Сацыёлаг: 80% жыхароў Беларусі супраць удзелу беларускіх войскаў у вайне ва Украіне
Паводле агульнарэспубліканскіх сацыялагічных даследаванняў «Беларускай аналітычнай майстэрні», у верасні гэтага года — 80% апытаных выказаліся супраць удзелу беларускіх войскаў у вайне ва Украіне.
Гэта агучыў падчас Кангрэсу даследчыкаў Беларусі ў Коўне сацыёлаг, кіраўнік «Беларускай аналітычнай майстэрні» Андрэй Вардамацкі.
Паводле сацыёлага, грамадская думка ў Беларусі, Украіне і Расіі самавызначылася і крышталізавалася за гэты перыяд. Ва Украіне адбылося аб’яднанне вакол дзяржавы, у Расіі – вакол падтрымкі так званай «спецыяльнай аперацыі», у Беларусі — вакол ідэі няўдзелу ў баявых дзеяннях.
«Пасля трох хваляў даследаванняў стала відавочна, што самавызначэнне наконт вайны адбылося яшчэ вясной. Другая выснова звязаная з першай — дынамікі ў меркаваннях няма. Трэцяя важная рэч — павялічылася колькасць людзей, якім цяжка адказаць на пытанне. Гэта адлюстраванне важнага сацыяльнага факта: у людзей пачынаюцца змены ў рэфлексіі наконт вайны, ёсць эфекты страху. У канкрэтным пытанні па ацэнцы расійскіх і ўкраінскіх узброеных сілаў мы бачым спліт грамадскай думкі — па 44-45%. Гэта сведчыць, што расійскі наратыў, інтэрпрэтацыя вайны не проста даходзіць, а пранікае ў грамадскую думку. Гэта звязана і з медыйнай сітуацыяй», — тлумачыць Андрэй Вардамацкі.
Па яго даных, 51,4% апытаных адмоўна ставяцца да выкарыстання тэрыторыі Беларусі для вайны ва Украіне, 29 % — станоўча, 17,7% — не вызначыліся з адказам (у сакавіку было 8,5%). Дзеянні Расіі ўхваляюць каля 40% апытаных.
Тры асноўныя крыніцы інфармацыі пра вайну ва Украіне сярод беларусаў — Youtube і Тэлеграм, а затым БТ. Беларускія дзяржаўныя медыя і расійскія дзяржаўныя медыя працуюць на праніканне расійскага нарматыву ў свядомасць. І гэта не не проста праніканне, гэта наступленне.
Цягам апошніх двух гадоў улады мэтанакіравана грамілі беларускія недзяржаўныя медыя. Цяпер за кратамі 30 прадстаўнікоў медыя. І вось вынік гэтага разгрому — расійская прапаганда паволі ўваходзіць у свядомасць беларусаў.
Паводле П*льскага Радыё