Сталічная пенсіянерка атрымала жыроўку на 2,6 мільёны рублёў
Таццяна Быкава жыве на вуліцы Аэрафлоцкай ў Менску ў двухпавярховым доме з планіроўкай ўзору 1950-х. Высокія столі, старая мэбля, даўні рамонт. Але за жнівень яна атрымала самую вялікую жыроўку ў Менску – 2 635 000 рублёў.
«Метраж тут самы звычайны: 60 квадратных метраў. І прапісаныя, акрамя мяне, усяго тры чалавекі — дзве дачкі і ўнучка. Але са мной яны не жывуць. Уявіце маё здзіўленне, калі ў верасні
гэтага года я атрымала жыроўку за жнівень амаль на 3 мільёны рублёў! —
распавядае жанчына. — Спачатку падумала: памылка. Але потым
ўбачыла ў графах «Газ» і «Ацяпленне» новыя сумы: яны былі значна вышэй за ранейшыя. У першай стаяла 316 тысяч рублёў, у другой — 1 млн 986 000 рублёў. Усё іншае засталося без істотных змен. Мне, прабачце, ад гэтага
не лягчэй: бо пенсія — 1 300 000».
Перш за ўсё пенсіянерка засела за тэлефон і пачала тэлефанаваць у бухгалтэрыю свайго ЖЭУ-10. Там растлумачылі: з 1 ліпеня за газ трэба плаціць па сабекошце. Зразумела, толькі тым, у каго ў доме
не ўстаноўлены газавыя лічыльнікі. Таццяна Васільеўна, на жаль, трапіла менавіта ў гэтую катэгорыю.
«Дом стары. Таму ў кухні ў нас з моманту засялення стаяць газавая пліта, калонка і кацёл на прыродным газе. Калі не было б іх, не на чым было б гатаваць, няма чым было б абагрэць
батарэі і ваду ў ваннай. Яшчэ ў ліпені мы плацілі за газ і ацяпленне тысяч 150. І тут раптам такі ўзлёт! У ЖЭСе кажуць: жыхароў папярэджвалі загадзя. Не ведаю, каго і калі. Але на дзвярах ў нашым
пад'езде адпаведная абвестка з'явілася 2 тыдні таму назад, — шчыра здзіўляецца жанчына. — І на тым дзякуй. Адправіла дачку ў раённае падраздзяленне «Менгазу»
запісацца на ўстаноўку газавага лічыльніка. Аказалася, там чэргі. У выніку мантаж нам прызначылі аж на 27 лістапада. Дык што, атрымліваецца, мне гэтую рэкордную суму прыйдзецца плаціць яшчэ 3
месяцы?»
Гэтае пытанне журналісты адрасавалі галоўнаму інжынеру СЭВОГ УП «Менгаз» Андрэю Міхалюку.
«Выключэнні зараз робяцца толькі тым, у чыім доме па пастанове адміністрацыі раёна ўсталяваць лічыльнік тэхнічна немагчыма альбо эканамічна немэтазгодна. На 1 студзеня ў Менску і
раёне налічвалася 1080 дамоў і кватэр, у якіх устаноўлены індывідуальныя газавыя ацяпляльныя прыборы. Сёння мы можам сказаць, што па сабекошце аплачваюць газ жыхары толькі 260 з іх. Што гэта значыць?
Толькі тое, што большасць уласнікаў своечасова адрэагавалі на папераджальныя лісты, усталяваўшы сабе лічыльнікі. Астатнія, хто б што цяпер ні казаў, адкрыта праспалі, — канстатуе Андрэй Паўлавіч. — Магчыма, спажыўцы не чакалі, што розніца ў сумах атрымаецца настолькі значнай. Калі
раней з 1 метра квадратнага жылой плошчы за спажыты ў летні час газ спаганялі 766,5 рублі (у зімовы — 2044 рублі), то цяпер — 16760 рублёў. Гэта значыць тарыф вырас у 8 разоў! Так, чэргі ёсць: колькасць зваротаў
на ўстаноўку газавага лічыльніка вырасла ўтрая і дасягнула 6000 заявак. Натуральна, кагосьці з прычыны загрузкі адпраўляюць на кастрычнік, пачатак лістапада... Але, прабачце, пастанова Савета
Міністраў выйшла 23 студзеня гэтага году. Было, як мінімум, 5 месяцаў, каб развязаць пытанне. А ў нас, як заўсёды, усё ў апошні дзень».
Тым не менш, газавікі разумеюць, што ў ліку вышэйназваных 260 абанентаў шмат пенсіянераў. І калі заяўка на ўстаноўку лічыльніка была афіцыйна пададзеная нават 30 чэрвеня, то чалавеку выдадуць
адпаведную даведку для разлікова-даведачнага цэнтра. Тарыф па сабекошту ў гэтым выпадку прымяняцца не будзе.
«Не замоўчваю, у Мінэнерга паступаюць скаргі ад грамадзян, якія пасля 1 ліпеня павінны аплачваць газ па сабекошце. Яны занепакоеныя сумамі ў жыроўках і просяць не ўжываць да іх
новыя тарыфы да таго моманту, пакуль не будзе ўстаноўлены лічыльнік, — распавёў Андрэй Міхалюк. — Цяпер ідзе працэс назапашвання і аналіз падобных зваротаў. На дадзены момант мы
кіруемся нормамі 52-ой пастановы і зыходзім з таго, што закон адзіны для ўсіх. Але не выключаю, што гэта пытанне ў перспектыве можа паступіць на разгляд у органы дзяржкіравання».
Паводле respublica.by