Прасіць Бога, каб улады адумаліся...

Мінскай царкве “Новае жыццё" пагражала прымусовае высяленне. Але сітуацыя нечакана  змянілася, пра што карэспандэнту НЧ Марату Гаравому распавёў юрыст пратэстанцкай абшчыны Сяргей Луканін. 



lukanin.jpg

Сяргей Луканін

— Позна ўвечары 4 снежня прыкладна а 21.10 я атрымаў ад судовага выканаўцы Гаспадарчага суда горада Мінска Вольгі Шчарбовіч копіі дзвюх судовых пастаноў — пра заканчэнне выканаўчай вытворчасці па высяленню нашай царквы і пра зварот выканаўчага ліста патрабавальніку — ЖРЭУ Маскоўскага раёна без спагнання. Гэтыя два дакументы, паводле словаў судовага выканаўцы, адпраўлены ў наш адрас яшчэ 29 лістапада, але да гэтай пары мы іх не атрымалі.
Судовыя пастановы сведчаць пра тое, што выканаўчая вытворчасць Гаспадарчага суда горада Мінска, якая была ўзбуджана ў 2009 годзе па прымусоваму высяленню царквы, спынена і здадзена ў архіў, а значыцца — больш не існуе. Свае дзеянні спадарыня Шчарбовіч матывавала лістом патрабавальніка, які добраахвотна адмовіўся ад выканання судовага рашэння па высяленню нашай абшчыны. Цікава, што  гэты ліст ЖРЭУ да судовага выканаўцы датуецца 28 лістапада. Справа ў тым, што 27 лістапада рэлігійная абшчына атрымала прадпісанне спадарыні Шчарбовіч, згодна з якім да 5 снежня вернікі павінны былі вызваліць будынак па вуліцы імя Івана Кавалёва, 72. У адваротным выпадку царкве пагражала прымусовае высяленне, якое прызначана “на падставе судовага загаду Гаспадарчага суда горада Мінска па справе № 526–12/2009 ад 23 кастрычніка.
Кіраўніку абшчыны прадпісвалася да 11.00 5 снежня “вызваліць памяшканне, а таксама падрыхтаваць камплекты ключоў для перадачы патрабавальніку". ЖРЭУ Маскоўскага раёна даручалася “на момант прымусовага высяленне забяспечыць транспарт, рабочую сілу і ўсё неабходнае для высялення даўжніка.
На наступны дзень пасля атрымання прадпісання ад Вольгі Шчарбовіч — 28 лістапада мы паведамілі пра гэта грамадскасці праз незалежныя СМІ і пра тое, што не збіраемся аддаваць будынак царквы. Паводле словаў судовага выканаўцы, праз інтэрнэт яна выпадкова даведалася, якая кампанія салідарнасці разгарнулася вакол царквы і патэлефанавала мне, пасля чаго я і пад’ехаў да Гаспадарчага суда горада Мінска.
Пры гэтым спадарыня Шчарбовіч выказала здзіўленне пазіцыяй ЖРЭУ, якое добраахвотна адмовілася да выканання судовага рашэння па высяленню нашай царквы. І хаця гэтае судовае рашэнне застаецца ў сіле, я расцэньваю тое, што адбылася, як поўную перамогу нашых прыхаджан.

Пад пагрозай высялення вернікі на сваім агульным сходзе вырашылі ўвесь час знаходзіцца ў будынку царквы і “прасіць Бога аб тым, каб улады адумаліся, каб Бог нам давёў планы аб тым, што рабіць, і як рэагаваць на дзеянні ўладаў". Акрамя таго, штодня ў храме праходзілі спецыяльныя малітоўныя служэнні ў абарону царквы.
Вернікаў, якія вечарам 4 снежня сабраліся на ўсяночную ў будынку царквы, падтрымалі кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі, аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя, беларускія пратэстанты, вернікі з Аўстраліі, Германіі, Ізраілю, Ірландыі і ЗША, брытанская амбасада ў Беларусі і незалежныя СМІ. Але галоўную ролю ў сітуацыі вакол будынку царквы адыграла вера прыхаджан, іх пасвячонасць у агульныя справы рэлігійнай абшчыны і гатоўнасць ісці да канца.