Гомеля ў Мінск, я пачала сустракаць беларускамоўных людзей, якія сапраўды любілі сваю мову ды сваю краіну. Я і сама пачала глядзець на мову інакш. Памятаю, каб пачаць мець стасункі з беларускай літаратурай, мне параілі прачытаць «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча. Але мне больш спадабаліся «Каласы пад сярпом тваім».

 

А потым я сустрэла свайго будучага мужа, Яўгена. Ён сапраўды любіць Беларусь і ўсе, што з ёй звязана. Праз яго я шмат што сама зведала, і разам з ім мы вырашылі, што любоў будзе няпоўнай, калі не пачаць размаўляць на беларускай мове. І вось ужо пяты год мы вывучаем мову і размаўляем на ёй.

 

Магу назваць нават дакладны момант, калі мы вырашылі, што трэба гаварыць па-беларуску: Яўген у чарговы раз прыйшоў з экскурсіі і пачаў злавацца на тых, хто не ведае сваёй гісторыі. Я яму кажу: «А чым мы лепш, калі нават не размаўляем на сваёй мове?» З таго часу і размаўляем.

 

Асабіста я гутару толькі дома ды з тымі, хто таксама размаўляе на беларускай мове. З астатнімі людзьмі магу толькі «дзякуй», «калі ласка» ды «пакуль» ужываць — на жаль, пакуль што так.

 

Прыгадваецца прыемны выпадак: наш старэйшы сын ходзіць у рускамоўны садок. І вось надышоў у іх час навагодняга ранішніку. Мы прыйшлі паглядзець, як маленькія «мядзведзі» ды «лялькі» будуць танчыць. Дзеці ўсе таўкуцца перад сцэнай, кожны кліча сваіх бацькоў, чутна: «МА-МА! ПА-ПА! МА-МА!» І толькі адзін: «ТАА-ТАА!!» Адразу зразумела — наш!

 

Яўген Апанасевіч, прадстаўнік турыстычнага бізнесу

 

— Складана сказаць, што сфармавала маё стаўленне да беларускай мовы. Гэты быў доўгі шлях, і шмат што гэтаму спрыяла. Усё пачалося з таго, што я, дзякуючы сваёй бабулі і маім сваякам, стаў больш хадзіць у касцёл, дзе чуў родную мову. Тут, канешне, трэба згадаць і святароў, якія, прыязджаючы з Украіны, намагаліся размаўляць па-беларуску.

 

Дзякуючы касцёлу я ўвогуле трапіў у тую галіну, дзе я зараз працую, — турызм і гісторыя. Дапамагаючы летам у касцёле, я сустракаў шмат розных цікавых людзей, якія таксама паўплывалі на зацікаўленасць моваю і, галоўнае, гісторыяй.

 

Мае бацькі, калі прыязджалі да сябе дадому з вёскі (найперш, тата) стараліся пераходзіць у размове на беларускую мову. Хаця гэта, напэўна, нельга назваць паўнавартаснай беларускай мовай, але некаторыя ўрыўкі слоў ды фраз былі беларускімі... Больш за ўсё мне падабалася, з якой пяшчотай яны гэта рабілі. І гэтыя ўжытыя з размове беларускія словы былі як глыток свабоды на той зямлі, дзе яны нарадзіліся, бо ў горадзе я такой гаворкі за імі не заўважаў.

 

Адным з крокаў на шляху да мовы была, безумоўна, мая жонка. Дзякуючы яе падтрымцы гэта стала рабіць прасцей — не толькі ў межах нашай сям’і, але і па-за ёй. Шлях да роднай мовы — гэта вельмі руплівы працэс, які працягваецца і зараз. А калі ты зранку чуеш ад свайго сына: «Тата, добрай раніцы!», то разумееш, што твая мова, мова тваіх продкаў, жывая. Тады расце ўпэўненасць, што шлях да мовы тваіх дзяцей будзе не такі цяжкі, а проста звычайная рэч у сваёй краіне, са сваёй культурай, са сваёй мовай.

 

Цяпер беларускую мову ўжываю ў сям’і, у размове з блізкімі. І, паколькі праца звязана з людзьмі, працуючы з турыстамі, экскурсіі імкнуся праводзіць на роднай мове. Магу сказаць, што нават тыя людзі, якія напачатку экскурсіі не пагаджаюцца слухаць яе па-беларуску, задаволеныя пасля кажуць «дзякуй».