Палескія курорты

Беларусь мае свой Крым. Толькі пра яго мала ведаюць. Поўдзень Беларусі — знакамітае Палессе — асацыюецца з глухаманню, балотамі, камарамі і столінскімі гуркамі. Разам з тым паўднёвая частка краіны адметная і вельмі адрозная ад Цэнтральнай і Паўночнай Беларусі. Іншы свет, які праяўляецца ва ўсім — ад прыроды да характару людзей. А кажуць, што Беларусь — маленькая! (Рэчка Ясельда)



2d5d4cf93ccf992b3fe617b32b8296a3_logo.jpg

Беларусь мае свой Крым. Толькі пра яго мала ведаюць. Поўдзень Беларусі — знакамітае Палессе — асацыюецца з глухаманню, балотамі, камарамі і столінскімі гуркамі. Разам з тым паўднёвая частка краіны адметная і вельмі адрозная ад Цэнтральнай і Паўночнай Беларусі. Іншы свет, які праяўляецца ва ўсім — ад прыроды да характару людзей. А кажуць, што Беларусь — маленькая!

(Рэчка Ясельда)


На Палессі больш цёплы і вільготны клімат, расліннасць буйная і сакавітая. Калі Паазер’е на поўначы захапляе нардычнай, размеранай прыгажосцю, то поў­дзень Беларусі бярэ ў палон якраз тым, што называюць wild nature.
Гэтай шыкоўнасці Беларусь абавязаная найперш унікальным экасістэмам балот. Вядомы абаронца гэтага багацця Беларусі — загадчык сектару Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах Аляксандр Казулін. Ён падкрэслівае, што балоты — надзвычай абмежаваныя ў Еўропе. Так, буйнейшае беларускае нізіннае балота «Званец» можна абыйсці за дзень. Каштоўнасць балотаў у тым, што яны паглынаюць вуглякіслага газу ў 4–5 разоў больш, чым лес, выдзяляюць пры гэтым багата кіслароду. Балоты таксама — выдатныя акумулятары вады. У беларускіх балотах захоўваецца вады прыкладна столькі ж, як і ў дзесяці тысячах беларускіх азёр. На балотах гняздуюцца 23 віды птушак з 72, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, расце прыкладна траціна «чырвонакніжных» раслін. На беларускіх балотах жыве прыкладна 70 працэнтаў сусветнай папуляцыі птушкі вяртлявая чаротаўка.
Цяпер у Беларусі засталося 863 тысячы гектараў балот. Гэта 30 працэнтаў ад агульнай колькасці, якая існавала ў сярэдзіне 1950-х гадоў мінулага стагоддзя. Як лічаць спецыялісты, пасля меліярацыі найбольшую пагрозу балотам уяўляе цяпер прамысловая здабыча торфу на паліва. «Асноўная праблема нашай краіны, што мы яшчэ карыстаемся такім палівам, як торф», — распавядае мясцовы краязнаўца, географ і гісторык Анатоль Нефідовіч. І нагадвае, што летась была прынятая дзяржпраграма па пашырэнні здабычы торфу. У 2020 годзе аб’ёмы нарыхтоўкі торфу мусяць вярнуцца да лічбаў, што былі за савецкім часам.
Цяпер Глабальны экалагічны фонд рэалізуе праграму па аднаўленню балот — будуюць плаціны для пад’ёму ўзроўню вады. Нагадаем, што ў новую праграму па асушэнню балот патрапілі некаторыя тэрыторыі акурат такі з адноўленых балотаў.
Анатоль Нефідовіч таксама займаецца экалагічным турызмам, водзіць на экскурсіі ў беларускія балоты групы турыстаў, у тым ліку і замежнікаў. Распавядае, што на Альманскія балоты вадзіў турыстаў па пояс у дрыгве — во дзе крыніца экстрэмальнага турызму!
Па палях рыбу лавілі
Сярод беларускіх балотаў яшчэ ёсць вёскі, дзе стала жывуць людзі. Бадай што адна з найбольш вядомых у СМІ — Кудрычы. Вёска і сапраўды адметная — месціцца на балотных выспах. У кожнага гаспадара ёсць човен, каб у разліў мець магчымасць ездзіць па вуліцах. Ні крамы, ні аптэкі, ні медпункту тут ніколі не было. Некалі працавала пачатковая чатырохгадовая школа, а каб вучыцца далей, дзеці на лодках плавалі ў суседнюю вёску. Цяпер у Кудрычах жыве 23 чалавекі, усяго 11 хат. Засталіся збольшага пенсіянеры. Да бацькоў часам на выходныя наведваюцца з гораду дзеці. Ёсць некалькі маладых мужчын, што не знайшлі сябе па-за бацькоўскай хатай. Пра такіх мясцовыя жыхары кажуць: «Нармальныя ў нас хлопцы — не крадуць нічога. Пакуль яшчэ касу цягнуць, то не прапашчыя».
У Кудрычах ёсць свой стараста — Майсей Махнавец. Дома ў яго заспелі жонку і дачку, якая мыла ды перабірала клубніцы — традыцыйны для Палесся ўраджай. Жонка старасты Вольга Мікалаеўна працуе ў Кудрычах сацыяльным работнікам. Большасць жыхароў ужо даўно размяняла сёмы дзесятак, таму ёсць кім апекавацца.
Была Вольга Мікалаеўна і ў выбарчай камісіі на апошніх прэзідэнцкіх выбарах. З Палесся многае выглядае інакш, чым з Мінску. Па словах жанчыны, супраць Аляксандра Лукашэнкі былі толькі два чалавекі з 80 зарэгістраваных на ўчастку. Распавяла, што на ўчастку была інфармацыя і пра іншых кандыдатаў у прэзідэнты, але прозвішчаў іх ужо не памятае, пра далейшы лёс таксама толкам не ведае.
«А то ж як была калатня ў Мінску, то можа каго і пасадзілі... Калі так, як па тэлевізару паказваюць, — яны крышылі і білі ўсё, то так таксама нельга. Трэба дамаўляцца са словамі, але не так», — разважае Вольга Мікалаеўна пра сталічныя падзеі. Гаворыць, што раней у вёску прыязджалі прадстаўнікі апазіцыі. «Яшчэ перад мінулымі выбарамі прыязджалі — апазіцыя, ці як яны сябе называюць. Агітавалі нас, калі нязгодныя тут жыць, то кватэры абяцалі. Але я адразу сказала: «Мой галубчык, ад мяне маё пяро ніхто не адніме. Я на зямлі радзілася. Куды ж усіх людзей — у дамы забяруць? Якая б уласць не стала, але трэба, каб былі трудзягі. Дзе я радзілася, там і прыжылася. Ужо зраслася з гэтай зямлёю, прыродаю, з усім», — гаворыць непаўторным палескім дыялектам спадарыня. Прыгадвае, што найлепш жылося пры Брэжневе — «усё ляжала пад адкрытым небам і нікому не трэба было, усе ўсё мелі».

Вольга Махнавец


Скардзіцца, што цяпер сухія вёсны і ўвогуле рэдка затапляе, а раней «было такое, што і па палях рыбу лавілі. Хіба што летась зімою вада была ажно ў падвале ў хаце».
Муж разводзіць у калодах, што засталіся яшчэ ад прадзеда, пчол. Цікава, што пчол гаспадар не падкормлівае, і ўвосень іх не чапае, «а па вясне, як што застанецца ад іх, то забірае».
Вольга Мікалаеўна распавяла, што яе маці дражнілі шляхцянкаю, а дзявочае прозвішча спадарыні было Колб. Гаворыць, што шляхта была ў суседніх вёсках, а Кудрычы сваёй шляхты не мелі.
Начаваў я ў вуллі...
Не балотамі адзінымі — кожная мясцовасць цікавая жыхарамі. Сям’я Нефідовічаў у Лунінецкім раёне развівае сваю аграсядзібу «Прыпяцкі плёс». Ірына і Анатоль — настаўнікі, улюбёныя ў свой край, як бы ні складаліся знешнія абставіны. Ірына распавяла, што да іх часта прыязджаюць арнітолагі, у тым ліку з Еўропы, для назірання за птушкамі. У мінулым годзе ў сезон штотыдзень на сядзібе гасцявалі групы турыстаў. Ірына гаворыць, што «няма нічога лепш за дарогу, якая прыносіць уражанні і новыя веды», засмучаецца, што некаторых сваіх вучняў бачыць ранкам у краме ў чарзе за спіртнымі напоямі для апахмелу.


 Анатоль Нефідовіч, відавочна, няўрымслівы гаспадар. Напрыклад, увасобіў у практыку арыгінальную ідэю: прапануе гасцям сядзібы незвычайныя сеансы аздараўлення, то бок сон на вуллях з пчоламі. Ідэю гаспадар пазычаў ва Украіне. Азін пчаляр доўга пакутаваў з хворай спіной. Але аднойчы прысеў побач з вуллем, абапёрся на яго спінаю. Боль прайшоў. Пчаляр звязаў гэта ў лагічны ланцужок ды зладзіў сабе ляжанку на вуллях.
Анатоль Нефідовіч пабудаваў сімпатычны дамок на двух вуллях, а ў ім палок з сеннікам. Гаспадар тлумачыць, што ўначы пчолы не спяць, а працуюць крыльцамі, каб сушыць вуллі. І гэты гул, а таксама выпарэнні мёду і воску надзвычай карысныя. «Не абяцаю, што некага вылечу. Але эстэтычна, эмацыйна гэтая ідэя добрая», — гаворыць Анатоль. Ён прапануе сеансы пчолатэрапіі сваім гасцям. Вырашыў прызначыць цану ў тры долара — можна 20 хвілін паляжаць на вуллях ці ноч там правесці.
Клубнічны бонус
Століншчына — агурочнае царства Беларусі, а Лунінеччына — клубнічнае.
Цёплы клімат, урадлівая зямля і працавітасць мясцовых жыхароў дазваляюць не толькі свае патрэбы задаволіць у прадуктах земляробства, але і на экспарт адправіць сотні гружаных салодкім таварам машын.
У вёсцы Дварэц Лунінецкага раёна рынак клубніц размясціўся наўпрост на трасе. Паабапал дарогі стаіць безліч машын — тут і фуры, і мікрааўтобусы, і легкавікі. Мясцовыя жыхары нясуць перакупшчыкам свой прыгожы тавар вёдрамі.

Анатоль Нефідовіч у дамку для сеансаў пчолатэрапі


— Завіце мяне Джон — гэта па-вашаму, — гаворыць прыветлівы азербайджанец каля машыны з расійскімі нумарамі. Расказвае, што клубніцы купляе, каб потым завезці іх на Маскву. Пра прыбытковасць гэтага бізнесу перакупшчыкі асабліва не хочуць распавядаць. Адказы амаль ва ўсіх неканкрэтныя — «як атрымаецца, раз на раз не прыходзіцца».
Спадарыня Тамара збірае ўра­джай ягады на дзялянцы побач з рынкам. Жанчына працуе ветэрынарам у мясцовым саўгасе. Гаворыць, што клубніцы — гэта магчымасць дадатковага заробку:
— Я зарабляю ў саўгасе 1,3 мільёна рублёў. А ў мяне дзве дачкі — адна ўжо вучыцца ва ўніверсітэце, хутка і другая паступіць.
Муж спадарыні Тамары не працуе ў саўгасе, а ездзіць на заробкі ў Расію. У гэты дзень ён разам з жонкай выбіраў клубніцы на дзялянцы.
— Вы пра смецце раскажыце абавязкова! — абурана просіць мужчына. — Паглядзіце вакол, колькі смецця пакідаюць пасля сябе гэтыя гандляры! Ніхто не прыбіраецца. Кіраўніцтва саўгасу быццам бы выдзеліла пару чалавек, якія напрыканцы дня трохі прыбіраюць тут. Але колькі яго разлятаецца па ваколіцы!


Узбочыны дарогі сапраўды засмечаныя — валяюцца паламаныя скрынкі, папера.
Пытаюся, колькі ж зарабляюць на клубніцах мясцовыя жыхары?
— Цяпер ягады адыходзяць, а крыху раней прадавала па пяць вядзёр у дзень. Але ёсць і такія, што па пяцьдзесят прывозілі. Дык, канешне, заробкі нашы адрозніваюцца! О, у нас ёсць людзі, у якіх па 30–50 сотак клубніцамі засаджана! — дзеліцца інфармацыяй пра аб’ём таваразвароту Тамара.
У Лунінецкім раёне клубніцы — першыя ў чарзе экспартнага прадукту. Іх пестуюць — укрываюць ад маразоў спандбондам дзясяткі сотак, бо гарантыя ўраджаю — гэта не жартачкі.
Мясцовыя жыхары расказваюць, што яшчэ два тыдні таму яны мелі на стале «другі хлеб» новага ўраджаю. Цяпер клубніцы адыходзяць, на чарзе — бульба на экспарт.