Шоў зацягнутых паясоў

Катастрафічныя прагнозы эканамічнага развіцця краіны пасля парламенцкіх выбараў працягваюць ажыццяўляцца. Зараз зноў пайшло павышэнне коштаў, прычым улады б’юць па самым святым для свайго ж электарату.
 



gradus.jpg

Што казаў прэзідэнт пра «чарку і шкварку»? «Шкварка» падаражэла тры тыдні таму. А зараз нас па ілбе ўдарылі і чаркай. З 25 кастрычніка павялічыліся гранічныя мінімальныя цэны на алкаголь моцнасцю больш за 28%. Такое рашэнне ўтрымліваецца ў пастанове Мінэканомікі №87 ад 18 кастрычніка 2012 года.
Згодна з дакументам, лімітавая мінімальная адпускная цана (без ПДВ) на алкаголь моцнасцю 40% за 0,5 літра (з коштам спажывецкай тары) павялічана на 51,4% — да 21,5 тысяч беларускіх рублёў. Пры гэтым рознічны кошт (з ПДВ) павялічаны на 51% — да 29,6 тысяч, а лімітавая мінімальная адпускная цана на імпартныя алкагольныя напоі моцнасцю 40%, што рэалізуюцца на тэрыторыі Беларусі, складае 43 тысячы (на 51,4% больш).
Павышэнне кошту на 50% для моцнага спіртовага напою, з аднаго боку, дае падставы для таго, каб таварыству непітушчых пляскаць у далоні. Маўляў, будуць менш піць. Але, хутчэй, будуць не менш піць, а менш закусваць. Больш за тое, зараз міністэрства здароўя павінна запасацца сваёй жа прадукцыяй — пігулкамі ад галаўнога болю, бо пад крытэр «алкаголь моцнасцю больш за 28%» не падпадаюць «пладова-выгадныя» «чарнілы» і ім падобная прадукцыя. Іх моц, як правіла, складае 18–22%.
Так што большым будзе спажыванне «бырла», і меншым — якаснага і дарагога алкаголю.
А каб людзі менш трындзелі з нагоды павышэння коштаў на спірытус, таксама павысяцца кошты на мабільную сувязь, але не так хутка. З 25 лістапада аператар Velcom павысіць тарыфы на паслугі сувязі.
У кампаніі сцвярджаюць, што кошты для абанентаў паднімуцца ў сярэднім на 8%. Падаражэюць званкі, абаненцкая плата на галасавых тарыфных планах і SMS. Павелічэнне цэн таксама закране зыходзячыя міжнародныя званкі і дадатковыя паслугі. Павысяцца таксама тарыфы на паслугі, якія аказваюцца праз кантэнт-правайдараў з дапамогай адпраўкі SMS, MMS, USSD-запытаў і званкоў на кароткія нумары.
Без зменаў застануцца памеры штомесячных плацяжоў за абсталяванне, набытае раней у растэрміноўку, а таксама тарыфы на мабільны інтэрнэт. Варта адзначыць, што Velcom у гэтым годзе ўжо некалькі разоў падвышаў тарыфы. Так, з 1 жніўня кошты на яго паслугі ў сярэднім выраслі на 7–9%. У прыватнасці, кошт зыходзячых міжнародных званкоў павысіўся на 12%.
Што ж, ёсць амаль месяц для таго, каб прааналізаваць свае званкі, і перайсці на больш выгадны тарыфны план. Дзякуй за тое, што хаця б папярэдзілі загадзя.
А тым часам, уладзе трэба аптымізаваць выдаткі, і тут яна не спыняецца ні перад чым. Пра адно самае святое мы ўжо казалі, зараз яна парэжа іншае самае святое — сілавікоў. У рамках аптымізацыі структуры Следчага камітэта Беларусі будзе звольнена каля 40 чалавек, якія займаюць кіруючыя пасады. Пра гэта паведаміў 23 кастрычніка кіраўнік СК Уладзімір Вакульчык на дакладзе ў Аляксандра Лукашэнкі.
Паводле яго слоў, у ліку звальняемых — 34 кіраўнікі, 15 з якіх — з адмысловым званнем палкоўніка юстыцыі.
Варта адзначыць, што Лукашэнка асабліва цікавіўся рэакцыяй сілавых структур на наступствы стварэння СК. «Хацелася б пачуць, як рэагуюць вашы калегі, у якіх фактычна забралі следства, — перш за ўсё КДБ, пракуратура, КДК. Што адбываецца наогул на гэтым полі?» — пазначыў Лукашэнка адну з тэмаў даклада Вакульчыка.
На месцы Лукашэнкі я б паасцярогся з такімі скарачэннямі. Палкоўнікі юстыцыі — гэта табе не абы-хто. Асабліва ва ўмовах, калі не расследаваныя і пакуль што знаходзяцца ў следчых дзеяннях справы Завадскага, Ганчара, Красоўскага, Захаранкі, Чаркасавай, дагэтуль пад пытаннем тэракт у метро і расстрэл Канавалава і Кавалёва.
Карацей, можа адбыцца як з адвакатамі, якіх пазбавілі ліцэнзій за абарону палітычных зняволеных і ўдзел у палітычна матываваных справах. «Безліцэнзійныя» прафесійныя адвакаты разбегліся па праваабарончых цэнтрах, пачынаючы ад Цэнтра прававой трансфармацыі і заканчваючы незарэгістраваным цэнтрам «Вясна». Калі зараз гэты адвакацкі корпус будзе «ўзмоцнены» не менш прафесійнымі следчымі ў званні палкоўнікаў юстыцыі — гэта ж будзе проста гамон беларускім следчай і судовай сістэмам.
Што зможа гэтаму супрацьпаставіць міліцыя? Анічога, акрамя таго, што было вырашана адрадзіць практыку «афіцэрскіх сходаў». 24 кастрычніка беларуская міліцыя правяла першы афіцэрскі сход. «Мы маем намер адрадзіць традыцыю правя­дзення афіцэрскіх сходаў беларускай міліцыі», — заявіў міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч, дадаўшы, што гэты сход праводзіцца «ўпершыню за 100 гадоў».
У Шуневіча, здаецца, нейкае зацямненне было, калі ён казаў такія словы. Сто гадоў таму на тэрыторыі Беларусі не было ніякай міліцыі — выключна «царская ахоўка» і жандармерыя, сто разоў потым заклеймаваная   самімі міліцыянтамі. Не было ў 1912 годзе ані «жалезнага Фелікса», ані не менш жалезнага Фрунзе, які стаў першым кіраўніком беларускай міліцыі толькі 4 сакавіка 1917 года. Пра што, дарэчы, напісана на афіцыйным сайце МУС, які Шуневіч, пэўна, не чытаў.
Цікава таксама, якія традыцыі правядзення афіцэрскіх сходаў меў на ўвазе Шуневіч, калі казаў, што гэта першы сход за сто год? Няўжо былі нейкія патаемныя сходы? Цікава, што на іх адбывалася?
З пункту гледжання скарачэння апарату міліцыі, усе, хто ўдзельнічаў у гэтым сходзе, «дэлегаты ўсіх падраздзяленняў органаў унутраных спраў Беларусі, найбольш падрыхтаваныя, добрасумленныя і адказныя афіцэры», як казаў Шуневіч, павінны быць звольненыя за прагул. Варта прыглядзецца да гэтага кантынгенту, Аляксандр Рыгоравіч!
З такімі падначаленымі і з такімі захадамі не дзіва, што рэйтынг Лукашэнкі не павялічыўся, нягледзячы на парламенцкія выбары, «Дажынкі», «Зажынкі» і шматлікія інтэрв’ю розным журналістам. Паводле апытання Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Вільнюс, Літва), праведзенага ў верасні—кастрычніку, рэйтынг Лукашэнкі вырас з 29,7% да 31,6%. Прычым сацыёлагі адзначаюць, што гэта не рост: гэта ў межах памылкі выбаркі ў 3%. Сацыёлагі кажуць, што ён усяго толькі «стабілізаваўся».
І гэта бяда. Бо рэйтынг усіх астатніх навакольных прэзідэнтаў, за выключэннем толькі Януковіча ва Украіне, перавышае 50%. Так што варта высветліць, хто абваліў рэйтынг прэзідэнта, і пакараць каго-небудзь.