«Расійцы проста аддавалі нам сваіх параненых, ім было напляваць на іх»
Лекар з Мазыра, які лячыў параненых расійцаў, з’ехаў з краіны і распавёў, што адбывалася ў беларускіх лякарнях на пачатку вайны ва Украіне. Беларускія шпіталі былі перапоўнены параненымі акупантамі, паколькі «другая армія свету» не чакала такога магутнага ўкраінскага супраціву.
Пра гэта гаворыцца ў спецдакладзе са звесткамі беларускага лекара Андрэя (імя змененае) з Мазыра, які апублікаваў тэлеканал CNN.
Са слоў лекара, раніцай 24 лютага дактарам Мазырскай лякарні загадалі вызваліць 250 ложкаў для расійскіх параненых, спыніць усе запланаваныя аперацыі і адправіць беларускіх пацыентаў дадому.
Па словах медыка, параненых расійскіх салдат прывозілі кожную ноч, у тым ліку ў шпіталь у Мазыры. Андрэй распавёў, што беларускіх лекараў, якія лячылі параненых жаўнераў УС РФ, і яго таксама прымусілі падпісаць дамову аб невыдаванні звестак.
«Яны папярэдзілі нас, што нам нельга дзяліцца інфармацыяй пра расійскіх жаўнераў. Прыйшлося падпісаць заяву аб невыдаванні звестак, якая забараняе нам дзяліцца якімі-небудзь фотаздымкамі, дакументамі», — сказаў Андрэй.
Тым не менш Андрэю ўдалося зрабіць дзясяткі фотакопій рэнтгенаўскіх здымкаў параненых расійскіх салдат, у тым ліку тых, што штурмавалі аэрапорт у Гастомелі. Іх целы былі ўсеяны кулямі, у некаторых не было вачэй, у кагосьці часткі мозгу, а каб спыніць крывацёк, іх целы трымалі перавязанымі па некалькі дзён. Ёсць і здымак ран генерал-маёра УС РФ Сяргея Ныркова, які атрымаў цяжкую траўму жывата ў Чарнобылі.
«Адзін з салдат страціў сківіцу і скардзіўся, што нічога не еў і не піў ужо тры дні. Мне было брыдка, бо гэта — ваенныя злачынцы», — адзначыў медык.
Паводле яго слоў, большасць параненых былі маладымі і неспрактыкаванымі салдатамі, якія лічылі, што едуць на вучобу, і не падазравалі, што іх чакае ва Украіне, а нарэшце прайшлі праз пекла. Яны былі раззлаваныя на ўласнае камандаванне з-за таго, што аказаліся ў новай рэальнасці.
Найбольшая хваля параненых прыбыла ў Мазырскую бальніцу раніцай 28 лютага, тады аўтобусамі прывезлі больш за 100 параненых. Па словах Андрэя, расійскія жаўнеры ўносілі іх унутр на насілках і кідалі ля ўваходных дзвярэй. У адных адсутнічалі вочы, другім патрабавалася ампутацыя — прыбылі з гангрэнознымі ранамі, раздробненымі канечнасцямі, некаторыя былі паралізаваныя, адзін страціў частку мозгу, другі — ніжнюю сківіцу.
Параненых было наколькі шмат, што раны ацэньвалі на хаду і малявалі ў іх на лбе лічбы, каб пазначыць іх у парадку прыярытэту, сартавалі і адпраўлялі на сканаванне або аперацыю.
«Расійцы проста аддавалі нам сваіх параненых [жаўнераў], і ім было напляваць на іх», — сказаў Андрэй.
Па словах лекара, у пачатку сакавіка ў Мазырскую гарадскую бальніцу штодня дастаўлялі ад 40 да 50 параненых расійцаў, якіх туды-сюды везлі, як па «канвеернай стужцы». Расійцы таксама спрабавалі даставіць у бальніцу мёртвых, сказаў ён, дадаўшы: «Яны не ведалі, што з імі рабіць».
Параненых расійцаў лячылі ў некалькіх медустановах Беларусі: палявым шпіталі на аэрадроме ў вёсцы Вялікі Бокаў, палявым шпіталі ў Нароўлі, Мазырскай гарадской бальніцы, бальніцах Гомеля — абласная клінічная бальніца і Рэспубліканскі навуковы цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека.
«Мы можам пацвердзіць, што яны (расійцы) выкарыстоўвалі беларускую інфраструктуру, у тым ліку лячэбныя карпусы і палявыя шпіталі. Яны таксама выкарыстоўвалі моргі... вакзалы або авіябазы для перавозкі памерлых або параненых, у нас ёсць фатаграфіі гэтага», — сказаў CNN Антон Матолька, стваральнік рэсурсу маніторынгу ваеннай актыўнасці.
Пазней, у канцы сакавіка, медыка пасадзілі ў турму паводле сфабрыкаванага абвінавачвання ў карупцыі, і пасля вызвалення Андрэй быў вымушаны збегчы ў Літву.