Сяргей Харэўскі: «Водна-зялёны дыяметр — гэта галоўная «вуліца» Мінска, яго сімвал!»
Прыродныя зоны горада захоўваюць яго гісторыю, фарміруюць характар і ствараюць камфортныя ўмовы для жыцця людзей у мегаполісе. Адным з такіх знакавых месцаў для Мінска з'яўляецца водна-зялёны дыяметр, які не толькі нясе ў сабе экалагічную складаючую сталіцы, але і мае культурнае значэнне.
Зялёны партал працягвае знаёміць сваіх чытачоў з меркаваннем на гэты конт экспертаў у галіне аховы навакольнага асяроддзя, урбаністаў, гісторыкаў і медыяперсон.
«Водна-зялёны дыяметр мае велізарнае і фундаментальнае значэнне. Ён стаў асновай горадабудаўнічай кампазіцыі ўсяго ансамблю сталіцы. Фактычна, менавіта ён — галоўная «вуліца» Мінска! Неразуменне гэтага будзе мець фатальныя наступствы, — распавядае беларускі мастак, літаратар, культуролаг, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі. — Дыяметр грае каласальную ролю ў экалогіі горада дзякуючы зялёным зонам, вольным ад транспарту, вадзе, што прымае ліўневыя сцёкі, і паветру, што цыркулюе тут наскрозь, ствараючы ўнікальны мінскі клімат. Ён мае вялізарную гісторыка-культурную каштоўнасць, бо пачаў стварацца яшчэ ў XVIII ст., калі ўтваралі заставы на вадзе, будавалі вадзяныя млыны і заснавалі Губернатраскі парк са штучнай сеткаю каналаў і ўнікальным дэндралагічным складам. Яшчэ да вайны было створанае Камсамольскае возера, гаспадарчыя адводы вады, а пасля вайны — водна-зялёны дыяметр, які стаў асновай гарадской планіроўкі. Асобна варта зазначыць пра яго вобраз у нашым мастацтве: сотні класічных твораў жывапісу, графікі і фатаграфіі звязаныя менавіта з гэтай артэрыяй. Яна ператварылася ў іх галоўны аб'ект, сімвал Мінска!»
Улічваючы значэнне водна-зялёнага дыяметру для горада і мінчан, па словах Сяргея, сталіца можа згубіць гэты непаўторны горадабудаўнічы элемент:
«Архітэктура розных стыляў Мінска не настолькі ўнікальная, бо ў іншых гарадах ёсць больш маштабныя і больш дасканалыя творы барока — у Рыме, класіцызму — у Санкт-Пецярбургу, сталінскага нэакласіцызму — у Кіеве, ня кажучы ўжо пра лапідарную найноўшую архітэктуру. А вось жа ландшафт Мінска, знітаваны з вадою, насамрэч унікальны! Мы страцім галоўную сваю каштоўнасьць — гісторыка-культурную і прыродную, што не канмпенсуецца ў прынцыпе і па вызначэнні нічым!»
Чалавецтва развіваецца, і ўжо магчыма адбудаваць матэрыяльныя аб'екты, вярнуць першапачатковы знешні выгляд помнікам або правесці складаную аперацыю на сэрцы чалавека, нават кланіраваць жывы арганізм, але людзі пакуль не навучыліся вяртаць прыродныя элементы ў знешняе асяроддзе.
«Вярнуць двухсотгадовы ландшафт у цэнтры такога мегаполіса з вадою, рэльефам, стогадовымі дрэвамі будзе нерэальна!» — пацвярджае Сяргей.
Вядома, што выйсце з гэтай сітуацыі ёсць. Эсперт схіляецца да таго, што ўвесь дыяметр ад Менскага замчышча да Чыжоўкі варта ўключыць ў Спіс помнікаў як комплексную гісторыка-культурную каштоўнасць першай катэгорыі, якая звязана з іншымі такімі каштоўнасцямі — гарадскімі архітэктурнымі ансамблямі. Пасля чаго трэба правесці тлумачальную працу з чыноўнікамі ўсіх узроўняў, маштабную PR-кампанію з прыцягненнем розных сацыяльных партнёраў з мэтаю асветы грамадства. Нельга забываць і пра патэнцыйных інвэстараў, якія неабходныя для разнастайных маштабных праектаў рэгенерацыі, развіцця і выкарыстання жамчужыны сталіцы!
«Тут могуць быць размешчаныя і новыя аб'екты, але сумаштабныя і адпаведныя асноўнай функцыі дыяметру — рэкрэацыя, адпачынак, ахова прыроды, асвета і забава! Для ўсіх тут знойдзецца месца. Для сур'ёзных бізнэс-партнёраў — таксама, але толькі тых, хто разумее ўнікальнасць гэтых мясцінаў, бачыць перспектыву на пакаленні наперад і ўяўляе дыяметр як ансамбль старых паркаў і арыгінальных садоў, з малымі архітэктурнымі формамі, помнікамі і скульптурамі, дзіцячымі і спартыўнымі пляцоўкамі, без аўтамабільнага транспарту, як месца для адпачынку, дробнага рознічнага гандлю і харчавання ў экалагічных умовах, выставачнай, экскурсійнай дзейнасці», — дадае Сяргей Харэўскі.
Яшчэ адной умовай, якую трэба абавязкова ўлічыць, будзе меркаванне жыхароў кварталаў і вуліц, што прылягаюць да водна-зялёнага дыяметру. Бо менавіта іх голас павінны быць рашаючым пры прыняцці рашэнняў па развіцці гэтай прыроднай тэрыторыі. Па меркаванню Сяргея, пры выкананні гэтых умоў мы зможам пазбегнуць фатальных памылак.
Як і любы мінчанін, Сяргей Харэўскі мае свае ўпадабаныя месцы ў горадзе, якія звязаныя менавіта з водна-зялёным дыяметрам:
«Гэта набярэжная Свіслачы на вуліцы Пуліхава, якую стварылі са старых садоў на маіх вачах, дзе ад станцыі «Усходняя» вадзілі да цырку зебраў і вярблюдаў, дзе засталіся стогадовыя ліпы і неверагодны від з гары. Гэта Купалаўскі парк — выбітны шэдэўр паркавага мастацтва і скульптуры, дзе скачуць вавёркі, а па начах шнуруюць кажаны, дзе так хораша слухаць шум фантана і спевы птушак. І гара, на якой стаіць старадаўні былы кляштар базыліянак, а цяпер — закінутыя карпусы 2-й савецкай бальніцы ў зацені старых дрэваў, адкуль адкрываецца самая тутэйшая, чыста мінская панарама. Месца таямнічае, яшчэ некранутае...»