НІСЭПД не пацвердзіў байкот
Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Вільнюс, Літва) абвяргае меркаванне апазіцыйных палітыкаў, што парламенцкія выбары ў Беларусі не адбыліся з прычыны байкоту.
Апытанне грамадскай думкі праводзілася ў верасні-кастрычніку. Даследаванне паказала, што яўка выбаршчыкаў на выбарах перавысіла 50%. Байкатавалі выбары 9,6% выбаршчыкаў, яшчэ 24% — не ўдзельнічалі па іншых прычынах, гаворыцца ў каментарах да вынікаў апытання, размешчаных на сайце НІСЭПД. 17,4% апытаных прагаласавалі датэрмінова (18–22 верасня), 49% — 23 верасня. Як адзначаюць сацыёлагі, яўка перавысіла 50-працэнтны парог за кошт выбаршчыкаў з абласных цэнтраў (без уліку Мінска) і рэгіёнаў, дзе пражывае 80% беларускага электарату.
На думку НІСЭПД, не адпавядаюць рэчаіснасці і заявы пра тое, што «калі выбары і адбыліся», то, перш за ўсё, дзякуючы датэрміноваму галасаванню, на якім «было здзейснена большасць фальсіфікацый». «На самай справе, датэрмінова прагаласавала крыху больш за чвэрць усіх удзельнікаў галасавання — нават менш, чым на папярэдніх парламенцкіх выбарах (тады датэрмінова прагаласавала 24%, а ў дзень выбараў — 41,1%). Прычым, толькі 2,2% сказалі, што іх «да гэтага прымусілі», а 15,2% зрабілі гэта «па ўласнай ініцыятыве», — адзначае НІСЭПД.
Больш за тое, па дадзеных апытання, 47,5% рэспандэнтаў назвалі выбары, якія прайшлі, «свабоднымі і справядлівымі», 27% з гэтым не пагадзіліся. Практычна такімі ж былі суадносіны і ў верасні 2008 года (48,7% супраць 27,1%), паведамляе НІСЭПД.
З тым, што «падчас выбараў мелі месца фальсіфікацыі», пагадзіліся 27,2%, а 41,7% — не (26,5 % супраць 44,1 % у 2008 годзе). «Такім чынам, выбары адбыліся, але іх вынікі не адпавядаюць чаканням значнай часткі грамадства і не асабліва хвалююць большасць. Сур’ёзных пераменаў у сваім жыцці мільёны беларусаў не чакалі ад гэтых выбараў да іх правядзення, не чакаюць і пасля», — робяць выснову аналітыкі НІСЭПД.
Ацэньваючы папулярнасць Аляксандра Лукашэнкі, сацыёлагі канстатуюць, што «рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі «фактычна» стабілізаваўся». У параўнанні з чэрвенем рэйтынг Лукашэнкі вырас з 29,7% да 31,6%, гэта значыць у межах памылкі выбаркі (у сакавіку ён складаў 34,5%).
Ацэньваючы дабрабыт, 27,8% апытаных заявілі, што «сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Беларусі ў бліжэйшыя гады пагоршыцца», і толькі 18,4% — што палепшыцца (у чэрвені паляпшэння чакалі 21,4%). «Як бачна, няўстойлівасць эканамічнай стабілізацыі, пра якую кажуць шматлікія эксперты, адчуваецца і мільёнамі нашых суграмадзян», — мяркуюць у НІСЭПД.
Пра пачатак новай праграмы Еўрасаюза «Дыялог аб мадэрнізацыі Беларусі» ведаюць ці чулі што-небудзь толькі 20,9% рэспандэнтаў, але лічаць, што «такая праграма патрэбна Беларусі» 40,3% (не — 18,2%, не змаглі адказаць ці не адказалі 41,5%). «Іншымі словамі, калі стаўленне да Расіі (ад сяброўства да крыўды) у большасці беларусаў будуецца на аснове ўласнага вопыту, то да Еўропы (ад надзей да асцярог) — хутчэй, на аснове даступнай інфармацыі і стэрэатыпаў», — канстатуюць у НІСЭПД.