9 мая: рытуалы вечнага агню

У ноч з 8 на 9 мая нацысцкі рэжым капітуляваў. Злавесны акультны парадак — з печамі Асвенцыму, нялюдскімі эксперыментамі "Ананэрбэ" і масавым знявечаннем душаў — абрынуўся ў апраметную. Ягоныя важакі труціліся цыяністым каліем, каб пазбегнуць шыбеніцы. Іншых чакаў Нюрнберг.



1_1_udovy.jpg

Удовы ўскладаюць кветкі да магілаў загіблых мужоў. Хроніка 1980-х. З дакументальнага фільму “Святы адыходных часоў”. Беларускі відэацэнтр, 1999

Перамога, што выратавала Еўропу ад фашыстоўскай цемры, абрасла сваімі рытуаламі. Пакрысе ў гэтых рытуалах усё выразней давалася ў знакі нешта ілжывае і мутнацёмнае.

У Савецкім Саюзе 9 мая ад пачатку не было дзяржаўным святам. Сталін баяўся ветэранаў, яшчэ не старых, баяўся іх салідарнасці, баяўся, што пойдуць франтавікі ўздоўж трыбуны. Цікава, што ў хрушчоўскія часы былі майскія вайсковыя парады. Але звязаныя яны былі — як і ў ранейшым календары — з 1 мая, Днём міжнароднай салідарнасці працоўных. Камуністычныя святкаванні мелі свой гадавы графік: увосень — рытуалы Кастрычніцкай рэвалюцыі, вясной — узгадка, што гэта рэвалюцыя мусіць распаўсюдзіцца на ўвесь свет.

Пасля Карыбскага крызісу і прыходу да ўлады Брэжнева, Першамай сцішыў свой наступальны імпэт. Камуністычнай партыі для сваёй сімвалічнай легітымацыі — у сусветным маштабе — патрабавалася нешта мацнейшае. Гэтым мацнейшым стаўся ўспамін пра перамогу ў вайне. З 1965 года ўспамін неўпрыкмет адбіраўся ў паспалітага люду і выстаўляўся на плошчу, з мілітарным парадам, пашыхтаванымі калонамі і зброяй на колах. Ідэолагі бравурна тлумачылі, як трэба правільна святкаваць: чырвоныя сцягі ў цэнтры, пяціканцовыя зоркі — паўсюль, камуністычная партыя — у сэрцы і галаве.

Генеральны сакратар, які старэў і дзяцінеў, любіў цацкі-ўзнагароды: ордэны і медалі сыпаліся на яго — перападала і іншым. У тэлевізары гучалі «пераможныя» песні (асабліва любілі спяваць пра малавядомую Малую зямлю, які брывасты генсек у вайне абараняў).

Многія ветэраны не любілі фальшывы тлум. Мой дзед, які прайшоў вайну ад пачатку і да канца, ездзіў на сціплыя могілкі, дзе былі пахаваныя ягоныя аднапалчане. І не было на гэтых могілках вялізных помнікаў з напышлівымі словамі.

Звычайна на аграмадных помніках (а такіх шмат) няма імёнаў і няма памяці пра загіблых; ёсць чыгунныя раты, сцягі і ананімны пафас, дзе няма месца канкрэтнаму чалавеку, які жыў, змагаўся — і цяпер ужо ў іншым свеце. Невядома, за каго памаліцца ля такой спаруды.

Вырываецца з-пад зямлі вечны агонь. Кладуцца ахайныя, выпушчаныя масавым накладам, вяночкі ад бюракратычных арганізацый. Чым болей пафасу, тым меней людскасці; болей за тое, уладарнае выкраданне калектыўнай памяці толькі і магчымае, калі асобы забытыя, а застаюцца безаблічныя манументы.

1_2_njurnbergskij_protsess.jpg

Нюрнбергскі працэс

Колькі гадоў таму ля Дому ветэранаў мяне раптам спыніў стары. Я не адразу сцяміў, што гэты паранены франтавік просіць у мяне грошай ад беднасці, але не ведае, як і сказаць. Ад сораму я гатовы быў праваліцца пад зямлю, выграб, што было ў мяне ў кішэнях… А стары заплакаў і пачаў дзякаваць Лукашэнку.

На Плошчы Перамогі тым часам гарэў вечны агонь. Школьніцы ў бантах і ваеннай форме ахоўвалі яго, а недалёка ўсё плакаў стары.

Я не буду цяпер гаварыць пра шал з георгіеўскімі стужкамі, што пачаўся з Расіі ды перакінуўся да нас. Не буду ўзгадаваць мілітарную істэрыю «спасіба дзеду за пабеду» і сталінісцкія фільмы, панавыпусканыя ў Беларусі, не буду каментаваць сецевыя скандалы з фальшывымі ветэранамі.

Скажу толькі, што вечны агонь і ляскат зброі — складнікі таталітарнай ідэалогіі, своеасаблівай таталітарнай рэлігіі Перамогі. Гэта зусім не той вечны агонь, пра які спяваў Высоцкі, — «горящее сердце солдата».

Ахвяры гэтай рэлігіі таталітарызму — мёртвыя, чые імёны сцёртыя манументамі, і жывыя, якіх прыводзяць з вяночкамі. Так, ёсць мяжа паміж ухвальным шанаваннем памерлых і парушэннем першай Божай запаведзі, што забараняе стодапаклонства. Але ў выпадку з рэлігіяй Перамогі гэта хісткая мяжа парушаная.

Калі штогод адэпты мусяць пеставаць у сэрцах «ярасць благародную» і ненавідзець Захад на фоне ракетных установак і вусатых партрэтаў — дык каму яны пакланяюцца?

Калі замест міру і супакою ў сэрцы — мілітарнае ўзбуджэнне і пыха, уласцівыя таксама і Трэцяму Рэйху, дык хто перамог?

Калі на касцях безыменных забітых пабудаваныя стадыёны і дзе-нідзе насыпаныя сметнікі, а жывыя не бачаць ціхай мілітарызацыі ўлады, дык куды вядзе падземнае полымя?

Пакланенне вечнаму агню — гэта абраза Бога, знявага памерлых і калечанне жывых.

Паганскія агні мусяць быць патушаныя ва ўсёй краіне, на плошчах і ў гарадах. Месца ўрачыста-звяглівых рытуалаў мусіць заняць ціша і малітва — за ўсіх ахвяраў вайны і за нашых родных.