Няпростая раніца: Украінскія сілы СПА збілі 54 з 69 крылатых ракет
Украінскія сілы СПА сёння займелі шмат працы. Расія здзейсніла пускі крылатых ракет паветранага і марскога базіравання, а таксама зенітных кіраваных ракет да ЗРК С-300.

Намеснік кіраўніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба УСУ Аляксей Громаў падчас брыфінгу сказаў: «Каля сямі раніцы праціўнік нанёс удар па тэрыторыі Украіны, падчас якога здзейсніў пускі крылатых ракет паветранага і марскога базіравання, зенітных кіраваных ракет і зенітных ракетных комплексаў С-300 і С-400 па аб'ектах энергетычнай і крытычнай інфраструктуры ўсходніх, цэнтральных, заходніх і паўднёвых рэгіёнаў нашай краіны».

Украінскія вайскоўцы знішчылі 54 расійскія ракеты з 69. Пра гэта паведаміў галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны ў Facebook: «Сёння раніцай агрэсар здзейсніў пускі крылатых ракет паветранага і марскога базіравання, зенітных кіраваных ракет да ЗРК С-300 па аб'ектах энергетычнай інфраструктуры нашай краіны. Паводле папярэдніх даных, усяго было ўжыта ва ўдары 69 ракет. Сіламі і сродкамі Сіл абароны Украіны знішчаны 54 варожыя ракеты Х-101 / Х55, «Калібр».
Нагадаем, як пісаў «НЧ», раней паведамлялася, што раніцай 29 снежня РФ запусціла больш за 120 ракет рознага тыпу па тэрыторыі Украіны. Пры гэтым над Кіевам збілі ўсе 16 ракет, якія былі зафіксаваны ў паветры.
Паводле korrespondent.net, украінскай службы РБК