Не саскочыць! Беларускаму саюзніку давядзецца плысці на рускім ваенным караблі да канца

Дзяржаўныя панты былі асноўным апірышчам імперскай велічы. Але ў іх цяпер ужо мала хто верыць, бо ўсе бачаць, што хлопец «за базар не адказвае», піша аўтар тэлеграм каналу Лісты да дочкі

274941788_4970706136309334_4172820845193443406_n.jpg

Я гляджу, зусім ужо паразбіваліся расійскія панты аб украінскую абарону. Настолькі паразбіваліся, што ўжо і Захад больш не баіцца празмерных поспехаў украінскага наступу. За апошнія пару дзён заходнія саюзнікі запланавалі паставіць Украіне сотні розных бронемашын і танкаў. А як тлумачаць разумныя людзі, машыны гэтыя не вельмі патрэбныя ў абароне, але надзвычай карысныя для наступу.

Гэта значыць, нічога яны ўжо на гэтым Захадзе не баяцца. Ні гіпергукавых ракет, ні расійскай канцэпцыі ядзернай бяспекі, ні адключэння газу. Пацерліся дзяржаўныя панты, пакуль Украіна адну за адной пераходзіла чырвоныя лініі — і нічога ёй за гэта не было. Таму што дзяржаўныя панты — гэта такі рэсурс, які выдаткаваць лёгка, а аднавіць цяжка. Нафту можна напампаваць, рублі надрукаваць, салдат панараджаць — а панты браць няма дзе. Ва ўсялякім разе, калі ўсе бачаць, што хлопец “за базар не адказвае”.

Таму што на самай справе не нафта з газам, не ядзерная зброя, і нават не другая армія свету былі асновай імперскай велічы. Дзяржаўныя панты — асноўная апора ўсёй гэтай канструкцыі. (Зрэшты, другая армія свету набліжаецца да такога стану, калі яе саму трэба будзе чым-небудзь падпіраць, каб канчаткова не развалілася).

Але, хай сабе, Захад. Англасаксы, як вядома, толькі і робяць, што гадзяць. Але ўжо нават уласныя расійскія падданыя пачалі заўважаць, што панты — не сапраўдныя. Вось ім днямі распавялі пра тое, як адна расійская ракета знішчыла адразу 600 украінскіх жаўнераў, а яны ж, нягоднікі, не вераць.

Я падазраю, што і адзіны саюзнік, як ён там не храбрыцца ды выхваляецца пра нязломнае братэрства, пакутуе ў глыбіні душы на цяжкія сумневы. Іншая справа, што саюзніку з гэтага крэйсера няма куды саскочыць. Даводзіцца наведваць палігоны і нарошчваць непераадольную моц рэгіянальнай групоўкі войскаў на паўднёва-заходніх рубяжах. Ён можа і рады б пачаць дрэйфаваць у бяспечныя воды, але хто ж паверыць?

Вось сказаў ён у суботу, што трэба зрабіць крок насустрач людзям, якія збеглі з краіны, і тым, якія там пакуль засталіся, але ўжо раскаяліся. Не ў першы, што характэрна, раз сказаў. І цяпер ўвогуле незразумела, дзеля каго ён, уласна, стараўся. Бо, зразумела, тых, хто збег, назад не завабіш. А калі гэта такі манеўр, кшталту «а мы ніякага наступу не рыхтуем, а наадварот народную згоду папраўляем», то хто ж паверыць?

А калі хтосьці хацеў звярнуць на сябе ўвагу, дык часы, калі ўвагу Захаду можна было прыцягнуць такімі няхітрымі спосабамі, даўно прайшлі. Цяпер трэба што-небудзь больш істотнае чым вербальныя сігналы. Вось спачатку зрабіць, а потым казаць. А інакш, нікуды не дзенешся, давядзецца плысці на рускім ваенным караблі да канца. Да самага наступу і далей.

Гэтак жа, як не было куды дзявацца пацуку, якога сокалы скінулі на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы зарэгістраваць Бабарыку і Цапкалу.