Святлана Ціханоўская аб'явіла антываенную мабілізацыю беларусаў
Святлана Ціханоўская абвясціла антываенную мабілізацыю беларусаў у сувязі з расійскай агрэсіяй ва Украіне, якой дапамагаюць улады Лукашэнкі.
«Супрацьстаянне вайне ва Украіне і барацьба за дэмакратыю — гэта цяпер дзве мэты аднаго вялікага руху. Мабілізацыя ўжо ідзе поўным ходам. Але калі трэба, каб я, узяўшы на сябе адказнасць нацыянальнага лідара, сказала гэта афіцыйна, то я кажу. Я абвяшчаю антываенную мабілізацыю», — заявіла яна.
Па яе словах, у бліжэйшы тыдзень усе нашы дзеянні павінны прывесці да двух вынікаў:
- Беларусаў перастаюць успрымаць як агрэсараў.
- Беларускія вайскоўцы адмаўляюцца ўдзельнічаць у вайне ці адразу пераходзяць на бок украінцаў.
План складаецца з пяці пунктаў, сярод якіх распаўсюд праўды і змаганне з прапагандай; перашкоды адпраўцы сыноў, братоў і мужоў ваяваць супраць украінцаў; праяўляць непадпарадкаванне; узмацненне эканамічнага супраціву, і іншае.