Страляніна ў Расіі — добра запланаваныя аперацыі спецслужбаў?

Былы вайсковец са спецслужбаў і заснавальнік Цэнтра інфармавання грамадства Аўрымас Навіс распавёў журналістам літоўскага LNK, што ён перакананы: страляніна ў камісарыяце Іркуцкай вобласці і масавае забойства ў школе — гэта добра спланаваная аперацыя расійскіх спецслужбаў.

Плакат часоў Фінскай вайны

Плакат часоў Фінскай вайны

Эксперт адзначыў, што страляніна ў камісарыяце нагадвае прадукт фабрыкі троляў, піша delfi.lt. «Мне гэта нагадвае не вельмі ўдалы сцэнарый, матэрыял няўдалай рэжысуры. Аднак у Расіі так бывае, здараецца. Ёсць іншае пытанне — ці было гэта спантанна? Ці ўсё ж тое, што адбываецца, часткова або цалкам запланаванае спецслужбамі? Вельмі шмат пытанняў, а адказаў няма — навошта чалавеку ісці туды і страляць? Чаму прамова губернатара была падрыхтавана як па падручніку?» — задае пытанні Навіс.

Паводле эксперта, у самім відэа стралок, які стаіць на каленях, не нагадваў «чалавека, які зрабіў штосьці дрэннае». «Гэты чалавек не здаваўся разгубленым, ён спакойна прамаўляў словы, як гарохам аб сцяну, распавядаў весела, хто ён. Што я хачу сказаць: мы, хутчэй, бачым зрэжысіраваны цырк, больш для ўнутранага выкарыстання, не для замежжа. Так, напэўна, хочуць паказаць, што ў Расіі поўны хаос, што расійскія хлопцы, мужчыны бягуць ад мабілізацыі. Частка і сапраўды бяжыць, гэта так. Але не выключана, што ва ўсім гэтым тумане свядома хочуць схаваць іншыя працэсы, магчыма, вельмі небяспечныя», — сказаў Навіс.

Ён заклікаў не забываць, што ў Расіі мноства маладых людзей без ваганняў ідзе па прызыве. Абодва здарэнні Навіс звязаў з беспарадкамі ў гэтай сферы. Суразмоўца сказаў LNK: «Я гэта звязаў бы і са стралянінай у школе — на жаль, там загінулі дзеці. Гэта адбываецца менавіта там, дзе не так даўно назіраліся некаторыя беспарадкі з боку сваякоў, маці загінулых вайскоўцаў».


Нагадаем, у школе расійскага Іжэўска 26 верасня загінулі 17 чалавек (з іх 11 — дзеці), яшчэ 24 (з іх 22 — дзеці) былі параненыя. Са слоў паліцыі, гэта ўчыніў 34-гадовы былы вучань гэтай школы, які пасля пакончыў з сабой. Пра матывы яго дзеянняў нічога не паведамляецца. Згадвалася, што стралок быў у чорнай нацысцкай уніформе.

Эксперт адзначыў, што расійскія спецслужбы ажыццяўляюць ужо адпрацаваны сцэнарый: палохаюць сваіх, дамагаючыся падпарадкавання: «Я лічу, што гэтыя падзеі, а іх, верагодна, у будучыні будзе больш, звязаны менавіта з жаданнем выклікаць настрой і гатоўнасць ісці ва Украіну і там рабаваць, гвалтаваць, забіваць, паліць».

Навіс падкрэсліў, што Крамлю на руку людзі, якія бягуць ад частковай мабілізацыі. «Ідзе зіма, чым больш хаосу будзе ў нас на мяжы, тым больш шанцаў гэтую сітуацыю выкарыстоўваць для змешчаных тут агентаў. Я б ацэньваў сітуацыю як пагрозу сярэдняга ўзроўню і, напэўна, яна пагоршыцца. Паколькі заявы некаторых палітыкаў аб тым, што трэба пускаць усіх расіян, якія бягуць ад мабілізацыі, мне не здаюцца рацыянальнымі і лагічнымі», — сказаў Навіс.


Варта згадаць, што Літва не пускае расійскіх турыстаў праз наземную мяжу, аднак самалётам яны яшчэ могуць патрапіць у краіну.