Рух "За Свабоду" адкрывае трэцюю школу "Беларусь сёння: выклікі і перспектывы развіцця"
Рух "За Свабоду" ў трэці раз арганізуе навучанне ў школе "Беларусь сёння: выклікі і перспектывы развіцця", паведаміў БелаПАН яе дырэктар, намеснік старшыні арганізацыі Алесь Лагвінец.
Мэта школы — даць слухачам комплекснае бачанне сённяшняй сітуацыі ў Беларусі, а таксама інфармаваць аб наяўным патэнцыяле беларускай грамадзянскай супольнасці. Праграма будзе спалучаць лекцыі, дыскусіі, трэнінгі, іншыя мерапрыемствы.
"Нашы школы ўжо маюць пэўную традыцыю і свае напрацоўкі, — паведаміў Лагвінец. — Навучанне атрымала высокую ацэнку як нашых удзельнікаў, так і
партнёраў. Мы зацікаўлены працягваць такую адукацыйна-грамадзянскую форму працы з маладымі беларусамі".
Паводле яго слоў, тэмы школы дазволяць удзельнікам "лепш разабрацца ў асаблівасцях грамадска-палітычнага і эканамічнага жыцця Беларусі, а таксама ўбачыць найлепшыя прыклады і
атрымаць добрыя навыкі грамадзянскага ўдзелу". "Каб быць сапраўдным патрыётам сваёй краіны, вельмі важна быць дасведчаным аб яе жыцці і людзях, а таксама ўдзельнічаць у розных
грамадскіх ініцыятывах", — лічыць Лагвінец.
Навучанне ў школе будзе праходзіць 15—20 кастрычніка ў адной з суседніх еўрапейскіх краін з удзелам беларускіх і еўрапейскіх экспертаў. Галоўныя тэмы: эканоміка Беларусі, яе
стан і перспектывы; асаблівасці палітычнага ладу, характар і спосабы ажыццяўлення ўлады; патрэба і выклікі рэформы дзяржслужбы; трэці сектар у Беларусі; сучасная беларуская медыяпрастора і
аналітычная супольнасць.
Удзел у школе могуць узяць грамадзяне Беларусі 18—30 гадоў, актыўныя ў грамадскай або палітычнай сферы. Рабочая мова — беларуская.
Зацікаўленым асобам трэба запоўніць анкету ўдзельніка на сайце праекта (https://docs.google.com/forms/d/1L1Cn2V0y4j-DtmCRSz6e-I9Jv5Vt8jttliouA3VYvEA/viewform) і напісаць эсэ на
тэму: "Якая, на маю думку, грамадская праблема найбольш хвалюе грамадзян Беларусі і як павінны дзейнічаць органы дзяржаўнай улады, каб найбольш эфектыўна вырашыць гэтую праблему?"(ад
2 да 4 тысяч сімвалаў). Апошні тэрмін падавання заявак (анкета і эсэ на адрас edu.mff@gmail.com) — 5 верасня.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН