П’юць, гвалтуюць, забіваюць
Больш за 80 працэнтаў забойстваў і згвалтаванняў, а таксама больш за 40 працэнтаў асабліва цяжкіх злачынстваў у Беларусі здзяйсняцца ў стане алкагольнага ап’янення. Пра гэта 2 лютага падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай надыходзячаму Дню міліцыі, заявіў першы намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Алег Пякарскі.
Больш за 80 працэнтаў забойстваў і згвалтаванняў, а таксама больш за 40 працэнтаў асабліва цяжкіх злачынстваў у Беларусі здзяйсняцца ў стане алкагольнага ап’янення. Пра гэта 2
лютага падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай надыходзячаму Дню міліцыі, заявіў першы намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Алег Пякарскі.
«Увогуле, калі меркаваць па колькасных і якасных паказчыках дынамікі злачынстваў у Беларусі, то можна сказаць, што наша грамадства робіцца лепей», — адзначыў першы намеснік
кіраўніка беларускага МУС. Паводле яго слоў, калі ў 2006 годзе была заведзена 181 тысяча крымінальных спраў, то ў 2009 — 146 тысяч. Тым не менш, падкрэсліў Алег Пякарскі, сітуацыя
па-ранейшаму застаецца напружанай, «і мы не кажам пра тое, што ўжо найбліжэйшым часам дасягнем таго ўзроўню, калі ў грамадстве надыдзе поўная ідылія».
Што да статыстыкі забойстваў, то калі ў 2000 годзе было здзейснена 1186 такіх злачынстваў, у 2009-м — удвая менш — 570. Летась нераскрытымі засталіся 17 забойстваў, сказаў
высокапастаўлены міліцэйскі чыноўнік.
Паводле слоў Алега Пякарскага, больш за 40 працэнтаў злачынстваў у Беларусі здзяйсняецца ў стане алкагольнага ап’янення, а такіх злачынстваў, як згвалтаванні, нанясенне цяжкіх цялесных
пашкоджанняў, забойствы, — больш за 80 працэнтаў. Апроч таго ад атручвання алкаголем у Беларусі штогод памірае каля 2,5 тысяч чалавек. Што да станоўчых тэндэнцый, то Алег Пякарскі адзначыў
зніжэнне ўзроўню злачыннасці сярод няпоўнагадовых.
Першы намеснік кіраўніка МУС пацвердзіў інфармацыю пра тое, што Камітэтам дзяржаўнай бяспекі затрымліваўся брат былога камандзіра вайсковай часткі 3214 Дзмітрыя Паўлічэнкі. Гэта было звязана з
крымінальнай справай, распачатай па факце знікнення наркатычных рэчываў з Рэспубліканскага турэмнага шпіталю, які падпарадкоўваецца Дэпартаменту выканання пакаранняў. Брата Паўлічэнкі пакуль
адпусцілі, следства па гэтай справе працягваецца.
Алег Пякарскі таксама пацвердзіў, што зараз вядзецца вышук начальніка Упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама генерал-маёра Генадзя Хацько, супраць якога была заведзена крымінальная
справа за перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Адзін з эпізодаў гэтай справы — незаконнае будаўніцтва спадаром Хацько катэджу. Па словах Алега Пякарскага, на дадзены момант не вядома,
знаходзіцца Генадзь Хацько на тэрыторыі Беларусі ці па-за межамі краіны.
Адказваючы на пытанне пра перашкоды журналістам весці фота- і відэаздымкі падчас вулічных акцый, якія чыняць супрацоўнікі праваахоўных органаў, Алег Пякарскі адзначыў: «Любы чалавек, якога
здымаюць, мае права абурыцца і не пагадзіцца з тым, што яго здымаюць. Гэта права супрацоўніка міліцыі, калі яму не хочацца, каб яго здымалі, калі яму нецікава, каб яго твар выкарыстоўваўся ў
карцінках, якія часта ствараюцца і ідуць за межы Рэспублікі Беларусь, а потым у розных СМІ паказваюцца масавыя беспарадкі і дзеянні канкрэтнай асобы. Мы не думаем пра тое, што ў яго ёсць
сям’я, ёсць дзеці, што на гэта глядзяць яго блізкія. На жаль, часта карцінка ствараецца дзеля таго, каб паказаць, наколькі тут няправільна дзейнічаюць супрацоўнікі міліцыі. Таму я згодны з
тым, што павінны быць выпрацаваны правілы пры правядзенні і пры рэагаванні, каб вы разумелі нарматыўную базу дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі і якія задачы перад імі стаяць, і калі вы маеце жаданне
засведчыць тое ці іншае мерапрыемства, рэальна разумелі, што вы сваімі дзеяннямі ў нейкай ступені правакуеце (міліцыянтаў), хаця ведаеце, што ўсё, што адбываецца, гэта супрацьзаконна».
У сваю чаргу, прысутная на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Святлана Бароўская паведаміла, што ў Беларусі пакуль
не плануецца ўводзіць інстытут прэс-афіцэраў паводле нямецкага ўзору. «Намі пераймаецца вопыт розных акцый, якія праводзяцца ў Германіі, але на сённяшні дзень пакуль гаворка аб прэс-афіцэрах
у нас не вядзецца, — сказала Святлана Бароўская. — Магчыма, тое здарыцца пазней, калі гэта будзе мэтазгодна».
Гаворачы пра ход расследавання крымінальнай справы па факце выбуху, які адбыўся непадалёк ад стэлы «Мінск — горад-герой» у цэнтры беларускай сталіцы ў ноч з 3-га на 4-е
ліпеня 2008 года, калі ладзіўся канцэрт з нагоды Дня Незалежнасці Беларусі, Алег Пякарскі падкрэсліў, што следства працягваецца, але канкрэтных падазраваных пакуль няма. Першы намеснік міністра
ўнутраных спраў прывёў цікавыя факты.
«Падчас расследавання справы па выбуху мы раскрылі больш за 4 тысячы іншых злачынстваў. Па гэтай крымінальнай справе дапытаныя больш за 900 чалавек, у якасці падазраваных затрымліваліся
больш за 120 чалавек, праведзена каля 600 ператрусаў, канфіскавана каля 150 кілаграмаў выбуховых рэчываў, выяўлены шэраг дастаткова сур’ёзных злачынных груповак, якія займаліся вырабам
выбуховых рэчываў і выбуховых прылад. Ужо апытана каля 81 тысячы чалавек з тых, хто знаходзіўся ў раёне правядзення свята ў ноч на 4 ліпеня 2008 года. Мы вынялі ўсе фотаздымкі, што былі зроблены
падчас святкавання і якія прыносілі самі грамадзяне, з мэтай устанавіць вінаватага. Мы высветлілі ўсіх асоб, якія ёсць на фотаздымках, — хтосьці суседа фатаграфаваў, хтосьці —
грамадзяніна, які праходзіў міма. Аператыўная праца па гэтай справе працягваецца», — сказаў Алег Пякарскі.
Скарыстоўваючы магчымасць, Алег Пякарскі і Святлана Бароўская павіншавалі ўсіх супрацоўнікаў праваахоўных органаў з надыходзячым іх прафесійным святам — Днём міліцыі.
Ад рэдакцыі: А ці не супрацьзаконна сілавымі метадамі разганяць мірныя акцыі, закрываць тэле- і фотакамеры, тым больш вырываць іх з рук, збіваць з ног журналістаў, затрымліваць іх і
адвозіць у пастарунак, а потым саджаць на суткі па надуманых абвінавачваннях? Найперш трэба адказаць на гэтыя пытанні і зыходзячы з гэтага выпрацоўваць правілы ўзаемных паводзін. Але добра, што
міліцыянтам сорамна за свае дзеянні перад роднымі і блізкімі. Значыць, не ўсё безнадзейна ў справе ўсталявання ў Беларусі адносін прававой дзяржавы.