Нацыянальны аэрапорт зноў выказаўся наконт беларускай мовы
Намеснік гендырэктара Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» адказаў на прапанову замяніць кітайскую мову беларускай.

Ліст з адказам апублікаваў на сваёй старонцы ў Фэйсбук прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.
Раней Барыс Гарэцкі пакінуў запіс у кнізе заўваг і прапаноў аэрапорта. Яго прапанова тычылася замены надпісаў на інфармацыйных табло ў будынку аэрапорта, аформленых на кітайскай мове, на беларускамоўныя. Таксама Барыс Гарэцкі прапаноўваў назваць аэрапорт у гонар беларускага першадрукара Францыска Скарыны.
Афіцыйны адказ прыйшоў ад намесніка гендырэктара Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» Віктара Палея.



Ліст Віктара Палея фактычна дублюе яго адказ на калектыўны зварот грамадзян, які змяшчаў аналагічныя просьбы і прапановы.
Намеснік гендырэктара паўтарыў агучаную ў пачатку верасня: выкарыстанне моў у афармленні інфармацыйных табло адпавядае заканадаўству, перайменаванне аэрапорта немагчыма з прычын фінансава-эканамічнага характару.
Віктар Палей зноў прапаноўвае выбраць Нацыянальную бібліятэку ў якасці знакавага аб'екта, які мэтазгодна назваць у гонар Скарыны.
Паводле gazetaby.com