Набывайце беларускае, не будзьце імбрыкамі!
Гутарка са стваральнікам інтэрнэт-крамы «прабеларускіх тавараў» imbryk.by Алесем Мазанікам.
— Алесь, ваш сайт працуе ўжо амаль месяц. Распавядзіце, калі ласка, чым канкрэтна вы займаецеся.
— На дадзены момант я ажыццявіў сваю даўнюю мэту — афіцыйна зарэгістраваўся прадпрымальнікам і вось не так даўна, з 1 красавіка, адкрыў уласны сайт. Галоўная мэта сайту — папулярызацыя ды распаўсюд рознага кшталту літаратуры, музыкі, сувеніраў, цішотак і г.д. Праз гэтую дзейнасць я хачу ў пэўнае ступені павялічыць культурніцкі ўзровень нашага грамадcтва, бо, на вялікі жаль, кожны дзень па некалькі разоў чую, што па-беларуску чытаць хочацца, але няма дзе ўзяць, фільмы праглядаць хочацца, але няма дзе прыдбаць і г.д.
— Ваша інтэрнэт-крама, якая спецыялізуецца на такіх беларускіх таварах, кнігах, дысках, цішотках, ужо не першая. Чым вы збіраецеся заваёўваць рынак у барацьбе з канкурэнтамі?
— Я адразу хачу сказаць, што не лічу тыя інтэрнэт-крамы, якія цяпер ёсць, канкурэнтамі па адной простай прычыне, што, па вялікім рахунку, у нас на ўсю Беларусь, акрамя майго “Імбрыку”, толькі 4 інтэрнэт-крамы з беларускім змесцівам у большай ці меншай ступені. Што да канкурэтных перавагаў, я магу так сказаць: калі падыходзіць сур’ёзна, то ў мяне ёсць бясплатная дастаўка і па Мінску, калі я сам разводжу, і па Беларусі, калі я дасылаю поштай.
Раней, замаўляючы ў розных інтэрнэт-кнігарнях нешта, заўсёды лавіў сябе на думцы, што той кошт, які я бачу на сайце, не канчатковы, і для мяне, як чалавека педантычнага па натуры, гэта дастаткова напружна. Таму ў мяне людзі будуць атрымліваць тавар менавіта па тым кошце, які бачаць на сайце.
— Ці няма ў вас недахопу тавараў, ці шмат увогуле кніг, беларускай прадукцыі выходзіць у нас новых?
— Вось гэта складанае пытанне. Калі браць, напрыклад, некаторыя мінскія кнігарні, альбо нават кніжныя кірмашы, то вельмі часта людзі сутыкаюцца з тым, што яны прыходзяць і не могуць знайсці пэўнай колькасці беларускамоўнай прадукцыі. Перакананы, тут галоўная праблема ў простай ляноце гандляроў.
Калі, напрыклад, я прыязджаю ў нейкае выдавецтва, дзе ёсць шмат літаратуры, не толькі беларускай, то мне трэба аб’ехаць, умоўна кажучы, 10–15 выдавецтваў, каб займець 100 найменняў беларускай прадукцыі. Звычайнаму прадпрымальніку дастаткова дзеля гэтага паехаць на 1–2 склады. Нейкая праца за ідэю — гэта ўжо даўно досыць вялікая рэдкасць.
— Ці актыўна купляюць беларускія кнігі і дыскі? Ці можна на гэтым зарабіць і жыць з гэтага?
— Безумоўна, тыя аб’ёмы, што цяпер ёсць, недастатковыя для нашай амаль 10-мільённай Радзімы, аднак возьмем прыклад пачатку 90-х. Шмат хто любіць казаць, што, маўляў, тады розныя змагары ўсім казалі пра тое, што вернем мову, вернем сцяг, будзем гэта ўсё прасоўваць, але паглядзім наклады тых кніжак, нават канец 80-х — пачатак 90-х. 10, 20, 50 тысяч! І цяпер я магу смела сцвярджаць, што на сучасным кніжным рынку дзесьці 75–80% запатрабаванай літаратуры — гэта букіністычныя выданні.
Галоўная праблема беларускай распаўсюднай дзейнасці ў тым, што людзі не ведаюць, што нешта такое існуе ўвогуле. Трэба спачатку ім гэта паказаць, а пасля яны гэта сабе захочуць, таму што калі мы ідзем па горадзе, мы не чакаем там пабачыць, напрыклад, вокладкі на пашпарт з гістарычным гербам Пагоня, альбо фільм “Адзін дома” ў беларускім перакладзе, альбо нават таго ж “Маўглі” па-беларуску.
Калі ж казаць, ці можна зарабляць на беларускім, як бы гэта ні прагучала, я лічу, што цалкам магчыма, пры пэўных намаганнях і прафесіяналізме. Але з асабістага досведу запатрабаванасці беларускага тавару, я перакананы ў тым, што беларускі бізнэс можа быць развіты ў нашай краіне нармалёва ды прыносіць прыбытак значна вышэйшы за сярэднестатычны.
— А ці ўвогуле лёгка гэта — адкрыць інтэрнэт-краму з беларускімі таварамі? Колькі для гэтага трэба заплаціць і якія падаткі сёння для такой крамы?
— Для пачатку трэба заплаціць за стварэнне ўласнага сайту. Гэта каштуе розных грошаў, я заплаціў 1000 даляраў. Таксама ёсць штомесячныя падаткі, якія сёння складаюць, у маім выпадку 3,5 мільёна, што не залежыць ад продажаў абсалютна. Рэч у тым, што можна выбіраць розную сістэму падаткаабкладання, але я, як эканаміст-менеджар паводле адукацыі, сыходжу з таго, што бясплатны сыр бывае толькі ў мышалоўцы, таму лепш заплаціць зараз і рабіць на поўную моц, чым рухацца вельмі павольна і, адпаведна, атрымоўваць горшы вынік.
— Скажыце, калі ласка, увогуле такая незвычайная назва для сайту з кнігамі, дыскамі — “Імбрык” — адкуль яна з’явілася, што яна значыць?
— Калісьці, як толькі я вырашыў зрабіць інтэрнэт-краму, у мяне гэтая назва прыйшла амаль на падсвядомым узроўні. Упершыню я хачу спалучыць сучаснасць і архаіку, у пэўнае ступені. Імбрык — гэта такі новатвор, якога не было, умоўна кажучы, 20 гадоў таму, але гэта такое слова, якое выклікае ўсмешку амаль ва ўсіх людзей, хто яго чуў. Для мяне імбрык — гэта як сімвал таго, што варта развівацца, каб не быць імбрыкам у пэўнай сферы жыцця. І ў выпадку з інтэрнэт-крамай — набывайце беларускае, не будзьце імбрыкамі!
Гутарыў Арцём Багданаў, radyjo.net